Падводзячы вынікі дзесяцігодзьдзя, Свабода ўжо аналізавала нявыкананыя абяцаньні беларускіх уладаў. Сёньня мы публікуем падборку зь дзесяці абяцаньняў кіраўніцтва дзяржавы, якія былі выкананыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заробкі, дэвальвацыя, пэнсійны ўзрост. 10 нявыкананых абяцаньняў беларускіх уладаў за дзесяцігодзьдзе
1. Стабільнасьць беларускай валюты
«Умацаваньне даверу да беларускага рубля». (Зь перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі, 2015).
Што атрымалася. Пачынаючы з 2015 году, абменны курс беларускага рубля параўнальна стабільны. Не было разавых дэвальвацый. Упершыню з пачатку 1990-х гадоў удалося зьбіць дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курс рубля, выбары, Эўрапейскія гульні. Чые прагнозы на 2019 год спраўдзіліся?
2. Істотнае зьніжэньне інфляцыі
«Нізкая інфляцыя». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)
«Без дасягненьня ўстойлівых штогадовых тэмпаў інфляцыі ў 5 прыкладна адсоткаў, вядома ж, будзе складана аздаравіць эканоміку ў цэлым». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2016)
Што атрымалася. Штогод інфляцыя зьніжалася. У 2015 годзе яна складала 12%, у 2016 — 10,6%, у 2017 — 4,6%, у 2018 — 5,6%, за студзень—лістапад 2019-га — 5%, прагноз на 2020 год — 5%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы менш сталі баяцца інфляцыі, але буйныя пакупкі адкладаюць «да лепшых часоў»
3. Рост золатавалютных рэзэрваў
«Устойлівы рост золатавалютных рэзэрваў, падтрыманьне іх на бясьпечным узроўні». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)
Што атрымалася. За апошнія гады золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР) Беларусі сапраўды ўстойліва расьлі. На студзень 2016 году яны складалі $4,176 млрд, на студзень 2017-га — $4, 927 млрд, на студзень 2018-га — $ 7,315 млрд.
1 лістапада 2019 году ЗВР Беларусі склалі ў эквіваленце $9,193 млрд. Цяперашні іх аб’ём амаль на 30% перавышае заплянаваны ўладамі ($7,1 млрд) згодна з «Асноўным напрамкам грашова-крэдытнай палітыкі» на 2019 год, зацьверджаным Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за год вырасьлі на траціну
4. Зьмяншэньне ціску на бізнэс
- «Маштабна падтрымаем малы і сярэдні бізнэс». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)
- «Разьняволеньне дзелавой ініцыятывы павінна стаць рухальнай сілай для аднаўленьня эканамічнага росту і стварэньня новых працоўных месцаў». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2016)
Што атрымалася. У 2017 годзе Лукашэнка падпісаў 10 дэкрэтаў і ўказаў па эканамічнай лібэралізацыі і спрашчэньні ўмоў вядзеньня бізнэсу. Асабліва варта зьвярнуць увагу на дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». У 2018 годзе на ініцыятыву ўраду парлямэнт выключыў з Крымінальнага кодэксу сумна вядомы артыкул № 234 «Ілжэпрадпрымальніцтва» і лібэралізаваў артыкул № 233 «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэкрэт Лукашэнкі «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва» пацягнуў зьмены ў 74 заканадаўчыя актыЗьменшылася колькасьць праверак суб’ектаў гаспадараньня. Бізнэсу стала дыхаць лягчэй. Прыватны сэктар апошнімі гадамі ўстойліва забясьпечвае калі паловы паступленьняў у бюджэт Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадпрымальнікі прыгразілі мітынгамі і страйкамі. У Менску адбыўся форум «Бізнэс-вынікі 2019 — Пэрспэктывы 2020»
5. Імклівы рост ІТ-сфэры
«У Беларусі і далей будуць стварацца спрыяльныя ўмовы для работы кампаній у сфэры высокіх тэхналёгій». (З заявы А. Лукашэнкі падчас наведваньня Парку высокіх тэхналёгій 18 лістапада 2010)
Што атрымалася. Дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» ад 21 сьнежня 2017 году стварыў яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для працы ІТ-кампаній і далейшага імклівага разьвіцьця Парку высокіх тэхналёгіяў і ўсяго сэктару. На долю IT прыпадала 5,5% ад нацыянальнага ВУП. Гэты сэктар эканомікі даў палову росту ВУП за 2019 год. Экспарт паслуг кампаній-рэзыдэнтаў ПВТ дасягнуў каля $1,5 млрд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замяніць кароўнікі на каворкінгі? Чаму ІТ цягне беларускую эканоміку, а каровы — не, і што з гэтым рабіць
6. Беларусь увайшла ў лік краін з найвышэйшым індэксам чалавечага разьвіцьця
«Стратэгічная мэта — увайсьці ў лік першых 50 краін сьвету з найвышэйшым індэксам разьвіцьця чалавечага патэнцыялу». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2010)
Што атрымалася. Паводле Індэксу чалавечага разьвіцьця, Беларусь сярод амаль 200 краін сусьветнай супольнасьці перамясьцілася з 68-га ў 2000 годзе на 50-е месца ў 2015-м. Гэта забясьпечыла месца ў групе краін з высокім узроўнем чалавечага разьвіцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі жывецца ўжо значна лепш, чым на Багамах. Новы індэкс ААН
7. Падтрымка маладых сем’яў захоўваецца на высокім узроўні
«Падтрымка маладых семʼяў заўсёды была і застанецца адным з галоўных клопатаў дзяржавы. Мы будзем прымяняць мэханізмы падтрымкі сямʼі. (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2016)
Што атрымалася. Беларусь — адзін з сусьветных лідэраў у працягласьці водпуску для догляду дзіцяці. І адзіная краіна, дзе ўсе тры гады яшчэ і выплочваюць грашовую дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта заганяе ў пастку беднасьці». Гарачая дыскусія прыхільніц і праціўніц скарачэньня дэкрэтнага водпуску
8. Менск нармалізаваў стасункі з Захадам
«Каб дынамічна разьвівацца, неабходны нармальныя стасункі з Эўрапейскім зьвязам і Злучанымі Штатамі Амэрыкі... Нам, па вялікім рахунку, трэба наганяць упушчанае і выйсьці для пачатку на той узровень адносін з Эўразьвязам і ЗША, які існуе ў нашых партнэраў па ЭАЭС і СНД, у той жа Расеі, Армэніі, Казахстану... Канструктыўнае разнаплянавае супрацоўніцтва з Эўразьвязам адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам. Ключавая задача на пэрспэктыву — поўная нармалізацыя стасункаў...». (З дакладу Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе, 2016)
Што атрымалася. Беларусі ўдалося нармалізаваць адносіны з Эўразьвязам і ЗША. Брусэль адмяніў, а Вашынгтон абмежаваў санкцыі супраць Беларусі. Адбываюцца інтэнсіўныя дыпляматычныя камунікацыі. Менск і Брусэль рыхтуюцца да падпісаньня дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Амэрыканскі амбасадар неўзабаве вернецца ў Беларусь, а беларускі — у ЗША.
9. Беларусь ухілілася ад уцягваньня ў расейскія канфлікты
«Магу цьвёрда абяцаць вам: наша краіна ніколі ня будзе ўцягнутая ў чужыя войны і канфлікты». (Зь перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі, 2015)
Што атрымалася. Беларусь не падтрымала Расею ў яе канфлікце з Украінай і Захадам. Менск стаў пляцоўкай для ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу. Беларусь прэтэндуе на статус донара бясьпекі ў рэгіёне, беларуская сталіца імкнецца прэзэнтаваць сябе як новая Жэнэва, Хэльсынкі-2.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашэнка як міратворац у канфлікце вакол Украіны
10. Беларусь адмовілася разьмясьціць на сваёй тэрыторыі расейскую вайсковую базу
«Як кіраўнік дзяржавы я ня бачу сэнсу быць уцягнутымі ў гульню цягліцамі нашых заходніх і ўсходніх суседзяў. Ня час, і гэта ня трэба». (З выступу кіраўніка Беларусі перад вайсковым кіраўніцтвам 30 кастрычніка 2015 г.).
Што атрымалася. Нягледзячы на ціск Масквы, расейскай вайсковай базы на беларускай тэрыторыі за гэтае дзесяцігодзьдзе так і не зьявілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка не пабачыў неабходнасьці ў стварэньні расейскіх вайсковых базаў у БеларусіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў: Адмова Беларусі разьмяшчаць расейскую вайсковую базу — гэта сапраўды непрыемны эпізод