У Лібане ў выніку акцыяў пратэсту на ўскраінах Бейрута заблякавана некалькі аўтамагістраляў, якія вядуць у горад. Як паведамляе France 24, перакрытыя дарогі і ў некалькіх іншых раёнах Лібана. У аўторак у краіне аднавіліся акцыі з патрабаваньнямі пераадоленьня эканамічнага спаду і разрухі.
Удзельнікі пратэстаў палілі аўтапакрышкі, перакрыўшы тры галоўныя магістралі — на поўдні, усходзе і поўначы Бейрута, што прывяло да спыненьня руху транспарту. Сярод пратэстоўцаў навучэнцы школ і ВНУ. Сотні маладых людзей зладзілі шэсьце, узьняўшы сьцягі Лібана і сьпяваючы песьні, узмацняючы іх гучаньне праз мэгафоны.
У цэнтры Бейрута дзясяткі гараджан пратэставалі ля будынка Цэнтральнага банка, выказваючы незадаволенасьць фінансавай палітыкай уладаў. Сілы бясьпекі не дазволілі дэманстрантам наблізіцца да ўваходу ў банк.
Маршы пратэсту прайшлі і ў іншых гарадах перад банкамі і будынкамі мясцовых адміністрацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё пачалося зь дзясяткаў чалавек. Тлумачым, чаму ў Лібане сотні тысяч маладых пратэстуюць супраць улады