Прапанаваў Лукашэнка. Новаму генэральнаму сакратару Нацыянальнага алімпійскага камітэту — 30 год

Паліна Галавіна

Паліна Галавіна замяніла Георгія Катуліна на пасадзе генэральнага сакратара Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт НАК Беларусі.

65-гадовы Катулін займаў пасаду генсакратара з 2005 па 2015 і з 2017 па 2019 гады.

Кандыдатуру 30-гадовай Галавіной прапанаваў прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка.

Асноўнымі функцыямі генэральнага сакратара ёсьць забесьпячэньне міжнароднай дзейнасьці НАКу, узаемадзеяньне зь Міжнародным алімпійскім камітэтам, Эўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі, міжнароднымі спартовымі фэдэрацыямі.

Паліна Галавіна скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці міжкультурныя камунікацыі (2012). Працавала прэс-сакратаром і генэральным сакратаром (з 2016 году) Беларускай фэдэрацыі паруснага спорту. Удзельнічала ў праграме МАК для маладых журналістаў (2016).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асноўны этап Эўра-2020 беларускія гандбалісты пачалі з паразы