Толькі вялікі паэт у старасьці, калі кнігі распрадаюць, будзе траціць сваю невялікую заначку на кнігі. На Пушкіна. На ажыцьцяўленьне дзіцячай мары.
Зіма. Іду па вуліцы Карла Маркса. Каля авіякасаў заўважаю наперадзе высокую постаць пажылога чалавека ў старамодным балоньневым плашчы ды інтэлігенцкім бэрэце такога ж сіняга колеру.
Хто бачыў Гілевіча, той пагодзіцца, што ягоную постаць — не каралеўскую, дык вялікакняжацкую — зблытаць ні з чыёй іншай немагчыма. Прывык чалавек трымаць сьпіну — куды там вашым балерынам!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маладафронтаўца затрымалі за чырвоныя рукі помніка Пушкіну. Хто такі Піліп ШаўроўАле цяпер зьявілася дзіўная сутуласьць. Ніл Сымонавіч нясе ў руках нейкія пакеты, і ты разумееш, што цяжар жахлівы. Кніжнікі ведаюць, што цяжэйшая за цагліну толькі кніга.
І ў Ніла ў руках — пакеты з кнігамі.
Абганяю.
— Прабачце, Ніл Сымонавіч, дазвольце паднесьці.
Ніл велічна, як і належыць чалавеку зь імем найстаражытнейшай гістарычнай ракі сьвету, акідвае мяне позіркам. Хто я, ён ведае. Узважвае: дазволіць ці не? Паўза зацягваецца.
Урэшце працягвае адзін пакет:
— Калі ласка...
Ідзём моўчкі зь ім да «Паліткнігі» — дома з мэмарыяльнай дошкай у памяць пра Караткевіча. Не даходзім да прыступак, што вядуць у кнігарню, толькі да аркі.
— Дзякуй, — кажа. — Прыйшлі.
Яшчэ раз акідвае мяне позіркам і ідзе ў арку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра Пушкіна і «русафоба» ГілевічаУ 2005 годзе сустракаемся зь ім на прыёме з нагоды Дня нямецкага адзінства, наладжанага амбасадай Нямеччыны. Мы размаўляем з Генадзем Бураўкіным, падыходзіць Ніл Сымонавіч. У яго добры настрой, келіх з шампанскім у руцэ, усьмешка (я прывык бачыць яго пераважна пахмурным):
— Аляксандар... Забыўся на вашае імя па бацьку...
— Язэпавіч...
— I добра. Памятаеце, быў такі выпадак...
— Як жа, памятаю, Ніл Сымонавiч...
Гілевіч дабрадушна пераказвае тую нашу кароткую сустрэчу Бураўкіну.
— А вы ведаеце, што там былі за кнігі? Пушкін! Поўны збор твораў! Сямнаццаць тамоў! А яны мяне — і кіўнуў кудысьці ўбок, як зубр, адмахваючыся ад надакучлівага шчанюка, што імкнецца ўхапіць за шыю — яны мяне русафобам клічуць! Які я ім русафоб! Яны проста ня рускія! Пушкiн — рускі! А яны — дурні! А дурань нацыянальнасьці ня мае!
І расказаў — проста там, з келіхам шампанскага, перагарадзіўшы выхад і Бураўкіну, і мне — пра тое, хто для яго ПУШКІН!
— Я зь дзяцінства марыў мець поўнага Пушкіна. I не было магчымасьці. То грошай не было, то кніг у кнігарні. А цяпер сябры падказалі з Масквы: ёсьць! Я грошай назьбіраў, каб Ніна Iванаўна ня ведала, паслаў у Маскву. I атрымаў поўнага Пушкіна. Але ж цяжкія тамы... Памятаеце?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Неўскага да Аляксія II. Якім чужым героям паставілі помнікі ў сучаснай БеларусіВось вам і русафоб!
Не русафоб. Паэт. Толькі вялікі паэт у старасьці, калі кнігі распрадаюць, будзе траціць сваю невялікую заначку на кнігі. На Пушкіна. На ажыцьцяўленьне дзіцячай мары. І хмурым сьнежаньскім днём будзе несьці гэты цяжкі груз сямнаццаці тамоў, дваццаці чатырох цаглін факсімільнага вялікага акадэмічнага Пушкіна дамоў, каб там перачытваць радкі чарнавікоў, недарасшыфраваныя дасьледчыкамі, атрымліваючы асалоду з таго, як геній шукаў дакладнае слова, а сам ён — стары Чытач-Паэт — сочыць за палётам ягонай думкі і вучыцца майстэрству ў гэтага генія, які назаўсёды застаўся для яго лёгкім і гарэзьлівым — хлапчуком Пушкіным.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.