Асобы дзесяцігодзьдзя, якія рабілі Беларусь лепшай

Другое дзесяцігодзьдзе XXI стагодзьдзя не прынесла Беларусі палітычных пераменаў, хоць якасна зьмяніла грамадзтва. Зьявіліся дзясяткі новых ініцыятываў і лідэраў, якія мянялі Беларусь да лепшага. Адзначым некалькі тэндэнцыяў, якія зрабілі гэтыя 10 год асаблівымі, і некаторых людзей, якія за гэтым стаялі.

1. Грамадзянская супольнасьць выходзіць з падпольля

Разгон «Плошчы» 2010 году пакінуў пасьля сябе выпаленае поле. У 2011-м выселілі Сядзібу БНФ. Акрамя галерэі «Ў», у Менску практычна не было незалежных пляцовак. За дзесяць гадоў у Менску зьявіліся «Арт Сядзіба» (якая пяць разоў мяняла офіс), «Корпус», «ЦЭХ», «ОК16», «Space», «Балкі», «Прэс-Клюб», «Верх», «Ме100»...

Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» у прасторы OK16

Партыі і грамадзкія арганізацыі «выйшлі з падпольля» ды праводзілі свае зьезды ў канфэрэнц-залях, гатэлях, палацах. Свае дзьверы публічным імпрэзам адчынілі кавярні («Грай»), незалежныя пляцоўкі ў Берасьці («Крылы Халопа», «Дзедзіч»), Горадні («Цэнтар гарадзкога жыцьця»), Віцебску («Торвальд»).

Беларускі свабодны тэатар, раней падпольны, выступіў на менскім фэсьце «Тэарт-2019». Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі і музыкі з ранейшых «чорных сьпісаў» раз за разам зьбіраюць Prime Hall і езьдзяць з турамі па Беларусі.

Канцэрт Лявона Вольскага ў Prime Hall, 3 сакавіка 2019

Асобы:

  • Віктар Бабарыка — старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку», вяртаў у Беларусь карціны ўсясьветна вядомых беларускіх мастакоў, запусьціў культурны хаб «ОК16», дапамог перакласьці Алексіевіч на беларускую мову.
  • Павал Белавус — адзін з заснавальнікаў «Арт Сядзібы», пасьля запусьціў краму Symbal.by, арганізоўваў Дні вышыванкі і ствараў незалежную прастору ў Менску.
  • Віталь Броўка — адкрыў у цэнтры Віцебску арт-паб «Торвальд», які стаў месцам грамадзкіх і культурных сустрэчаў ды канцэртаў.
  • Ганна Вольская (1975-2016) — прадусарка Лявона Вольскага, падарыла беларусам «бязьвізавыя» канцэрты ў Вільні.
  • Павал Мажэйка — стварыў у Горадні «Цэнтар гарадзкога жыцьця», дзе за некалькі год адбыліся сотні беларускіх імпрэзаў.
  • Уладзімер Плавінскі, Віталь Супрановіч​ — арганізоўвалі канцэрты музыкаў з «чорных сьпісаў».
  • Юлія Слуцкая — заснавала Press Club Belarus, які стаў галоўнай прасторай для мэдыйна-журналісцкіх праектаў і сустрэч.
  • Ганна Чыстасердава — арт-дырэктар і мэнэджэр галерэі «Ў». Найперш дзякуючы ёй галерэя служыла галоўным цэнтрам незалежнага сучаснага мастацтва ў Менску.

2. Беларуская мова бярэ рэванш

Перапіс 2009 году агаліў драматычны стан беларускай мовы. Роднай яе назвалі 53%, што на 20% менш за вынікі 1999 году. Падзеі на Майдане і ў Крыме 2013–2014 гадоў вярнулі беларускую мову на парадак дня.

Сацыяльная рэклама ў Берасьце

У Менску зьяўляюцца курсы «Мова ці кава», «Мова нанова», «Мова-Веда». Франшызы «Мова Нанова» адкрываюцца ва ўсіх абласьцях і дзясятках раённых цэнтраў, выходзіць аднайменная перадача на тэлеканале «Белсат».

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны арганізуе кампаніі «Размаўляй са мной па-беларуску», «Мова Пантова». Кампанія «Будзьма беларусамі» запускае фэстываль беларускамоўнай рэклямы «Аднак!» і россып іншых ініцыятыў, што папулярызуюць беларускае.

Выступ гурту Naviband на Эўравізіі-2016 абуджае цікавасьць да беларускай мовы ня толькі ў беларусаў, але і ў замежнікаў.

Naviband выступіў на Эўрабачаньні-2017 у Кіеве зь беларускамоўнай песьняй

Зьяўляюцца моўныя квэсты і рэаліці-шоў на Youtube.

Чыноўнікі часьцей спрабуюць гаварыць па-беларуску, гамяльчук Ігар Случак распачынае «моўны кантроль». Белтэлерадыёкампанія запускае дзяржаўны беларускамоўны тэлеканал «Беларусь 3». У гарадах Беларусі зьяўляюцца шыльды зь беларускамоўнай трансьлітарацыяй геаграфічных назваў.

Перад перапісам 2019 году грамадзкія арганізацыі праводзяць нацыянальную кампанію «Я беларускамоўны». У беларускамоўныя гімназіі ў Менску стаяць чэргі ахвочых запісацца.

Асобы:

  • Вінцук Вячорка — стварыў жанр моўных карацелек у сацыяльных сетках, запусьціў моўныя падкаст і праграму на Радыё Свабода.
  • Ксенія Жук, Арцём Лук’яненка — гурт Naviband, які прадстаўляў Беларусь на Эўравізіі-2016.
  • Валярына Кустава — суарганізавала папулярныя курсы «Мова ці Кава» ў Менску і папулярызавала беларускае ў сеціве.
  • Глеб Лабадзенка — запусьціў курсы «Мова нанова» і аднайменную перадачу на «Белсаце», ініцыяваў помнік Касьцюшку ў Марачоўшчыне.
  • Валянціна Лемцюгова (1935-2018) — дабілася прыняцьця Закону аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваеньня назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, запісу іх лацінкаю і перадаваньня на іншых мовах.
  • Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская — стварылі кампанію «Будзьма беларусамі», што стаяла за многімі культурніцкімі ініцыятывамі.
  • Ігар Случак і Аліна Нагорная — вярталі беларускую мову ў справаводзтва праз грамадзкую кампанію «Ўмовы для мовы».
  • Аляксей Шэін — стварыў моўныя курсы «Мова-Веда» і выдаў некалькі дзіцячых бэстсэлераў па-беларуску.

3. IT-сфэра становіцца дзяржавай у дзяржаве

Беларуска-амэрыканская кампанія EPAM выходзіць на Нью-Ёрскую фондавую біржу. Японскі тэхналягічны лідэр Rakuten купляе ізраільска-беларускі мэсэнджэр Viber. Прыдуманая беларусамі онлайн-гульня World of Tanks становіцца адной з самых папулярных у сьвеце.

Беларусы прадаюць стартапы ўсясьветным ІТ-гігантам: MapsMe — Mail.Ru, MSQRD — «Фэйсбуку», AIMATTER — Google. Распрацаваны ў Менску мабільны сэрвіс Flo стаў штодзённым памочнікам для дзясяткаў мільёнаў жанчын ва ўсім сьвеце.

Сотні беларусаў слухаюць у «Менск-Арэне» ІТ-зорак, 20 красавіка 2018

Парк высокіх тэхналёгій стварыў рэжым выключных падатковых прэфэрэнцый для тэхналягічных кампаній-рэзыдэнтаў. Беларусь адной зь першых у сьвеце ўрэгулявала і легалізавала крыптавалюты. Беларусь становіцца адным з рэгіянальных лідэраў ІТ-паслуг. Доля ІТ у ВУП Беларусі ўжо перавысіла 5%.

Маланкавы рост IT-сфэры спыняе адток «тэхнічных мазгоў» на Захад, спрыяе росту заробкаў дзясяткаў тысяч чалавек, зьяўленьню новых працоўных месцаў, падвышэньню ўзроўню жыцьця (пакуль, праўда, збольшага ў Менску).

Парк высокіх тэхналёгій у Менску

Дзякуючы разьвіцьцю IT-сэктару фармуецца новая сярэдняя кляса, незалежная ад дзяржавы. Яны падтрымліваюць незалежныя мэдыя, ахвяруюць грошы на БНР-100, пачынаюць супрацоўнічаць з грамадзкімі арганізацыямі. Галоўны лябіст ІТ-дэкрэту Віктар Пракапеня (які правёў 8 месяцаў за кратамі і пасьля прасіў СМІ выдаліць інфармацыю пра гэта) падтрымлівае незалежныя ініцыятывы і абаронцаў Курапатаў.

Асобы:

  • Сяргей Ганчар і Яўген Неўгень — стваральнікі першага беларускага стартапу (MSQRD), які купіў ІТ-гігант (Facebook)
  • Юры Гурскі — IT-прадпрымальнік, удзельнічаў у праектах Viaden, MAPS.ME, MSQRD, Flo.
  • Аркадзь Добкін — заснавальнік першай беларуска-амэрыканскай ІТ-кампаніі EPAM Systems, якая выйшла на Нью-Ёрскую біржу.
  • Аліна Долгіх, Яна Лашкевіч — сузаснавальніцы пляцоўкі Space, стваралі культуру абмену ведамі ў ІТ-сфэры.
  • Юры Зісер — заснавальнік парталу Tut.by, адзін з самых уплывовых інтэрнэтчыкаў Беларусі.
  • Арцём Канцавы — заснавальнік парталу dev.by, які стаў рухавіком рынку ІТ у Беларусі.
  • Віктар Кіслы —​ заснавальнік і генэральны дырэктар холдынгу Wargaming.net.
  • Алёна Мельчанка, Леанід Лозьнер — папулярызатары ІТ-адукацыі сярод дзяцей і школьнікаў.
  • Тацяна Марыніч, сузаснавальніца стартап-хабу Imaguru і кампаніі bel.biz, ідэоляг разьвіцьця беларускай стартап-супольнасьці.
  • Юры Мельнічак — IT-прадпрымальнік, інвэстар, заснаваў стартапы MAPS.ME, AIMATTER і Fabby.
  • Віктар Пракапеня — прадпрымальнік, інвэстар, ініцыятар дэкрэту № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі».
  • Валеры Цапкала — ініцыятар стварэньня і першы кіраўнік ПВТ (2005-2017), дамогся шырокіх прэфэрэнцый для ІТ-кампаній і росту ўплыву ІТ-сэктару.

4. «Нізавыя» ініцыятывы ладзяць пратэсты і арганізаваны супраціў уладам

Да 2010 году вулічныя пратэсты былі манаполіяй палітычных структураў. Улетку 2011-га, у адказ на фінансавы крызіс і дэвальвацыю рубля, па ўсёй Беларусі адбываецца сэрыя акцыяў «Стоп-бэнзін» і акцыі «маўклівага пратэсту», разам зь імі зьяўляюцца новыя асобы на палітычным полі.

У 2017-м распачынаюцца пратэсты «дармаедаў» — спачатку ў Менску, а потым і па ўсёй Беларусі. Многія зь іх ладзяць мясцовыя лідэры і блогеры.

Учорашнія студэнты з «Моладзевага блёку» страсянулі прадказальную і малацікавую выбарчую кампанію 2019 году ў Палату прадстаўнікоў.

Таксама згадаем бестэрміновую вахту актывістаў супраць рэстарацыі каля Курапатаў, шматмесячнае супрацьстаяньне мясцовых жыхароў у Берасьці і пад Сьветлагорскам супраць будаўніцтва экалягічна сумнеўных прадпрыемстваў.

Зьміцер Дашкевіч з актывістамі ставяць драўляныя крыжы вакол Курапат, 20 ліпеня 2018

У 2015-м у Горадні паўстае рух «Маці 328», які пасьпяхова змагаецца за правы моладзі, зьняволенай па антынаркатычным артыкуле. Яны ўжо дамагліся зьмякчэньня заканадаўства і скасаваньня дыскрымінацыйных умоў для асуджаных за наркотыкі ў калёніях.

Напрыканцы дзесяцігодзьдзя ў сеціве стартавала кампанія супраць хатняга гвалту над жанчынамі «Маршыруй, дзетка», якая запомнілася эпатажнымі вулічнымі пэрформансамі, пікетамі і лабіяваньнем новага закону.

Беларуская ініцыятыва «Маршыруй, дзетка» правяла акцыю супраць хатняга гвалту над жанчынамі ў Дзень правоў чалавека, 10 сьнежня 2019

Краўдфандынг дапамог прафінансаваць тысячы сацыяльных, культурніцкіх і нават палітычных ініцыятыў і акцый. Адным з найбольш пасьпяховых праектаў дзесяцігодзьдзя становіцца незалежны сацыяльны інтэрнэт-часопіс «Имена», які зь цягам часу стаў самастойнай онлайн-плятформай для збору сродкаў усім, каму патрэбная дапамога ў Беларусі.

Асобы:

  • Сьвятлана Гатальская — адна зь лідэрак руху «Маршыруй, дзетка».
  • Зьміцер Дашкевіч — былы лідэр «Маладога фронту», стаў адным з галоўных абаронцаў Курапатаў.
  • Ларыса Жыгар і Тацяна Канеўская — актывісткі руху «Маці 328», сталі сымбалямі мацярынскага змаганьня за справядлівасьць для сваіх дзяцей.
  • Алена Масьлюкова — лідэрка ініцыятывы супраць запуску заводу беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску.
  • Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін — блогеры, аўтары праекту «Народны рэпартэр».
  • Яўген Клішэвіч — заснавальнік краўдфандынгавай плятформы Talaka.
  • Павал Севярынец — арганізатар варты супраць рэстарацыі ў Курапатах і пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй.
  • Кацярына Сінюк — журналістка, заснавальніца праекту «Имена».
  • Максім Філіповіч — гомельскі блогер, які здабыў папулярнасьць падчас «дармаедзкіх» пратэстаў.
  • Анатоль Шумчанка — нязьменны старшыня аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва».

5. У беларускай культуры адкрываецца новае дыханьне

У 2011 годзе зьяўляецца прэмія Гедройця — галоўная літаратурная ўзнагарода Беларусі. У 2015-м Сьвятлана Алексіевіч атрымлівае Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, паводле ейнай кнігі амэрыканцы здымаюць нашумелы сэрыял «Чарнобыль».

Сьвятлана Алексіевіч на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Стакгольме, 10 сьнежня 2015

Віктар Марціновіч і Альгерд Бахарэвіч зьбіраюць даўжэзныя чэргі чытачоў на аўтограф-сэсіях, іх перакладаюць на мовы сьвету, здымаюць паводле іхніх кніг фільмы і ставяць спэктаклі. Былы дворнік тэатру імя Янкі Купалы Андрусь Горват апісвае ў фэйсбуку свой досьвед пераезду ў палескую вёску. Кніга «Радзіва Прудок» становіцца адным з галоўных беларускіх бэстсэлераў і асновай для спэктакля Купалаўскага тэатру.

Больш за 100 чалавек стаялі ў чарзе на аўтограф-сэсію падчас прэзэнтацыі новага раману Віктара Марціновіча «Ноч» у менскай «Акадэмкнізе», 12 кастрычніка 2018

За дзесяцігодзьдзе зьяўляецца цэлы шэраг мастацкіх фільмаў, натхнёных беларускай рэчаіснасьцю: «Вышэй за неба», «Жыве Беларусь», «ГараШ». Беларускія кінадакумэнталісты здабываюць усясьветнае прызнаньне. Воля Чайкоўская запускае канкурэнта дзяржаўнаму кінафэсту «Лістапад» — «Паўночнае зьзяньне».

Беларускі свабодны тэатар гастралюе па сьвеце і атрымлівае шматлікія ўзнагароды, але шляхі яго заснавальнікаў разыходзяцца.

«Кароль Лір» Беларускага свабоднага тэатру на сцэне лёнданскага Shakespeare’s Globe

Лявон Вольскі сыходзіць з N.R.M. і працягвае радаваць прыхільнікаў у сольных праектах «Крамбамбуля» і «Volski». Сяргей Міхалок распускае пратэставы «Ляпіс Трубяцкі» і зьяжджае зь Беларусі пасьля імавернага абвінавачваньня за «абразу прэзідэнта». Але неўзабаве вяртаецца з новымі праектамі — панк-рокавым Brutto, настальгічным «Ляпис-98» і электронным Drezden.

Нараджэнец Лунінца Макс Корж першым зь беларускіх выканаўцаў зьбірае 15-тысячную «Менск-Арэну» (2013 год). Сьледам за ім Расею скарае яшчэ адзін рэпэр — віцяблянін Алег Саўчанка («ЛСП»). Набывае папулярнасьць новае пакаленьне разнажанравых музычных праектаў: Akute, «Петля пристрастия», Nizkiz, Naviband, Dzieciuki, Shuma, Molchat Doma ды іншыя.

Асобы:

  • Сьвятлана Алексіевіч — атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры (2015).
  • Міхал Анемпадыстаў (1964–2018) — аўтар рок-гімнаў, культавых постэраў, кнігі «Колер Беларусі».
  • Альгерд Бахарэвіч — адзін з самых чытаных і перакладаных пісьменьнікаў Беларусі.
  • Зьміцер Безкаравайны, Сяргей Будкін —​ прасоўвалі беларускую музыку дзе толькі магчыма
  • Лявон Вольскі — культавы рок-музыка, граў у гуртах N.R.M, «Крамбамбуля» і Volski.
  • Андрэй Горват — дворнік Купалаўскага тэатру, які стаў адным з самых чытаных пісьменьнікаў Беларусі.
  • Андрэй Курэйчык ​— зьняў фільмы «Вышэй за неба», «ГараШ», быў сцэнарыстам шэрагу расейскіх блёкбастэраў.
  • Андрэй Куціла — рэжысэр-дакумэнталіст, зьняў фільмы «Даволі! Да Волі...», «Каханьне па-беларуску», «Госьці», «Сума».
  • Натальля Каляда, Мікалай Халезін, Уладзімер Шчэрбань — заснавальнікі Свабоднага тэатру.
  • Віктар Марціновіч — адзін з самых чытаных і перакладаных пісьменьнікаў Беларусі.
  • Сяргей Міхалок — стварыў гурты Brutto, «Ляпис-98», Drezden, быў вымушаны на пэўны час зьехаць зь Беларусі ў сувязі з «абразай прэзідэнта».
  • Воля Чайкоўская — кінапрадусарка, якая стварыла фэстываль «Паўночнае зьзяньне».

6. Пакаленьне Youtube набірае агульнанацыянальны ўплыў

Больш за 70% беларусаў атрымліваюць доступ да хуткаснага інтэрнэту, кожны мае мабільны тэлефон. Інтэрнэт як крыніца навінаў абганяе друкаваныя мэдыі і радыё. Улады марна спрабуюць абмежаваць свабоду інтэрнэту, прымаючы абноўлены закон аб СМІ.

Сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР ля Опэрнага тэатру ў Менску, 25 сакавіка 2018

Героі сацыяльных сетак становяцца лідэрамі думкі, трапляюць за краты, арганізоўваюць пратэсты. Блогеры ладзяць пасьпяховае сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР у Менску.

Эдуард Пальчыс пад псэўданімам Джон Сільвер стварае палітычна-аналітычны сайт «1863», трапляе ў расейскую вязьніцу і выходзіць з падпольля як адзін з самых актыўных палітычных блогераў Беларусі.

Фігура блогера Nexta перад сустрэчай кандыдатаў у дэпутаты, Менск, 8 лістапада 2019

Сьцяпан Сьвятлоў, ён жа Nexta, становіцца ці ня самым уплывовым чалавекам байнэту — кожнае яго відэа на Youtube ці пост у Telegram бачаць ад 200 да 300 тысяч чалавек.

Асобы:

  • Nexta (Сьцяпан Сьвятлоў) — запусьціў папулярны палітычны канал на Youtube і самы папулярны Telegram-канал Беларусі.
  • Антон Матолька — фатограф, які стаў адным з самых пазнавальных беларускіх актывістаў. Запусьціў праект «МотолькоПомоги», сэрвіс для краўдфандынгу MolaMola і шмат іншых ініцыятыў.
  • Марат Мінскі — стварыў адзін з самых папулярных палітычных відэаканалаў на Youtube з 140 тысячамі падпісчыкаў.
  • Эдуард Пальчыс — стварыў сайт «1863», арганізоўваў «БНР-100», вядзе папулярныя каналы ў сацсетках.