Пінскіх запалак больш нельга будзе набыць у крамах, бо запалкавая фабрыка «Пінскдрэву» закрылася з новага году. Як выглядалі ўжо гістарычныя запалкі зь Пінску, паказаў пісьменьнік і калекцыянэр Сяргей Чыгрын.
У калекцыі звыш 5 тысяч пушак
Сяргей Чыгрын жыве ў Слоніме, а запалкі мае са ста краінаў сьвету. Калекцыянуе іх з 5-й клясы. Ягоную дзіцячую калекцыю маці спаліла ў печы, калі хлопец пайшоў у войска. Актыўна зьбіраць запалкі наноў ён стаў у апошнія 5 гадоў. Цяпер ягоная калекцыя налічвае больш за 5 тысяч пушак.
На тэрыторыі Беларусі агулам у розныя часы дзейнічала каля сотні запалкавых фабрык. Цяпер засталася толькі адна буйная — у Барысаве. У Пінску запалкі рабілі 127 гадоў, з 1892 году.
На пытаньне, якія запалкі лепей гараць, барысаўскія ці пінскія, калекцыянэр адказвае, што розьніцы няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слонімскі пісьменьнік сабраў вялізную калекцыю запалак і хоча стварыць музэй філюмэнііУ зборы Чыгрына каля паўтары сотні пачак пінскіх запалак. Да іх мы прыгледзеліся больш пільна.
Падчас вайны працавала толькі адна запалкавая фабрыка — у Пінску
Зусім старых няма. Пушка канца XIX стагодзьдзя на аўкцыёнах можа каштаваць 1000 даляраў.
Самая раньняя пушка датуецца 1940-м годам. На ёй рэкляма барацьбы з каларадзкім жуком. Надпіс на ўкраінскай мове, бо запалкі рабілі для Ўкраіны.
Каларадзкі жук сустракаецца і на іншых этыкетках, ужо на расейскай мове.
Яшчэ адна пушка 1940 году падпісана на дзьвюх мовах. «Пінск» напісалі па-беларуску, а назву фабрыкі, на той час «17 сентября», на расейскай мове.
Трэцяя па часе — акупацыйная пушка з выявай нямецкай каскі 1943 году. Яе Чыгрыну падарыў незнаёмец, які ведаў пра ягонае хобі.
Падчас апошняй вайны на тэрыторыі Беларусі працавала толькі адна Пінская фабрыка. Запалкі выходзілі з этыкеткамі на беларускай і нямецкай мове «Фабрыка сярнічкоў Пінску» («сярнічкі» паходзіць ад польскай назвы запалак «siarniczki»).
«Больш у Беларусі тады запалак не было. Такімі запалкамі карысталіся і немцы, і партызаны, і вяскоўцы. Калі немцы, якія ахоўвалі чыгунку, бачылі [пушку ад запалак], яны не маглі зразумець, ці гэта немцы выкінулі, ці партызаны. Запалкі таксама „ваявалі“, але не выдавалі людзей», — расказвае пісьменьнік.
Калекцыянэр ведае, што на ранейшых запалках 1930-х гадоў друкавалі чалюскінцаў (удзельнікаў арктычнага рэйсу парахода «Чалюскін», які затануў).
«Калі б надрукавалі партрэт Сталіна, усіх бы расстралялі»
Да 1953 году на запалках нельга было друкаваць выяву Сталіна, а Леніна можна. Чыгрын памятае пушку тых часоў з крамлёўскай вежай і надпісам па-беларуску «Слава Сталіну».
«Калі б надрукавалі партрэт Сталіна, усіх бы расстралялі», — кажа ён.
Яшчэ школьнікам калекцыянэр добра запомніў запалкі 1970-х гадоў, якія тады ўжо пачаў зьбіраць.
«Памятаю рэкляму савецкага цырку ў 1970-я гады. Яны проста пісалі „Цырк“, быў мядзьведзь, які выступае. Памятаю запалкі з правіламі дарожнага руху», — расказвае суразмоўца.
У савецкі час шмат увагі нават на запалках прысьвячалася камсамолу, космасу, спорту, апошняй вайне, ахове прыроды.
Адзіную «беларускую» сэрыю прысьвяцілі Янку Купалу і Якубу Коласу
«Ніводная фабрыка ня выпусьціла нацыянальнага героя на этыкетках. Якая палітыка была хітрая... Калі быў загад пад нейкі зьезд КПСС, усе друкавалі на запалках рэкляму зьезду», — абураецца калекцыянэр.
Адну беларускаарыентаваную сэрыю ўсё ж выдалі. У 1967 годзе да 85-годзьдзя песьняроў зрабілі запалкі з партрэтамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і зьвязанымі зь імі мясьцінамі. Такія сэрыі надрукавалі і пінская, і барысаўская фабрыкі.
Ёсьць у калекцыі Сяргея Чыгрына не асобныя карабкі, а цэлыя сувэнірныя наборы. Яны каштуюць 80–120 рублёў. Набыць іх, як звычайныя запалкі ў краме, нельга было. Яны выходзілі абмежаваныя накладам як падарункавыя наборы.
Калекцыянэр тлумачыць, што да 1970-х гадоў запалкі пакавалі ў цьвёрдыя, з дрэва, скрыначкі, пазьней — у мяккія, з кардону. Да 1970-х гадоў этыкетка наклейвалася на пачак, з 1980-х іх пачалі друкаваць проста на кардоне.
Сёньня ў пачках розная колькасьць запалак. У СССР на карабку пісалі: «75 штук».
Сярод сучасных запалак у Чыгрына ёсьць доўгія (каля 15 сантымэтраў) для каміна. Кажа, што пачак каштаваў 3 рублі, што досыць дорага для запалак.
Пінскую фабрыку ўратавала б фантазія
Сяргей Чыгрын мяркуе, што пінскую фабрыку можна было ўратаваць ад закрыцьця.
«Я так і думаў, што пінская фабрыка неўзабаве закрыецца, бо яна не выпускае нічога новага, як робіць барысаўская», — кажа пісьменьнік.
Барысаўская фабрыка ў апошнія гады выпускала тэматычныя запалкі з гербамі гарадоў Беларусі, замкамі Беларусі, зброяй часоў апошняй вайны. Сяргей Чыгрын перакананы, што гэта павысіла рэалізацыю іхнай прадукцыі ў некалькі разоў.
Ён прыводзіць у прыклад менскую прыватную фірму, якая вырабляе запалкі ня толькі ў стандартных пушках, але і з прэзэрватывам ва ўпакоўцы, і з партрэтам замоўніка на этыкетцы.
Ён паказвае свае скарбы з розных краінаў. Набор расейскіх запалак выпусьцілі па матывах рамана «Вайна і мір». Аўстрыйская фірма надрукавала фота эўрапейскіх гарадоў у добрай якасьці. Менская прыватная фірма надрукавала беларускія арнамэнты з тлумачэньнямі. Піцерцы нанеслі на пачкі густоўныя чорна-белыя фатаграфіі паўночнай сталіцы Расеі.
«У Расеі шмат філюмэністычных клюбаў [філюмэніст — той, хто калекцыянуе запалкі], якія прапануюць заводам варыянты этыкетак, і тыя іх слухаюцца», — кажа Чыгрын.
У Чэхіі ён бачыў запалкі даўжынёй у мэтар. У сваёй калекцыі мае нават набор, прысьвечаны паўстаньню Тадэвуша Касьцюшкі, але зноў не беларускай вытворчасьці, а з польскага Ўроцлава.
«А пінская фабрыка гадоў дзесяць друкавала жоўтага вярблюда. Потым яны таксама вырашылі прыдумаць нешта крэатыўнае і паказалі, што можна складваць з запалак», — камэнтуе Чыгрын.
Да таго ж у апошні час на пінскіх запалках пераважна зьяўлялася рэкляма мэблі «Пінскдрэву».
«Зрабілі б да Дня пісьменства набор беларускіх пісьменьнікаў — і была б рэалізацыя. Чаму б у нас ня выдаць набор пра Быкава, Шамякіна? Гэта ў школе б паказалі дзецям. Дзецям такое падабаецца», — кажа пісьменьнік, які часам разглядае сваю калекцыю з малымі ўнучкамі.
Гатовы падараваць сваю калекцыю коштам 10 тысяч даляраў музэю
У Беларусі філюмэністычных клюбаў няма. Наагул філюмэністаў няшмат. Сяргей Чыгрын мяркуе, што ягоная калекцыя запалак — найбольшая. Ён яе ацэньвае ў 10 тысяч даляраў. Але гатовы падараваць музэю, які б паклапаціўся пра ягоны скарб і стварыў сталую экспазыцыю. Музэю запалак у Беларусі няма.
Налета Сяргей Чыгрын мяркуе выдаць кнігу, прысьвечаную беларускім запалкам. У ёй будзе і разьдзел пра пінскія, якія ўжо сталі гісторыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як калекцыянэр з ЗША 10 гадоў ганяўся за хакейным джэрсі з «Пагоняй» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта нямецкі лекар зьбірае вялікую калекцыю старых горадзенскіх паштовак