Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэль ня выключыў, што менскі калядны турнір аматараў хакея на прыз прэзыдэнта Беларусі можа праходзіць пад эгідай арганізацыі. Пра гэта ён сказаў у эфіры праграмы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» .
Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль неаднаразова прызнаваліся ў сяброўскіх адносінах. Швайцарскі хакейны функцыянэр часты госьць у Менску і зьяўляецца ў пэўным сэнсе «адвакатам» беларускага рэжыму, абараняючы яго ад пагрозаў міжнародных санкцый за парушэньні ў галіне правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Турнір пастарэлых аматараў — піяр і асабістая забаўка Лукашэнкі»Сам турнір вядомы перадусім тым, што на гульні састарэлых вэтэранаў масава заганяюць школьнікаў, студэнтаў, бюджэтнікаў, а за каманду Лукашэнкі разам з былымі гуляюць і дзейныя хакеісты, што забаронена рэглямэнтам.
Нягледзячы на гэта, Фазэль заявіў, што турнір «пасьпеў зарэкамендаваць сябе і з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным», варта надаць яму статус афіцыйнага і праводзіць пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі хакея. Тым больш сёлета ў Менску дэбютавала каманда IIHF.
«Тут сабраліся хакеісты, якія прадстаўляюць больш за 20 краін. Гэта своеасаблівае яднаньне — вялікая сям’я вярнулася на лёд. Я ўдзячны прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за ідэю правядзеньня такіх спаборніцтваў і, што больш важна, за яе пасьпяховую рэалізацыю на працягу вось ужо 16 гадоў», — падкрэсьліў Рэнэ Фазэль.
Гэтаксама ён выказаў упэўненасьць, што чэмпіянат сьвету па хакеі, які ў 2021 годзе супольна прымуць Менск і Рыга, пройдзе на самым высокім узроўні.