Радыё Рацыя паведаміла са спасылкай на праваабаронца Паўла Левінава, што відэаблогер Дзьмітрый Казлоў, вядомы пад нікам Шэры Кот, ужо чатыры разы асуджаны на пятнаццаць сутак за ўдзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй і за заклікі ў сацыяльных сетках да ўдзелу ў пратэстах.
Раней было вядома пра тры такія прысуды.
Казлоў перастаў выходзіць на сувязь 26 сьнежня 2019 году. Паплечнікі па «Эўрапейскай Беларусі» кажуць, што пяць дзён спрабавалі даведацца ў праваахоўнікаў, ці не затрымлівалі Казлова. Яго павінны былі судзіць 30 сьнежня ў судзе Ленінскага раёну Менску, і толькі ў той дзень высьветлілася, што блогера затрымалі 25-га і пасадзілі на 15 сутак у ізалятар у Воршы. Ён меў выйсьці на волю 9 студзеня, але высьветлілася, што яго судзілі яшчэ раз, пакуль ён адбываў пакараньне.
Як пазьней напісала ягоная знаёмая Паліна Сьцепаненка, 13 студзеня Казлова судзілі, пакуль ён быў за кратамі ў Воршы. Ніхто зь ягоных знаёмых ці прадстаўнікоў аб працэсе ня ведаў.
Паводле паўла Левінава, яшчэ адзін суд быў 10 студзеня, і на ім Казлова таксама асудзілі на 15 сутак.
Ці будуць перапынкі паміж арыштамі? Павал Левінаў кажа: «У адпаведнасьці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньях, чалавека нельга ўтрымліваць за кратамі больш як 25 сутак запар. Але 15 сутак у цябе сканчваюцца, ты па дакумэнтах вызваляесься, і цябе нават могуць выпусьціць за браму. А праз хвіліну затрымаць, і зноўку — у ІЧУ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 45 сутак арышту і 2625 рублёў штрафу. Але Павал Севярынец «здавацца» не зьбіраеццаЛевінаў паведаміў, што яму вядома пра яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на Дзьмітрыя Казлова — ад 2 студзеня і ад 5 студзеня. У іх відэаблогера вінавацяць за заклікі ў сацыяльных сетках на менскія акцыі 20 і 21 сьнежня. У судзе гэтыя справы пакуль не разьбіралі. Чакае Шэрага Ката і судовы разбор у Менску — за ўдзел у акцыі пратэсту 8 сьнежня.
«Сам ён сказаў: „Чакайце на майскія“, — расказвала Паліна Сьцепаненка Свабодзе. — Абскарджваць, нічога ня будзе: прызнае і ўдзел у акцыях, і распаўсюд інфармацыі ў сацыяльных сетках».
Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй прысудзілі ня менш за 66,5 тысячы рублёў штрафаў, некаторых актывістаў садзілі пад арышт нават на Новы год. Паўла Севярынца, які заклікаў на менскія акцыі, пакаралі 45 суткамі арышту і штрафам у 2625 рублёў. Пасьля «навагодняга» арышту яго выпусьцілі, але могуць забраць за краты ў любы момант.