Адзін зь сябраў камісіі па зьмене Канстытуцыі РФ, лідэр арганізацыі «Украінцы Расеі» Багдан Бязпалька прапанаваў уключыць у яе «права на ірэдэнту — ўзьяднаньне усяго Рускага міру». Пра гэта ён распавёў расейскаму прапагандысцкаму рэсурсу Украина.ру.
«Мне б вельмі хацелася, каб права на ірэдэнту — узьяднаньне усяго Рускага міру — было замацавана ня проста ў заканадаўстве, але і ў Канстытуцыі Расеі», — падзяліўся сваім бачаньнем зьменаў Канстытуцыі Расеі Багдан Бязпалька.
Ён лічыць, што гэта дало б права Расеі ўключаць у свой склад украінскія і беларускія рэгіёны.
«Тады б любы рэгіён ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі меў бы магчымасьць далучэньня да Расеі на падставе гэтага палажэньня Канстытуцыі, а ня толькі палажэньня аб праве нацый на самавызначэньне», — заявіў Бязпалька.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве пачалася сэрыя адзіночных пікетаў супраць зьмяненьня КанстытуцыіТаксама ён выказаў спадзяваньне, што ў расейскай канстытуцыі зьявяцца нормы, якія спросьцяць атрыманьне расейскага грамадзянства для ўкраінцаў і беларусаў.
Багдан Бязпалька зьяўляецца старшынём праўленьня Агульнарасейскай грамадзкай арганізацыі «Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Украінцы Расеі». Разам зь Бязпалькам у рабочую групу па падрыхтоўцы прапановаў аб унясеньні паправак у Канстытуцыю Расеі таксама ўключаны старшыня грамадзкай арганізацыі «Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расеі» Сяргей Кандыбовіч.