Прэм’ер-міністар Латвіі Артурс Крышʼяніс Карыньш мае наведаць Беларусь 16 студзеня, піша сайт латвійскага ўраду. Афіцыйная нагода — нарада наконт арганізацыі Чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году.
Падчас візыту ён сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ерам Беларусі Сяргеем Румасам.
Артурс Крышʼяніс Карыньш пры тым адзначыў, што «Латвія зацікаўленая ў добрасуседзкіх адносінах і больш цеснай эканамічнай супрацы зь Беларусьсю», а чэмпіянат ён разглядае як «магчымасьць умацаваць адносіны між дзьвюма краінамі».
Ці будуць абмяркоўвацца канкрэтныя эканамічныя пытаньні, невядома. Але нядаўна Латвія (і сьледам за ёй Літва) прапанавала Беларусі паслугі ў захоўваньні і транспартаваньні нафты на замену расейскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртамАляксандра Лукашэнку ў 2018 і 2019 гадах запрашалі ў Латвію, але кіраўнік Беларусі там так і не пабываў за ўсю гісторыю. У Беларусь мінулым летам прыяжджаў міністар замежных справаў Латвіі, два гады таму — папярэдні прэм’ер Латвіі Марыс Кучынскіс.
Латвія — парлямэнцкая рэспубліка, але намінальны кіраўнік дзяржавы ў ёй гэта прэзыдэнт, якога выбіраюць дэпутаты (мае як цырыманіяльныя функцыі, так і некаторую фактычную ўладу). Кіраўнік ураду там завецца прэзыдэнтам міністраў, яго прызначае прэзыдэнт пры падтрымцы Сэйму. Згодна Канстытуцыі, прэм’ер нясе «палітычную адказнасьць» за рашэньні, што прымаюцца кіраўніцтвам дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падзякаваў Латвіі, што яна не крытыкуе Беларусь за будаўніцтва АЭС