Кітай забараніў замежныя падручнікі ў школах

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства адукацыі Кітаю 8 студзеня выпусьціла распараджэньне, якое забараняе выкарыстоўваць пры навучаньні ў дзяржаўных школах, каледжах і ўнівэрсытэтах любыя замежныя падручнікі і дапаможнікі. У тым ліку працоўныя сшыткі і замежную клясычную літаратуру.

У распараджэньні падкрэсьліваецца, што ва ўсіх школах павінны выкарыстоўвацца матэрыялы, якія «укараняюць кіруючыя прынцыпы марксізму і адлюстроўваюць кітайскія асаблівасьці»: а менавіта заснаваныя на тэорыі марксізму-ленінізму, думках Мао Цзэдуна і тэорыі Дэн Сяопіна, а таксама на думках Сі Цзіньпіна.

«Усе навучальныя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў пачатковых і сярэдніх школах павінны адлюстроўваць лінію партыі і кірунак разьвіцьця краіны, — сказана ў распараджэньні. — Яны павінны прадухіляць уплыў памылковых палітычных поглядаў і ідэалягічных тэндэнцый, настаўляць студэнтаў да правільнага сьветапогляду, прывіваць ім такія погляды на жыцьцё і каштоўнасьці, каб яны імкнуліся стаць будаўнікамі сацыялізму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі ўвялі абавязковае сканаваньне твараў карыстальнікаў смартфонаў

Таксама ў паведамленьні Мінадукацыі гаворыцца, што падручнікі, у якіх «падвяргаюцца сумневу палітычныя арыенціры Кітая ці яго каштоўнасная арыентацыя» ня будуць ухваленыя і іх забаронена выкарыстоўваць на ўроках. Пад «сумнеўныя» тэмы падпадаюць пытаньні, якія тычацца сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Кітаю (уключаючы пытаньні Тыбэту, Ганконгу і іншых тэрыторый), а таксама пытаньні рэлігіі.

Распараджэньне аб забароне замежных падручнікаў пакуль не датычыцца толькі старэйшых клясаў дзяржаўных школаў, якія арганізуюць сумесныя адукацыйныя курсы з замежнымі навучальнымі ўстановамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачынаецца «эра Марзалюка». 20 пытаньняў і адказаў пра падручнікі гісторыі Беларусі

Прадстаўнік камісіі па вучэбных матэрыялах Кітаю заявіў мясцовым СМІ, што забарона замежных падручнікаў накіраваная на «узмацненьне ўплыву Камуністычнай партыі Кітаю ў адукацыйнай сыстэме», цытуе чыноўніка CNN. Паводле яго словаў, новыя правілы дазволяць «сыстэматызаваць выкладаньне кітайскай філязофіі і дасьледаваньне тэорыі марксізму».