У адміністрацыі рэстарана «Лебядзіны», які знаходзіцца каля аднайменнага заказьніка, назвалі дэзынфармацыяй паведамленьні ў інтэрнэце пра тое, што ўчора ўвечары ў іх быў салют.
«Не, рэстаран салютаў не запускаў. Салюты былі запушчаныя на тэрыторыі „Алімпік-арэны“», — сказала карэспандэнту Свабоды прадстаўніца рэстарана Валерыя.
Адміністратар «Алімпік-арэны» Андрэй у сваю чаргу сказаў Свабодзе, што ня мае інфармацыі пра тое, што ў іх быў салют.
«У нас ёсьць элітнае жыльлё, дзе страляюць з усіх бакоў. А непасрэдна тут у нас ніякага салюту не было», — сказаў ён.
Паводле сайту blizko.by, учора ўвечары «цішыню ў „Лебядзіным“ парушылі залпы салюту — у рэстаране праходзіла шумная вечарынка. У якасьці „вішанькі на торце“ гасьцям прапанавалі паглядзець на фаервэрк.
Падчас грамадзкага абмеркаваньня будаўніцтва рэстарану грамадзкасьць запэўнівалі, што крыніцамі шуму будуць «машыны, музыка, галасы людзей … што ёсьць нізкім [шумавым] узьдзеяньнем».
За апошнія гады ад тэрыторыі заказьніка «Лебядзіны» каля Менску адрэзалі пад будаўніцтва 8 га зямлі з агульных 51,5 га.
На тэрыторыі, якая ўваходзіла ў заказьнік, кампанія «Тапас», якая належыць форварду прэзыдэнцкай хакейнай каманды Паўлу Беламу, збудавала рэстаран. Дзеля будаўніцтва тэрыторыю заказьніка скарацілі, прычым з парушэньнямі.
Будаўніцтва рэстарацыі прызнавалі незаконным, але пракуратура Менску ня ўбачыла падставаў для прыняцьця мераў пракурорскага рэагаваньня на парушэньне закону.
Летась забудоўніка аштрафавалі за работы без дазволу, але ўказам Лукашэнкі ад 5 сьнежня 2018 году № 468 у генплян Менску тэрмінова ўнесьлі зьмены — будоўлю выключылі з зоны прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай.
Заказьнік вядомы тым, што там гнездаваліся рэдкія для Беларусі віды птушак. Эколягі непакоіліся, што будаўніцтва пашкодзіць унікальнаму прыроднаму асяродзьдзю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатка Васілевіч і бізнэсовец Цяцерын: рэстаран «Лебядзіны» наведваюць сябры Лукашэнкі