У судзе гораду Жодзіна скончыўся працэс над былым участковым з Барысава Яўгенам Салошчанкам, якога летась звольнілі зь міліцыі за службовыя парушэньні. Цяпер суд прызнаў былога лейтэнанта міліцыі вінаватым у злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі ды асудзіў на 3 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай 2 гады.
Таксама былому міліцыянту прысуджаны штраф у 300 базавых велічынь. На 5 год яму забаронена займаць адказныя пасады. Яўген Салошчанка віну прызнаў цалкам і пасьля суду сказаў, што абскарджваць прысуд ня будзе.
Што адбылося?
Яўген Салошчанка служыў участковым на 14-м адміністрацыйным участку Барысава — гэта блізу цэнтру гораду, дзе часта здараюцца самыя розныя правапарушэньні. У крымінальнай справе, якая летась была распачатая супраць яго, фігуруе каля 20 адміністрацыйных спраў, заведзеных на барысаўчан, якія пражываюць на ўчастку. Цягам 2018–2019 гадоў, паводле абвінавачаньня, «у карысьлівых мэтах і зь іншай зацікаўленасьці» былы ўчастковы падрабляў матэрыялы спраў, уносіў у іх фіктыўныя зьвесткі і на гэтай падставе прымаў незаконныя рашэньні адносна лёсу грамадзян. «Што мела вынікам нанясеньне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян і дзяржаўным інтарэсам», — адзначыў суд Жодзіна.
На абвяшчэньне прысуду былому ўчастковаму прыйшлі некалькі ягоных былых калегаў на чале з маёрам міліцыі. Пагаварыць зь імі журналісту не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7500 даляраў хабару. Што былы кіраўнік малочнай кампаніі «Мілкавіта» сказаў у апошнім слове на судзе