Нечакана звольнілася старшыня сельсавету, якая падтрымала ўвекавечваньне памяці пра Алеся Адамовіча

Марыя Сушчанка на адкрыцьці арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча»

Марыя Сушчанка старшынявала ў Глушанскім сельскім выканкаме 13 гадоў. Была дэпутаткай Бабруйскага раённага савету. Пасаду пакінула датэрмінова. Матывы яе звальненьня застаюцца незразумелымі. Сама яна пазьбягае кантактаў з прэсай.

Не падабалася самастойнасьць?

Са сваіх крыніц Свабода даведалася, што Марыі Сушчанцы прапанавалі звольніцца. Раённаму кіраўніцтву нібыта не падабалася «самаўпраўства» кіраўніка сельскай адміністрацыі.

Сярод прычын называюць актыўнасьць і настойлівасьць у пытаньнях упарадкаваньня пасёлку, а таксама адкрытасьць у стасунках з прэсай. Не даспадобы было ўмяшаньне старшыні сельсавету ў выбарчыя кампаніі. У 2016 годзе яна нібыта «несанкцыянавана» вылучылася ў Палату прадстаўнікоў, а ў 2018 годзе падчас мясцовых выбараў выступіла супраць кандыдатур, якія прапаноўвала раённая ўлада.

Марыя Сушчанка і дачка Адамовіча Натальля на адкрыцьці бюста Адамовіча

Дэпутат Бабруйскага райсавету Васіль Амялюсік з Глушы кажа, што пра звальненьне Марыі Сушчанкі даведаўся 26 сьнежня на пасяджэньні сельсавету. Паводле яго, паведамленьне пра сыход Сушчанкі стала нечаканым для калегаў. Прычын яна не назвала.

«Яна сказала, што напісала заяву і звальняецца, — згадвае ён. — На сходзе была старшыня райвыканкаму. Дэпутаты далі дабро, і так яна звольнілася бязь „дзякую“. Яна столькі гадоў адпрацавала, і яе можна было прыгажэй адправіць у адпачынак».

Арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча»

Райвыканкам: Сушчанка звольнілася па ўласным жаданьні

Месца старшыні сельсавету застаецца вакантным. Тэлефоны ў адміністрацыі пасёлку не адказваюць.

Старшыня Бабруйскага райвыканкаму Людміла Крычко пра звальненьне Марыі Сушчанкі сказала, што «яна напісала заяву, і гэта была яе ініцыятыва». «Ейную просьбу задаволіў наймальнік — старшыня Бабруйскага раённага выканаўчага камітэту», — дадала Людміла Крычко.

Заяву Сушчанкі падпісалі адразу ж — 26 сьнежня, хоць з публікацый мясцовых выданьняў вядома, што яна хацела дапрацаваць да 10 студзеня.

Спадзявалася, што імя Адамовіча стане брэндам Глушы

9 лістапада 2019 году ў пасёлку Глуша адкрылі першы ў Беларусі помнік Алесю Адамовічу. Ідэю ўвекавечыць памяць пра пісьменьніка і грамадзкага дзеяча падтрымлівала Марыя Сушчанка. Годам раней зь яе падтрымкай у пасёлку зьявіўся арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча». Сушчанка спадзявалася, што імя славутага земляка стане брэндам пасёлку.

На адкрыцьці бюста Адамовіча ў інтэрвію Свабодзе яна адзначыла, што помнік яму — «пачатак у стварэньні музэю „Вайны пад стрэхамі“, які будзе ня толькі пра Адамовіча, але і жыхароў, якія выжылі ў вайну».

Бюст Адамовіча ў пасёлку Глуша

Ініцыятар усталяваньня бюста Адамовіча Андрусь Архіпенка кажа, што сыход Марыі Сушчанкі — «удар па мясцовым актывізьме».

«Марыя Леанідаўна была з тых нямногіх службоўцаў, якія ішлі на кантакт з грамадзкімі актывістамі і падтрымлівалі іх ініцыятывы. Таму ў Глушы і стаіць помнік Адамовічу», — кажа ён.

Сярод заслугаў Марыі Сушчанкі ў Глушы называюць упарадкаваньне пасёлку і заснаваньне фэстывалю «Глушанскі хутарок».

Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На малой радзіме Алеся Адамовіча за народныя грошы паставілі першы ў Беларусі помнік клясыку