Палата прадстаўнікоў у 2020 годзе ня будзе прымаць закон аб хатнім гвалце. Пра гэта напісана ў адказе на калектыўны зварот прадстаўнікоў «пралайфэрскіх арганізацый». Копію адказу Свабодзе перадаў адзін з удзельнікаў закрытай групы пралайфэраў на ўмовах ананімнасьці.
Прадстаўнікі пралайфэрскіх арганізацый накіравалі ў Палату прадстаўнікоў калектыўны зварот пра «катэгарычнае непрыманьне законапраекту аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту». Зварот разглядалі пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы, па адукацыі, культуры і навуцы, па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. Адказ даў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы Алег Белаконеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жанчыны паміраюць, дзеці паміраюць, а вы нічога ня робіце з гэтым!» — Чаму Беларусі патрэбны Марш супраць гвалтуЁн падзякаваў заяўнікам за «неабыякавае стаўленьне да лёсу падрастаючага пакаленьня». І паведаміў:
- пляны на 2020 год, зацьверджаныя ўказам прэзыдэнта ад 26 сьнежня 2019, не прадугледжваюць распрацоўкі законапраекту аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту;
- ініцыяваньне законапраекту, які «рэгулюе такія праваадносіны, у цяперашні час лічым немэтазгодным».
Таксама пралайфэры прасілі прыняць нарматыўны акт аб абароне сямейных каштоўнасьцяў.
Старшыня камісіі адказаў:
- У 2018/2019 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі было забясьпечана вывучэньне ў 9–11 клясах факультатыўных заняткаў «Асновы сямейнага жыцьця» і «Падрыхтоўка вучняў да сямейнага жыцьця», «мэтай якіх зьяўляецца фармаваньне каштоўнасных адносін да інстытуту шлюбу і сям’і»;
- Міністэрства адукацыі рэкамэндавала да выкарыстаньня вучэбную праграму факультатыўных заняткаў для 5–11 клясаў «Асновы праваслаўнай культуры», «мэтавымі ўстаноўкамі якой зьяўляецца фармаваньне ўяўленьняў аб прызначэньні сям’і і нараджэньні дзяцей, аб цнатлівасьці як духоўнай і цялеснай чысьціні чалавека»;
- У Беларусі дзейнічае Грамадзка-кансультатыўная рада па абароне дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і разьвіцьцю.
Хто заяўнікі?
Гэта група грамадзян, якія называюць сябе прадстаўнікамі пралайфэрскіх арганізацый. Яны пішуць калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы з просьбамі забараніць у Беларусі «прапаганду ЛГБТ-ідэалёгіі», выступаюць супраць закону аб хатнім гвалце, прасілі Міністэрства аховы здароўя забараніць апэрацыі па зьмене полу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства інфармацыі не падтрымала ініцыятыву забараніць у СМІ «прапаганду ЛГБТ-ідэалёгіі». Пакуль
Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?
У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.
Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».
У канцэпцыі таго законапраекту:
- Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
- Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
- Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.
Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.