Украінскі «Нафтогаз» пацьвердзіў гатоўнасьць купляць нафтапрадукты ў Беларусі

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, архіўнае фота.

Апэрацыі па набыцьці ўкраінскай кампаніяй «Нафтогаз Ойл Трейдынг» нафтапрадуктаў у «БНК-Украіна» — даччынага прадпрыемства «Беларускай нафтавай кампаніі» — ухваленыя назіральнай радай групы «Нафтогаз» і цалкам адпавядаюць патрабаваньням ўкраінскага заканадаўства. Пра гэта заявіла у сераду кампанія «Укртранснафта» ў прэс-рэлізе, які цытуе агенцтва «Інтэрфакс».

У прэс-рэлізе кампанія падкрэсьліла, што лічыць маніпуляцыйнай зробленую напярэдадні заяву кампаніі «Укртатнафта», якая належыць украінскаму алігарху Ігару Каламойскаму.

«Укртатнафта» зьвярнулася зь лістом да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з патрабаваньнем абмежаваць імпарт нафтапрадуктаў з крыніц, зьвязаных з расейскімі кампаніямі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ўкраінскага ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нафтапрадукты зь Беларусі таксычныя». Кампанія Каламойскага просіць Зяленскага абмежаваць імпарт беларускага паліва

«Мазырскі НПЗ, акцыянэрамі якога зьяўляюцца расейскія нафтавыя кампаніі "Роснефть" і "Газпромнефть", на 100% залежыць ад паставак расейскай нафты. "Роснефть" і "Газпромнефть" знаходзяцца пад санкцыямі, згодна з рашэньнем Рады нацбясьпекі Ўкраіны ад 2 траўня 2018 году. "Укртатнафта" мяркуе, што згаданыя гандлёвыя апэрацыі, калі і не парушаюць наўпрост закон, то як мінімум зьяўляюцца "таксычнымі", бо ініцыянаваныя з прадпрыемствам, што мае акцыянэрамі кампаніі, якія спрыялі анэксіі часткі тэрыторыі Ўкраіны», — заявілі ў кампаніі Ігара Каламойскага.

У красавіку 2018 году гэтая кампанія патрабавала ад Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны абмежаваць прысутнасьць беларускіх нафтапрадуктаў.