Бэнэдыкт XVI папрасіў прыбраць сваё імя як суаўтара кнігі пра каштоўнасьць цэлібату

Бэнэдыкт XVI

Прэфэкт Папскага дома і асабісты сакратар Папы-эмэрыта паведаміў, што Бэнэдыкт XVI не даваў дазволу на пазначэньне сябе ў якасьці суаўтара кнігі кардынала Рабэра Сара пра каштоўнасьць цэлібату, паведамляе Ватыканскае радыё.

Яшчэ ў панядзелак радыё паведамляла, што «Бэнэдыкт XVI і кардынал Рабэр Сара напісалі кнігу аб каштоўнасьці сьвятарскага цэлібату». Кніга павінна зьявіцца на паліцах кнігарняў 15 студзеня. Пытаньню цэлібату ў кнізе прысьвечаныя 175 старонак.

«Адзін тэкст на гэту тэму напісаў Папа-эмэрыт, а другі — кардынал-прэфэкт. Уводзіны і завяршэньне падпісаны абодвума аўтарамі», — гаварылася ў публікацыі.

Але сёньня арцыбіскуп Генсвайн у камэнтары інфармацыйнаму агенцтву «ANSA» заявіў, што Бэнэдыкт XVI ведаў, што кардынал Сара рыхтуе кнігу аб сьвятарстве і даслаў яму кароткі тэкст, дазваляючы выкарыстаць яго паводле свайго меркаваньня. У той жа час, ён не аўтарызаваў ніякага праекту кнігі, падпісанай сваім імем, не бачыў і не ўхваляў вокладкі.

«Гаворка ідзе пра непаразуменьне, не ставячы пад сумнеў давер Папы-эмэрыта да кардынала Сара, — падкрэсьліў прэфэкт Папскага дома.

Бэнэдыкт XVI у сваім кароткім тэксьце спасылаецца на юдэйскія карані хрысьціянства. Папа-эмэрыт піша, што ўжо «у старажытным Касьцёле», у першым тысячагодзьдзі, «жанатыя мужчыны маглі атрымліваць сакрамэнт пасьвячэньня толькі калі абавязваліся захоўваць сэксуальнае ўстрыманьне».