14 студзеня Сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ) аднагалосна прыняў рашэньне аб наданьні ступені Ганаровага доктара выбітнаму дзеячу беларускай эміграцыі Вітаўту Кіпелю «за самаадданасьць справе беларускай асьветы і культуры замежжа».
Д-р Вітаўт Кіпель — выпускнік беларускай гімназіі імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, доктар мінэралёгіі Лювэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту, доўгачасовы выканаўчы дырэктар Дасьледнага цэнтру навукі і тэхналёгіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі.
З 1982 году д-р Кіпель займае пасаду старшыні адной з найбольш уплывовых беларускіх навуковых ўстановаў замежжа — Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
На працягу 1960–1980-х гадоў стала супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй «Радыё Свабода».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зора і Вітаўт». Адкрыцьцё выставы пра тытанаў беларускай дыяспары наведалі два былыя міністры замежных справаўСярод найбольш грунтоўных акадэмічных унёскаў д-ра Кіпеля — праца «Беларусы ў ЗША», выдадзеная па-беларуску ў 1993 годзе і па-ангельску ў 1999 годзе. 600-странічная праца дагэтуль застаецца каштоўнай крыніцай ведаў аб гісторыі беларускай справы ў ЗША.
З моманту заснаваньня ЭГУ у 1992 годзе ступень Ганаровага доктара была нададзена такім выбітным дзеячам культуры, палітыкі і мастацтваў, як айцец Аляксандр Надсан, Алесь Разанаў, Кшыштаф Занусі, праф. Сяргей Аверынцаў, д-р Джонатан Фэнтан, д-р Ганс-Герт Пётэрынг, праф. Альгірдас Бразаўскас і іншыя.