Беларускі саюз дызайнэраў расказаў на Facebook пра рэкамэндацыі Камітэту дзяржаўнага кантролю, празь якія творчыя майстэрні пачалі лічыць за вытворчыя цэхі і патрабаваць адпаведнай аплаты. За арэнду майстэрні Максіма Карася Саюзу выставілі пералічаны рахунак за ўсе ранейшыя гады на 98 578 рублёў.
У чым заключаліся рэкамэндацыі, Саюз дызайнэраў ня ведае. Але іх эфэкт апісваецца так:
«Чырвонай анучай для правяраючых зьяўляюцца швейныя машынкі ў майстэрнях усіх фэшн-дызайнэраў. А калі іх дзьве ці тры, то гэта напэўна падпольны цэх».
Жыльлёвыя аб’яднаньні, гаворыцца далей, рыхтуюць пералікі за арэнду памяшканьняў у аднабаковым парадку і насуперак заключаным дамовам арэнды. Праверкі праводзіліся адносна ўсіх творчых саюзаў. Сярод іншага, Уладзімеру Цэсьлеру выставілі за майстэрню поўны рахунак, бо «знайшлі там канапу», сьцьвярджаецца ў фэйсбуку Саюзу дызайнэраў. Калі сытуацыя ня зьменіцца, пішуць дызайнэры, «гэта прывядзе да фінансавага краху і закрыцьця нашага рэспубліканскага творчага саюзу».
Праблему саюз бачыць у тым, што ў беларускім заканадаўстве няма азначэньня «творчай майстэрні», адпаведных нормаў няма ні ў грамадзянскім, ні ў падатковым заканадаўстве.
Старшыня Саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі апублікаваў тлумачальную нататку Камітэту дзяржкантролю, у якой апісвае працу дызайнэраў і тлумачыць патрэбу ў ільготных тарыфах на памяшканьні.