Іншароднае цела ў калысцы беларускай дзяржаўнасьці. Сафійскі сабор супраць кадэцкай вучэльні

Гістарычная храналёгія Полацкага княства

Больш за паўсотні чалавек адгукнуліся на заклік гісторыка, археоляга Сяргея Тарасава сабрацца ля сьценаў Сафійскага сабору на публічную лекцыю «Полацак — пачатак беларускай дзяржаўнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку побач з Сафійскім саборам разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гісторыкі абураюцца

Праз экскурс у мінулае Полацкага княства, якое з поўным правам можна лічыць адпраўным пунктам доўгага і пакутлівага шляху да незалежнасьці Беларусі, адмысловец акцэнтаваў увагу на спробах «непрыхаванага зьдзеку з нацыянальнай памяці».

Слухачы публічнай лекцыі


Пэрформанс за незалежнасьць пад Сафіяй


Летась на тэрыторыі Верхняга замку пачалася маштабная рэканструкцыя. Згодна з плянамі гарадзкога Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва, да 2021 году ў будынках, якія працяглы час займаў шпітальны гарадок, разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гэта значыць, побач з саборам зьявіцца рэжымны аб’ект з усімі спадарожнымі выдаткамі ваенізаванай установы, які істотна ўскладніць подступы да Замчышча.

Сяргей Тарасаў, як ён сам кажа, з 58 гадоў свайго жыцьця 45 у той або іншай ступені прысьвяціў вывучэньню нетраў Полацку — у сваю першую археалягічную экспэдыцыю пад кіраўніцтвам выбітнага дасьледчыка Георгія Штыхава ён выправіўся ў 1975-м, калі быў яшчэ школьнікам. А ўжо потым, асабліва ў 1980-1990-х, капаў тут стала.

Від на пабудовы з боку Сафійскага сабору

Уся тэрыторыя прылеглая да Сафіі — гэта суцэльны музэй пад адкрытым небам, перакананы ён. Цягам сотняў гадоў тут узводзіліся манастырскія, храмавыя, асьветніцкія аб’екты, якія ў розныя эпохі зьнікалі і зноў паўставалі. Будаўнічая актыўнасьць савецкага часу ўжо нанесла непапраўную шкоду культурнаму пласту, сёньня бульдозэрная рэстаўрацыя пагражае зьнішчыць рэшткі таго, што яшчэ хавае гэтая зямля.

Гісторык Сяргей Тарасаў

«Я маю матывацыю ня толькі як навуковец, але і як грамадзянін, як беларус, — адзначыў Сяргей Тарасаў. — Пад пытаньнем захаваньне Верхняга гораду, які зьяўляецца, безь перабольшаньня, сэрцам, Граалем гісторыі Беларусі. А гэта значыць, што пад пытаньнем нашая агульная незалежнасьць! Я ня супраць зносу шпіталя (дзеля справядлівасьці, яму тут таксама ня месца), але катэгарычна супраць разьмяшчэньня побач з Сафійскім саборам кадэцкага корпусу».

У пацьверджаньне такой занепакоенасьці полацкія актывісты перад пачаткам сустрэчы нават зладзілі палітычны пэрформанс — каля памятнага знаку ў гонар «калыскі беларускай дзяржаўнасьці» склалі з асобных літараў на аркушах слова «Незалежнасьць».

Пэрформанс за незалежнасьць


Гістарычныя прабелы міністра адукацыі


Гісторык кажа, што быў шакаваны, калі на старонках «Полацкага весьніка» пабачыў цытату міністра адукацыі Ігара Карпенкі, які паабяцаў прыкласьці «максымум намаганьняў, каб пабудаваць у гістарычным цэнтры паўнавартасны кадэцкі корпус».

Пляцдарм пад кадэцкую вучэльню

«Мы з Карпенкам вучыліся на адным факультэце ў адным інстытуце, у нас былі тыя самыя выкладчыкі — тлумачыць сваё зьдзіўленьне Сяргей Тарасаў. — Але ці ён ня тых настаўнікаў слухаў, ці проста ня ведае, што гісторыя езуіцкага калегіюму — гэта 240 гадоў супраць 70 гадоў расейскіх кадэтаў, якія, прабачце, „адціснулі“ сабе чужое дабро! Таму для мяне гэта адна з галоўных падставаў быць тут, чарговы раз нагадаць, што Полацак — сэрца нашай дзяржавы».

Доступ на тэрыторыю ахоўваецца

Спробы пашырыць экскурсію на тэрыторыю, дзе якраз вядзецца зачыстка шпітальнага гарадка пад кадэцкую вучэльню, плёну ня мелі. Да цаглянай агароджы, за якой некалі хаваліся карпусы лякарні, па ўсім пэрымэтры дадаўся глухі двухмэтровы мэталічны плот. Уваход і выхад — праз КПП з ахоўнікамі, якія нікога з пабочных не прапускаюць.

Працы вядуцца за глухім мэталічным плотам

Між тым, паверх умацаваньняў бачна, што сілы на аб’ект кінутыя значныя — дзясяткі будаўнікоў, шмат спэцыяльнай і грузавой тэхнікі. Пад знос вызначаныя сем будынкаў, на іх якраз і шчыруюць. У астатніх абсталююць навучальны корпус, цэнтар вайсковай падрыхтоўкі, інтэрнат, харчавальны блёк. Таксама спраектаваны пляц для шыхтавых заняткаў і спартовыя пляцоўкі.

Будаўнічы друз

Раней кіраўніцтва гораду абяцала, што разам з будаўнікамі ў ахоўнай зоне будуць працаваць археолягі. Аднак у лепшым выпадку адмыслоўцаў сюды дапусьцяць вясной, пакуль жа спасылаюцца на тое, што руйнуюцца будынкі, якія «не ўяўляюць гістарычнай каштоўнасьці». Сяргей Тарасаў з улікам даўняга досьведу ўпэўнены: як толькі дойдзе да пракладкі камунікацый, «абавязкова залезуць у культурныя напластаваньні». Паводле папярэдніх ацэнак, каб застрахавацца ад непазьбежных стратаў, давядзецца перавярнуць каля 20 тысяч кубамэтраў зямлі.

Карпусы колішняй лякарні


Пляцоўка для прасоўваньня «русского мира»


У XIX стагодзьдзі дзеля «русского просвещения» пачалі стварацца кадэцкія вучэльні. Адна зь іх зноў зьбіраецца паўстаць побач з нацыянальнай сьвятыняй — Сафійскім саборам. Але ці тая гэта ўстанова, якой мусяць ганарыцца палачане дый наогул беларусы?

Частка былога езуіцкага калегіюму перададзена ўнівэрсытэту

Як вынікае з гістарычных дакумэнтаў, грунтоўную адукацыйную базу ў Полацку заклаў ордэн езуітаў. Яго дзейнасьць не спынялася нават пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай і пераходу пад юрысдыкцыю Расейскай імпэрыі. У калегіюм імкнуліся трапіць навучэнцы з аддаленых земляў, дзе чальцоў ордэну пачалі перасьледаваць. У 1828 годзе ў сэнат нават быў перададзены ўказ імпэратара Мiкалая I, які наказваў знайсьцi сродкi на Полацкую духоўную акадэмiю.

Скульптура полацкага студэнта

Але грымнула паўстаньне 1830 году, пляны зьмяніліся. Царскі ўрад зацьвердзіў «Палажэньне аб губэрнскіх кадэцкіх корпусах», якія мелі адкрыцца ў шасьці гарадах імпэрыі, уключна з Полацкам. 25 чэрвеня 1835-га, у дзень нараджэньня самаўладцы, з мэтай «проведения на Западном крае идеи русского просвещения, русского патриотизма и русского дела» на месцы колішняй піярскай вучэльні пачала працаваць навучальная ўстанова закрытага тыпу для падлеткаў 12–14 гадоў. Корпусу дасталіся будынак кляштару, дзесяць ордэнскіх дамоў і шэсьць скарбовых.

Расейскі арол на помніку “айчыннай вайне” 1812 году

Сюды накіроўвалі сваіх атожылкаў афіцэры і чыноўнікі, выпраўленыя ў Паўночна-Заходні край дзеля ўсталяваньня «русского мира». А вось дзяцей, чые бацькі ўдзельнічалі ў паўстаньні 1830–1831 гадоў, не прымалі (пасьля выступаў 1863-1864 гадоў гісторыя паўтарылася). Практычна ўсе выкладчыкі былі выхадцамі з цэнтральных губэрняў Расеі праваслаўнага веравызнаньня.

Асьветнік Сімяён Полацкі паміж рускімі казачнымі героямі

У 1838 годзе кадэцкая гаспадарка ўзбуйнілася былым езуіцкім касьцёлам Сьвятога Стэфана, які да 1830-га таксама належаў піярам. Ён быў пераасьвечаны ў праваслаўны Мікалаеўскі храм і служыў корпуснай царквой. Падчас інспэкцыі навучальнай установы сюды двойчы наведваўся Мікалай І.


Студэнты аказаліся менш значнымі за кадэтаў


Адзін са слухачоў публічнай лекцыі, полацкі літаратар Алесь Аркуш, расказаў, што адпачатку канцэпцыя разьвіцьця інфраструктуры ў раёне Сафійскага сабору закладалася прынцыпова іншая — зона прывабная для турыстаў. Аднак нечакана для месьцічаў вырашылі вярнуць гораду кадэцкі корпус, які працаваў тут ад 1835 году і да моманту кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе. Дзейнасьць установы была адноўленая ў 2010-м, цяпер навучэнцы займаюцца ў былой школе № 4.

Алесь Аркуш

«Проста неверагодна! — абураецца ён. — Былі спрэчкі, ці трэба адсяляць лякарню. Так, ёй тут ня месца, бо ня толькі наведнікі, нават хворыя пад Сафіяй пілі чарніла. І калі на чале гарвыканкаму быў палачанін Уладзімер Тачыла, прынялі рашэньне прыстасаваць будынкі пад іншыя мэты — перадусім турыстычныя. Потым яго памянялі, інвэстараў не знайшлі (можа і не шукалі). Хадзілі размовы, каб перадаць нерухомасьць унівэрсытэту — і гэта было б нармальна, яны ўжо займаюць іншыя карпусы езуіцкага калегіюму. Але ваенізаваны кадэцкі корпус у такім месцы — гэта жахліва».

Напамін пра гісторыка-культурную каштоўнасьць

Як кажа суразмоўца, наўрад ці знойдзецца шмат жыхароў, якія ўхваляюць пэрспэктыву гэткага суседзтва — калі з-за плоту вучэльні будуць даносіцца каманды камандзіраў ды пляцавы барабанны бой. Да таго ж, у горадзе дастаткова будынкаў, якія патрабуюць значна меншых фінансавых укладаньняў дзеля перапрафіляваньня пад навучальную ўстанову.

Месца, дзе Палата сустракаецца зь Дзьвіной

На падставе Комплекснай праграмы разьвіцьця Полацку быў распрацаваны інвэстыцыйны праект. Плянавалася ўзнавіць страчаныя будынкі базыльянскага кляштара, музэіфікаваць руіны храмаў і грамадзянскіх пабудоваў XII стагодзьдзя, стварыць цэнтар гісторыі і археалёгіі. А таксама аднавіць абарончыя вежы, збудаваць назіральныя пляцоўкі, пешаходны мост, гатэлі і кавярні ў сярэднявечным стылі.

Шпітальныя карпусы пад знос

Дзеля гэтага прадугледжваўся вывад мэдычных устаноў з ахоўнай зоны. Але фактычна толькі той пункт і рэалізаваны — на тэрыторыі Верхняга замку не зьявіліся ні гатэлі, ні кавярні, ні музэі, ні галерэі. Амбітныя пляны зьвяліся да перасяленьня ў гістарычныя будынкі кадэцкай вучэльні. Мяркуецца, што 300 кадэтаў заедуць у казармы 1 верасьня 2021 году.


Прайсьці шлях ад кадэта да каліноўца


Праектную дакумэнтацыю пад перапрафіляваньне былога шпітальнага гарадка распрацаваў інстытут «Віцебскграмадзянпраект». Згодна зь ёй, будаўнічыя працы ацэньваюцца прыкладна ў 30 мільёнаў рублёў. Генэральным падраднікам выступае прадпрыемства «Полацаксельбуд», якое дагэтуль адзначылася рамонтам будынку райвыканкаму, вадацяжнымі вежамі ды іншымі індустрыйнымі абʼектамі.

Будынак у працэсе разбору

Полацкія ўлады не камэнтуюць, адкуль узялося такое значнае фінансаваньне пад кадэцкую вучэльню, хоць ахвочых укладацца ў турыстычную галіну не знайшлося. Паводле зьвестак полацкага грамадзкага і прафсаюзнага дзеяча, старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міколы Шараха, сродкі выдаткаваныя па лініі так званай саюзнай дзяржавы, што цалкам уплятаецца ў ідэалёгію адраджэньня ўстановы з прарасейскім ухілам.

Мікола Шарах

«Ёсьць дамоўленасьць зь піцерскім інвэстарам адносна ўкладаньняў у адбудову кадэцкай вучэльні, — сьцьвярджае актывіст. — Зразумела, пры адсутнасьці вольных сродкаў гарадзкія ўлады ўхапіліся за прапанову і з задавальненьнем далі зялёнае сьвятло. Таму фінансаваньне не беларускае, а расейскае. Для палачанаў і ўсіх, хто неабыякава ставіцца да нашай гісторыі, такі варыянт абсалютна непрымальны. Сёньня ў запасьніках пыліцца вялізная колькасьць артэфактаў, бо іх няма дзе выстаўляць. А тут выдатныя плошчы, якія лягістычна зьвязаныя ў адзіны комплекс з Сафіяй».

Велічны Сафійскі сабор

Зрэшты, з усьмешкай дадае суразмоўца, калі іншых варыянтаў не прадбачыцца, няхай расейскі інвэстар укладаецца і надалей. Паводле яго, лепшыя часы, безумоўна, надыдуць, і тады неўсьвядомленыя кадэты стануць сапраўднымі беларускімі каліноўцамі.