Амбасада Ўкраіны ў Іране і Міжнародныя авіялініі Ўкраіны апублікавалі некаторыя зьвесткі пра падзеньне самалёта МАУ пад Тэгеранам 8 студзеня. Таксама МАУ правяла брыфінг для журналістаў у аэрапорце «Барыспаль».
Што вядома на момант публікацыі:
- Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
- Усе на борце загінулі. На рэйс купілі квіткі 168 чалавек, але, паводле папярэдніх зьвестак, на борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу.
- МАУ пакуль не публікуе сьпісы загінулых. Пазьней — як абяцаюць, да канца дня — сьпісы зьявяцца на афіцыйным сайце авіякампаніі. Цяпер МАУ зьвязваецца са сваякамі загінулых, «аказвае ўсю магчымую дапамогу».
- Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
- Паводле папярэдніх зьвестак іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. МАУ перадавала, што цяпер у Іране вэрсіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца, але пазьней выдаліла гэты сказ з прэс-рэлізу. У інтэрнэце ж распаўсюджваюцца розныя чуткі пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША — ніякіх афіцыйных заяваў пра такую сувязь не было. Расьсьледаваньне маюць правесьці ўлады Ўкраіны і Ірану, кампанія Boeing. МАУ супрацоўнічае з украінскімі ўладамі, каб высьветліць прычыны катастрофы.
- Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі самалёт са 176 людзьмі разьбіўся ў Іране