Гомельскі абласны суд вынес рашэньне ў крымінальнай справе трох жыхароў вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёну.
За злоснае хуліганства, згвалтаваньне, зьбіцьцё суседзяў, незаконныя дзеяньні са зброяй, забойства яны атрымалі ад 13 з паловай да 25 гадоў зьняволеньня, паведамляе Вярхоўны суд.
Слуханьні праходзілі ў закрытым рэжыме. Гэта зьвязана са згвалтаваньнем.
Каго асудзілі і за што?
Рыгор — наймаладзейшы зь фігурантаў. На момант злачынства яму было 17 гадоў. Раней яго судзілі за страляньне па сабаках у Юравічах. Ён стрыечны брат 25-гадовага Паўла (узрост на момант злачынства. — Рэд.), яшчэ аднаго фігуранта крымінальнай справы. Па сутнасьці, гэтая кампанія — Павел, 20-гадовы Віталь і 17-гадовы Рыгор — тэрарызавала ўсю вёску.
Рыгора судзілі за:
- замах на забойства дзьвюх і больш асобаў, учынены з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
- забойства, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
- асабліва злоснае хуліганства;
Ён атрымаў 13 з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
20-гадовы Віталь раней быў сем разоў судзімы за крадзяжы, шматкроць прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. Гэтым разам яго судзілі за:
- замах на забойства дзьвюх і больш асобаў, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
- забойства, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
- уцягваньне непаўналетняга ў злачынствы;
- асабліва злоснае хуліганства.
Ён атрымаў 23 з паловай гады пазбаўленьня волі.
25-галовы Павел прыцягваўся пяць разоў да крымінальнай адказнасьці за хуліганства. Цяпер яго асудзілі за:
- замах на забойства дзьвюх і больш асобаў, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, у складзе групы;
- забойства з асаблівай жорсткасьцю у складзе групы;
- уцягваньне непаўналетняга ў злачынствы;
- асабліва злоснае хуліганства;
- згвалтаваньне;
- гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару;
- незаконныя дзеяньні са зброяй і выбуховымі рэчывамі.
Ён атрымаў 25 гадоў пазбаўленьня волі.
Што адбылося?
У лістападзе 2018 году група вяскоўцаў, напіўшыся, напалі на мужа з жонкай і пабілі іх. Пацярпелых спрабаваў абараніць сусед — яго абвінавачаныя моцна зьбілі. 45-гадовы мужчына памёр у шпіталі. На сьледзтве высьветлілі, што абвінавачаныя раней моцна зьбілі іншага вяскоўца і кінулі яго ў падмосьце для застрашваньня. 25-гадовы Павел згвалтаваў аднавяскоўку. Кампанія незаконна валодала зброяй і выбуховымі рэчывамі, хадзіла па вёсцы і страляла сабак. Прынамсі, за гэта раней быў пакараны 17-гадовы Павел.
Перапалоханыя жыхары Юравічаў баяліся падаваць на злачынцаў скаргі ў міліцыю.
Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 гадоў «хіміі» прысудзілі кіроўцу лесавоза за гібель бабулі і ўнучкі ў Ружанах