Канцэрн «Белнафтахім» абвясьціў аб трэцім у новым 2020 годзе павышэньні цэн на паліва на аўтазаправачных станцыях. 19 студзеня цэны традыцыйна павялічацца на 1 капейку.
Кошт бэнзіну АІ-92-К5-Эўра складзе 1,67 рубля за літар, АІ-95-К5-Эўра — 1,77 рубля, АІ-98-К5-Эўра — 1,99 рубля, дызэльнага паліва — 1,77 рубля.
Цэны зьмяняюцца «у адпаведнасьці з прынятай канцэрнам цэнавай палітыкай з улікам зьмены нафтавых каціровак і курсу нацыянальнай валюты ў студзені 2020 году», адзначае «Белнафтахім».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларускіх запраўках вырастуць цэны на паліваЗ прычыны росту кошту нафты для беларускіх НПЗ «Белнафтахім» у 2018-м і да восені 2019 году практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасьня рост прыпыніўся больш як на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — праз тыдзень пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў.
У 2020 годзе цэны на паліва павышалі 5 і 11 студзеня. У «Белнафтахіме» пры гэтым адзначалі, што за 2019 год цэны на паліва ў сярэднім былі павялічаныя на 13%, у той час як сусьветная каціроўка нафты вырасла на 17% і працягвае расьці ў 2020 годзе, дасягаючы часам 68 даляраў ЗША за барэль. Пры такім узроўні сусьветных цэн «толькі ў выніку нэгатыўнага ўплыву падатковага манэўру» у Расеі кошт нафты для беларускіх НПЗ у адносінах да папярэдняга году вырасьце больш як на 20 даляраў за тону (5% да ўзроўню цаны 2019 году), адзначалі ў канцэрне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цана нафты для беларускіх НПЗ за год вырасла на 34%, — «Белнафтахім»Цэны абяцалі павышаць паэтапна, каб «зьмякчыць уплыў зьмены цэн на нафтапрадукты на эканоміку ў цэлым і на кожнага спажыўца ў прыватнасьці».