Прынамсі сем мінамётных стрэлаў трапіла ў ірацкую вайсковую базу Балад на поўнач ад Багдаду. Чатыры ірацкія вайскоўцы параненыя. На базе таксама прысутнічаюць амэрыканскія вайскоўцы.
Пакуль ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці за напад. Інцыдэнт адбыўся на фоне напружаньня ў адносінах паміж ЗША і Іранам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране аднавіліся пратэсты супраць урадуІран атакаваў дзьве амэрыканскія базы ў Іраку 8 студзеня — у адказ на забойства генэрала Касэма Сулеймані, санкцыянаванае Дональдам Трампам. Паводле зьвестак Вашынгтону, падчас ракетнага ўдару па вайсковых базах ніхто з амэрыканцаў не пацярпеў, хоць іранскія ўлады заяўлялі пра дзясяткі забітых.
Выданьне The Washington Post пазьней паведаміла са спасылкай на крыніцы сярод высокапастаўленых амэрыканскіх чыноўнікаў, што Іран знарок арганізаваў ракетны ўдар па вайсковых базах ЗША ў Іраку такім чынам, каб страты былі мінімальнымі. Гэта дазволіла Тэгерану «захаваць твар», а бакам канфлікту — пазьбегнуць сытуацыі на мяжы вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вы ведаеце пра Іран? ТЭСТПаводле зьвестак выданьня, Белы дом яшчэ за суткі да ўдару ведаў, што Іран зьбіраецца атакаваць аб’екты з амэрыканскімі вайскоўцамі. Зьвесткі атрымалі ад выведкі і ўладаў Іраку. Пры гэтым заставалася невядомым, дзе менавіта будзе нанесены ўдар.
У выніку Вашынгтон загадаў вайскоўцам схавацца ў бункерах, дзе яны знаходзіліся яшчэ некалькі гадзін пасьля атакі. «Камандзіры на месцах прынялі правільныя рашэньні і атрымалі добры вынік», — заявіў журналістам The Washington Post высокапастаўлены вайсковец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскага пасла ў Іране затрымалі, патрабуюць выслаць