Летась па Беларусі пракацілася хваля крымінальных спраў — у сыстэме школьнага харчаваньня сталіцы дзейнічала схема хабараў. Памянялі кіраўніцтва, а куратарам пытаньня цяпер — асабіста міністар адукацыі. Распрацавалі новае мэню з прыгожымі назвамі страў. Але школьнікі сьцьвярджаюць, што іх па-ранейшаму кормяць «хлебнымі» катлетамі, і адмаўляюцца есьці ў школьных сталоўках.
Свабода разьбіралася, што ня так са школьным харчаваньнем.
Паўтара дзясятка кіраўнікоў пасадзілі, праверкі працягваюцца
Летам 2019 года экс-дырэктара Ўпраўленьня спажывецкага рынку Менску Сяргея Барысевіча пасадзілі на 14 гадоў за маштабныя паборы з дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня — усяго начальнік узяў зь іх звыш 150 тысяч рублёў. Грошы для хабару Барысевічу кіраўнікі зьбіралі з загадчыкаў вытворчасьці сталовых у школах і каледжах. Кіраўнікоў камбінатаў школьнага харчаваньня Савецкага, Цэнтральнага, Першамайскага, Партызанскага раёнаў сталіцы асудзілі на зьняволеньне ад 2 да 10 гадоў. На 5 з паловай гадоў асудзілі начальніка КШХ Горадні. І гэта сьпіс можна працягваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьменшылі порцыі пасьля словаў Лукашэнкі? Харчаваньне ў школах па-ранейшаму адрозьніваеццаКамітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі прысьвячаў праблемам школьнага харчаваньня не адну калегію. Начальнік упраўленьня кантролю спажывецкага рынку КДК Алена Масурноўская кажа, што парадак фармаваньня цэн парушаўся ва ўсіх правераных камбінатах сталіцы. Гандлёвыя надбаўкі да цаны вытворцы ў КШХ Партызанскага раёну дасягалі 181,3%, Фрунзэнскага — 198,3%. Значыць, за некаторыя прадукты камбінаты пераплачвалі амаль удвая.
Цяпер пытаньне арганізацыі харчаваньня ў школах знаходзіцца пад жорсткім кантролем у міністра адукацыі Ігара Карпенкі.
Міністар нядаўна адрапартаваў, што за 9 месяцаў 2019 года праведзена 4,5 тысячы праверак, да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнулі 2422 чалавек, у тым ліку 793 кіраўнікоў устаноў адукацыі.
«Неяк круцімся, бо трэба пакарміць дзіця двойчы на 2,3 рубля»
Год таму, пасьля масавых пасадак кіраўнікоў, у Менску скасаваліраённыя камбінаты школьнага харчаваньня і зрабілі адзіны КХШ, які забясьпечвае цэнтралізаваную закупку прадуктаў — каб школьныя абеды каштавалі менш.
Аднак камбінаты школьнага харчаваньня ёсьць толькі ў вялікіх гарадах. Да прыкладу, у Менскай вобласьці — толькі ў сталіцы і Жодзіне. КШХ фактычна арандуюць у школах памяшканьні кухні і сталоўкі і абсталяваньне. За харчаваньне адказныя дырэктары школ. Сьняданкі і абеды гатуюць школьныя кухары, якія знаходзяцца ў штаце школы.
Пры гэтым ёсьць праблемы з кадрамі. У садках і школах аднаго толькі Гомля адкрыта больш за 40 вакансій кухараў.
«Патрабаваньні да дзіцячага грамадзкага харчаваньня высокія, а заробкі нізкія — шэф-кухар мае каля 500 рублёў, просты кухар 300-400 рублёў», — кажа намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі аднаго з раёнаў Гомля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адным — курыная адбіўная, другім — «хлебная» катлета. У менскай гімназіі школьнікаў кормяць усё яшчэ па-рознамуШкольнікі пачатковых клясаў атрымліваюць бясплатнае харчаваньне (за кошт дзяржбюджэту), сярэднія і старэйшыя школьнікі за абеды плацяць. Ільготныя катэгорыі (школьнікі са шматдзетных сем’яў) сьняданак і абед атрымліваюць бясплатна.
«Сёньня кошт сьняданка і абеду (салата, суп, гарачае з гарнірам і напой — не павінен перавышаць 2 рублі 30 капеек. Два гады гэтая сума ня мянялася, хаця цэны на прадукты ўзрасьлі як мінімум на 10%. Дзіця за 1 раз, умоўна кажучы, трэба накарміць на 1 рубель. Катлета з птушкі каштуе, прыкладам, 89 капеек, на наступны дзень кавалак мяса — 1 рубель 15 капеек. Неяк круцімся, выраўноўваем цэны, укладаемся ў нормы», — кажа тэхноляг.
Кожны трэці школьнік мае лішнюю вагу, а ў школе абедаць ня хоча
Паводле мэдыкаў, кожны трэці беларускі школьнік мае лішнюю вагу. Міністэрства здароўя настойвае, каб у школьных буфэтах не прадавалася прысмакаў з высокай колькасьцю цукру. Забаронена прадаваць у буфэтах кока-колу, салодкія газаваныя напоі, чыпсы. Зь мінулага году паменшылі колькасьць цукру на 20–25% і солі на 30–35% у стравах. Калі раней у стандартную шклянку гарбаты клалі 15 грамаў цукру, то цяпер 12.
У рацыёне школьнікаў цалкам забароненыя вострыя прыправы: перац, хрэн, воцат, маянэз, марынаваная гародніна, таматныя соўсы, кетчупы. Не дапускаецца камбінаваных тлушчаў, тлустых гатункаў мяса, рыбных кансэрваў, вяндліны. Здавалася б, у школах павінна быць толькі здаровае харчаваньне.
Паводле чыноўнікаў, на пачатку 2019 году камбінат школьнага харчаваньня Менску распрацаваў новыя стравы: тэфтэлька мясная ў аўсяных шматках, рыс «Мазаіка» (з гароднінай), аладкі «Апэтытныя», катлеты «Залатая рыбка» і «Выдатнік», шніцаль «Карпыч», запяканка «Пятруха» з курынага філе, сырны пірог з рыкоты з сочывам, «Бел-нагетс», кебаб «Златка», рол «Маленькі цэзар з сырам», каўбаскі «Пераменка», «Сячэнікі» з рыбы.
Зусім нядаўна камбінат школьнага харчаваньня анансаваў яшчэ некалькі страў — тварожна-яблычную запяканку, шніцаль «Лянок», «Лянівыя калдуны», мафін «Ёга-шык», ласунак «Штучка карамэльная», гарбату з шыпшынавым сыропам і рабінай. Гучыць усё апэтытна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля разносу Лукашэнкі для ўсіх школьнікаў зрабілі аднолькавае харчаваньне
«Я ў гімназіі амаль ня ем. Пастаянна даюць катлеты, якія выглядаюць, як невядома што»
Аднак на практыцы часьцей за ўсё на абед даюць катлеты з рознымі гарнірамі, пюрэ, грэчкай, макаронай, кажа 9-клясьніца адной зь менскіх гімназій Даша.
«Я ў гімназіі амаль ня ем цяпер. У нас у сярэдзіне першай чвэрці памянялі харчаваньне наагул. Пастаянна даюць катлеты. Яны, праўда, розныя — то курыная, то сьвіная, яшчэ нешта падобнае да катлеты на палачцы.
Катлеты выглядаюць, прабачце, як нейкая ка...ка. Вельмі неапэтытна. І наагул, мы прыходзім у сталоўку — а там усё халоднае», — кажа Даша.
Даша са шматдзетнай сям’і, павінна атрымліваць сьняданак і абед бясплатна. І хоць на пачатку навучальнага года Аляксандар Лукашэнка загадаў усіх школьнікаў карміць аднолькава, каб усе былі «ў роўных умовах», кормяць платнікаў і льготнікаў па-рознаму, сьцьвярджае дзяўчынка.
«Вось сёньня на сьняданак мне, бясплатніцы, давалі амлет. А ў платнікаў была макарона з курынай катлетай. Мне падабаецца, калі на сьняданак даюць булачку, сырок, але гэта рэдка. Таму наагул не хаджу сьнедаць.
Абед у льготнікаў і платнікаў у розны час. У нас а 12.15, у платнікаў — а 13.15. У нас няма выбару, платнікі могуць выбіраць стравы. Але і іх кормяць нясмачна. Я сёньня пакаштавала катлету курыную ў сваёй сяброўкі-платніцы — катлета сухая, зусім нясмачная, жах! Супы заўсёды агідныя і халодныя. Нават калі я вельмі галодная, магу ў абед зьесьці толькі салатку. Платнікі таксама адмаўляюцца есьці, ходзяць у буфэт», — кажа Даша.
А ці бываюць наагул смачныя стравы на абед, пытаемся ў Дашы.
«Зрэдку даюць гуляш ці рагу, тушаную бульбу з гароднінай — гэта я люблю. Раз на месяц бываюць дранікі, шашлык. Ніякіх ролаў, шаўрмы, якія мы любім, цяпер няма. І наагул, усё прэснае, несалёнае, сухое, нясмачнае, фу!» — кажа Даша.
Маці 16-гадовага Арцёма Кацярына таксама занепакоеная, што хлопец адмаўляецца есьці ў школьнай сталоўцы, харчуецца ў асноўным «усухамятку» булкамі і ласункамі ў буфэце.
«Спрабуем дамаўляцца — каб еў ня ўвесь абед, а тое, што хоча: альбо суп з салатай, альбо другую страву. Бо часьцяком дадатковыя заняткі, застаецца ў спартовай залі на трэнажорах. Грошы ў яго на картцы, я магу паглядзець, што еў. Аднак збольшага еў не гарачае, а булкі з гарбатай. Кажа, што ежа нясмачная», — кажа спадарыня Кацярына.
Маці 7-гадовай Алаізы спадарыня Наста кажа, што яе дачка нічога, акрамя гарбаты, у школе ня есьць. Таму Наста дае дачцэ з сабой яблык, бутэрброд. Дзяўчынка ў лепшым выпадку зьесьць яблык на перапынку.
У першай клясе дзеці ў першай палове дня вучацца, а ў другой застаюцца і бавяць час, як у садку. Аднак ад таго, што амаль ніхто ня есьць у школе, ці ня ўсіх дзетак пасьля ўрокаў забіраюць дадому.
«Быццам бы на бацькоўскім сходзе і праводзілі апытаньне, што любяць дзеці, з намі раіліся, чым іх карміць. Аднак мала хто есьць у школе. Мая дачка і дома ня вельмі добра есьць. Я не ўяўляю, што будзе далей. Хутчэй за ўсё, давядзецца даваць ссабойку, але ж гэта „сухамятка“. Ня дзіва, што ў некаторых гастрыт зь дзяцінства, а некаторыя зь лішняй вагой, бо трушчаць булкі, пірожныя», — кажа маці Алаізы.
Затое ў буфэтах шырокі асартымэнт кандытарскіх вырабаў
Прычым, здараюцца і кур’ёзы: у адной з гомельскіх пачатковых школаў прадавалі цукеркі «Сталічныя» з алькагольнай начынкай.
Старшаклясьнікі праводзяць у школе часам па 8 гадзін, акрамя ўрокаў, яшчэ факультатывы, дадатковыя заняткі. Як вытрымліваюць тыя, хто адмаўляецца сьнедаць, абедаць?
«Ходзім у буфэт. Булачкі ў нас вельмі смачныя, слоеныя піражкі таксама, юмбрыкі з розным крэмам, кукурузныя палачкі, цукеркі — мы гэта любім, і ў буфэце заўсёды чарга на перапынках. А вось садавіны амаль няма, яблык ці банан з дому бяру з сабой», — расказвае старшаклясьніца Даша.
«Смажанкі, сасіскі ў цесьце, якія любяць дзеці, можна прадаваць ня больш за 2 разы на тыдзень (гэта ўсё прапісана ў СанПІНе). Булачкі, іншыя вырабы зь цеста прадаюцца кожны дзень. Часьцей кандытарскія вырабы выпякаюць у школе, бывае, замаўляем на хлебазаводзе. Прадаецца печыва, цукеркі — і яны карыстаюцца большым попытам, чым ёгурт, тварожныя сыркі, малочная прадукцыя», — расказвае тэхноляг упраўленьня раённага ўпраўленьня адукацыі Менскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Менску выдзеляць 500 тысяч рублёў, каб школьныя абеды былі аднолькавыяЯна кажа, што настаўнікі стараюцца пераканаць бацькоў, каб дзеці абедалі ў школе, бо прымусіць абавязкова есьці яны ня могуць.
«Дзіця мае права выбіраць, харчавацца ў школе ці не. Можна выбраць увесь комплекс: салат, суп, гарачы напой, ці салат і другую справу. Бацькі сёньня могуць заплаціць за катлету, а заўтра — не.
Але бацькі праз электронную сыстэму могуць кантраляваць, зьела дзіця паўнавартасны абед ці булачку і цукеркі. Дзіця можа ня есьці супу ці рыбы. Аднак можа выбраць толькі пюрэ і гарбату — і ўжо ня будзе галоднае. Нельга ўсіх „пад адзін грабенчык“. На маю думку, лепш ужо булачка з гарбатай, чым нічога», — кажа тэхноляг.
«А ўмееце прыгатаваць смачныя катлеты амаль бяз солі, без прыпраў, бяз соўсу?»
Кухар, якая больш за 20 гадоў працуе ў школьнай сталоўцы, на пытаньне, чаму школьнікі скардзяцца, што ежа нясмачная, адказвае таксама пытаньнем:
«А ўмееце прыгатаваць смачныя катлеты амаль бяз солі, без прыпраў, бяз соўсу?» І кажа:
«Ад нас пастаянна патрабуюць зьмяншаць колькасьць солі, цукру, цяпер вось — зусім выключыць прыправы. Выканаць усе нормы і нарматывы практычна немагчыма. Вы б бачылі, колькі ў нас інструкцый, патрабаваньняў, абмежаваньняў! Павінны выконвацца нормы тлушчаў, бялкоў, вугляводаў, прычым адмысловая праграма „лічыць“ тлушчы, бялкі, вугляводы кожны дзень, усё адсочваецца.
У мяне ўжо настольныя кнігі — жнівеньская пастанова Савета міністраў № 525 „Аб зацьвярджэньні спэцыфічных санітарна-эпідэміялягічных патрабаваньняў“, кастрычніцкая пастанова № 694 „Аб арганізацыі харчаваньня навучэнцаў“. Я не пра рэцэптуру і смак думаю, а як укласьціся ў нормы „рэкамэндаваных прадуктаў, ашчадных у хімічным складзе“, як там пішацца. Бо праверкамі замучылі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталоўка ў школе ёсьць, а дзеці – галодныя...Да таго ж практычна 2 гады не мяняліся цэны: менш чым за 2,5 рубля мы павінны двойчы на дзень пакарміць дзіця, — скардзіцца кухар.
Жанчына наракае і на залішнюю пераборлівасьць сучасных дзяцей.
«Вітамінныя салаты з гародніны амаль некранутыя ідуць у сьметніцу, супы яны таксама дрэнна ядуць, у катлетах ці мясе крыху пакалупаюцца, гарнір дрэнна ядуць. Вы б бачылі, колькі ежы выкідваецца! Я не перастаю зьдзіўляцца — няўжо дома маці кожны дзень пасьля працы рэстаранную ежу гатуе? Ня думаю: тую ж катлету зь пюрэ на вячэру ці наагул пельмені з крамы», — мяркуе кухар школьнай сталоўкі.
Потым уздыхае і кажа, што яе сын таксама ня хоча есьці ў школе.