Аятала і Трамп абмяняліся заявамі

Найвышэйшы кіраўнік Ірану аятала Алі Хамэнэі выступіў зь першаю за восем гадоў публічнаю казаньню ў Тэгеране. Прэзыдэнт ЗША Трамп заклікаў яго быць больш асьцярожным у выказваньнях.

У сваёй прамове аятала Алі Хамэнэі, у прыватнасьці, заявіў, што пасьля зьнішчэньня генэрала Касэма Сулеймані Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі павінен весьці вайну далёка за межамі Ірану. Гэты заклік быў сустрэты крыкамі «Сьмерць Амэрыцы», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Хамэйні таксама ўказаў, што ЗША дэманструюць сваю «тэрарыстычную прыроду», а Іран мае «падтрымку Алаха».

У адказ прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у твітэры, што Алі Хамэнэі павінен праяўляць асьцярожнасьць: «Так званы „найвышэйшы кіраўнік“ Ірана, які нядаўна быў не такім ужо найвышэйшым, сказаў некалькі непрыемных рэчаў аб Злучаных Штатах і Эўропе. Іхная эканоміка развальваецца, а іхны народ пакутуе. Ён павінен быць вельмі асьцярожны з сваімі словамі!», — піша Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры дзесяцігодзьдзі «Аль-Кудс». Гісторыя іранскіх спэцпадразьдзяленьняў і тэрору