Жывыя выступы і размовы пра творчасьць — ужо тры гады штотыдзень выходзіць музычная праграма Belsat Music Live. Добра вядомы ў сьвеце фармат музычнай перадачы перанялі з адзінаю мэтаю — якасна падаць беларускую музыку. Свабода пагутарыла з аўтарам BML, музычным экспэртам і заснавальнікам праекту TuzinFM.by Сяргеем Будкіным.
«Гэта дошка гонару беларускай музыкі»
«Трэба было стварыць тое, чаго ў беларускіх умовах не было», — кажа пра ідэю BML Сяргей Будкін. — Адна з задачаў праграмы — проста зацікавіць патэнцыйную аўдыторыю прыемным гукам, добрай карцінкай, цікавай размовай і паказаць, што ў нас багата ўсяго. У нас 117-я праграма выходзіць — 99% беларускіх выканаўцаў у розных стылях, ад опэры да рэп-музыкі. І цяпер у «сьпісе чаканьня» BML яшчэ блізу 150 выканаўцаў».
7 студзеня 2017 году ў эфір выйшла першая праграма Belsat Music Live з гуртамі Vuraj і Палац. Сяргей Будкін кажа, што няўдалымі з усіх выпускаў атрымаліся толькі тры, але каторыя, не прызнаецца.
Лявон Вольскі, «Песьняры», «Троіца», Dzieciuki, Neuro Dubel, Nizkiz, «Разьбітае сэрца пацана», Akute, Shuma, J: Морс — можна шматкроць паўтараць імёны зорак беларускай музычнай сцэны, і ўсе яны будуць сярод гасьцей BML.
«Гэта такая дошка гонару беларускай музыкі, — упэўнены Сяргей. — Напрыклад, мы запрашалі Надзею Кучар, якую на ВВС прызналі найлепшай опэрнай сьпявачкай сьвету».
Сяргей кажа, што праграма атрымліваецца, калі ад саміх музыкаў зыходзіць энэргетыка і сьвятло. Але ёсьць адметнасьць: беларускія музыкі існуюць у андэрграўндзе і цёмных клюбах, яны зусім не разбэшчаныя камэрамі і інтэрвію. Часьцяком выканаўцы бянтэжацца падчас здымкаў, тады Сяргею Будкіну і вядоўцы BML Міры Шульц даводзіцца працаваць ледзь не псыхолягамі, разьнявольваць і настройваць людзей.
«Плянуючы туры ў Таганрог і Чалябінск, расейскія музыкі ўключаюць туды ж і Магілёў з Гомлем»
Belsat Music Live — гэта ня толькі пра зорную беларускую музыку, але і пра адкрыцьцё новых імёнаў.
«Мы працуем, як той Сяржук Доўгушаў са сьпеўным сходамі, — бясплатна вучыць людзей народным сьпевам, ці як Глеб Лабадзенка, які вучыць альфабэту беларускаму, — разважае Сяргей Будкін. — На жаль, беларусы не цікавяцца сваім. Просты прыклад — гурт „Молчат дома“, які паехаў у другі эўрапейскі тур, і ў яго ўва ўсіх сталіцах эўрапейскіх гарадоў аншляг. Так, гэта залі на 300-400 чалавек, але калі яны паедуць па Беларусі, то будуць зьбіраць 5-10 чалавек. Бо нават артысты ўзроўню Вольскага часам у нейкім беларускім горадзе ня могуць сабраць дастойную іх колькасьць публікі».
Прычыны таму дзьве. Першая, лічыць Будкін, — вельмі моцны інфармацыйны ўплыў Расеі. Расейскія выканаўцы, плянуючы туры ў Таганрог, Чалябінск і Волагду, уключаюць туды ж і Магілёў з Гомлем і Віцебскам. Там у іх адна публіка, якая жыве тымі ж каштоўнасьцямі. Дастаткова паглядзець на афішы ля прыпынкаў і білборды. Вядома, што людзі чуюць, на тое і ходзяць. А калі б Belsat быў «на кнопцы» сярод беларускіх тэлеканалаў, было б больш шансаў, што беларускіх артыстаў заўважылі б.
Другая — беларуская музыка існуе ў дзьвюх рэальнасьцях. Немагчыма ўявіць сабе гурт Dzieciuki на БТ, але гэтаксама і «афіцыёзныя» выканаўцы не знаходзяць водгуку ў людзей з пэўным нацыянальным настроем. Гэткі падыход BML спрабуе ламаць.
«Адна з мэтаў нашай праграмы — паказаць, што музыка яднае беларусаў розных поглядаў, — кажа Сяргей. — У нас выступалі і „Камэрата“ (філярманічны вакальны ансамбль, Заслужаны калектыў Беларусі. — РС), і дзяржаўны ансамбль „Песьняры“, зараз будзе Ганна Шаркунова... Мы спрабуем зьвязаць гэтыя паралельныя рэчаіснасьці, калі гэта не зашквар, калі гэтыя людзі не нарабілі таго, за што нам самім было б сорамна».
«У навагоднім шоў Шаркунова сьпявае тэкст Міхалка ў перакладзе NEXTA»
Пра Ганну Шаркунову размова асобная, кажа Будкін: нядаўна яна запісала кавэр на «Воіны сьвятла», а цяпер і дуэт са Зьмітром Вайцюшкевічам — перасьпявалі сёлетні гіт зь фільму «Зорка нарадзілася». Жывую прэм’еру гэтага дуэту дакладна варта чакаць на BML.
«Калі я бачу, што артыст выходзіць з зоны свайго камфорту, нешта спрабуе зрабіць (тады ён цікавы. — РС), — кажа Будкін. — Шаркунова ў нашым навагоднім шоў удзельнічала. Яны з Гурковым там сьпявалі Міхалка ў перакладзе NEXTA. Такі замут!»
Посьпех магчымы толькі на глебе ўзаемапаразуменьня. Сяргей лічыць, што саступіць мусяць абодва бакі. І зацятыя беларускамоўныя нацыяналісты павінны прызнаць права расейскамоўных на свой кавалак творчасьці. Менавіта за расейскамоўных гасьцей праект часам крытыкуюць у камэнтарах пад відэа.
«Мы выйшлі з сытуацыі, на жаль, калі зьяўляюцца цалкам беларускамоўныя праекты, — кажа Сяргей. — Магчыма, круты кампраміс мусіць быць у тым, што ў кожнага беларускага артыста павінна быць песьня па-беларуску. Вось Корж, які ўзначальваў калісьці ў Лунінцы суполку „Зубр“, цалкам самадастатковы артыст, які зьбірае стадыёны. Чаму ён ня можа песьню па-беларуску запісаць, якая б шмат чаго памяняла ў галовах тысячаў людзей у пляне стаўленьня? Мне ня хочацца яго вінаваціць у гэтым. Але я разумею, што ён не карыстаецца сваім рэсурсам, каб паспрыяць зьмене сытуацыі».
На кожнай праграме гасьцям прапануюць альбо прасьпяваць па-беларуску, альбо зрабіць стары ці забыты беларускі гіт. Так, папулярны ўкраінскі гурт Hardkiss граў у BML акустычны сэт і сьпеў па-беларуску сваіх «Журавоў» у перакладзе Андрэя Хадановіча. І гэта была самая папулярная праграма BML.
«Яны размаўлялі па-ўкраінску, а вядоўца Міра Шульц па-беларуску, і яны адзін аднаго разумелі, — узгадвае Сяргей. — І вельмі зьдзіўленая была публіка, у асноўным украінская, тым, наколькі падобныя мовы і як выдатна іхная песьня гучыць па-беларуску».
«Нашы чыноўнікі жывуць маскоўскімі шаблёнамі: ёсьць там «Песьня году», мы зробім сваю «Песьню году» і назавем яе «Песьня году»
Украінскі музычны рынак увогуле стаў неблагім прытулкам для беларусаў. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы папулярным талент-шоў, такім, як «Голас» і «Х-фактар». Але ў Беларусі такую франшызу раскруціць ужо будзе цяжка, хаця б і таму, што большасьць беларусаў ужо «перабралі» украінцы. Украінскія мэнэджэры працуюць наўпрост зь беларускімі выканаўцамі, і на «Голас краіны» ня зьезьдзіў хіба што лянівы. Таму Сяргей упэўнены: ня трэба плаціць «чужому дзядзьку», варта раскручваць свае праекты і рабіць акцэнт на галоўнай мясцовай асаблівасьці.
«А галоўная мясцовая асаблівасьць — гэта, па-першае, беларуская мова, — кажа Будкін. — Украінцы гэта адкрылі для сябе пару гадоў таму, калі ўвялі абавязковы працэнт сьпеваў па-ўкраінску на радыё. Калі нават англамоўныя і расейскамоўныя зоркі вымушаныя былі запісваць песьні па-ўкраінску. І акурат тут вынаходзіць нешта новае ня варта, бо гэты шлях ужо шмат кім пройдзены. Проста трэба сядаць за стол і дамаўляцца, у тым ліку незалежным прадусарам і прамоўтарам зь дзяржаўнымі. А нашыя чыноўнікі жывуць думкамі: «нам бы ў Маскву, нам бы да Урганта». Яны жывуць паўтарэньнямі маскоўскіх шаблёнаў: ёсьць там «Песьня году», мы зробім сваю «Песьню году» і назавем яе «Песьня году».
У беларускамоўных выканаўцаў ёсьць і чыста тэхнічныя праблемы. На радыё і тэлебачаньні беларускамоўная музыка лічыцца нефарматнай, праз што нарадзілася чыста беларуская зьява — андэрграўндны поп. Нават рэкляму ў YouTube нельга разьмясьціць па-беларуску: BML даводзіцца перакладаць назвы праграмаў на расейскую мову. А тады ўжо ізноў трапляеш у агульную расейскамоўную інфармацыйную плынь, канкураваць зь якой цяжка.
«Калі б „Народны альбом“ ці „Я нарадзіўся тут“ выходзілі сёньня, яны таксама праляцелі б міма ў бягучай інфармацыйнай плыні, — падсумоўвае Будкін. — Калі б нашая праграма выходзіла пяць гадоў таму, яна была б большай падзеяй, чым цяпер. Але гэта праца на доўгатэрміновую пэрспэктыву. Мы забягаем як бы наперад запыту. Гэта можа быць запатрабавана празь пяць гадоў, дзесяць, калі будзе попыт ужо на нешта незвычайнае, сваё, захочацца пабачыць нешта нешаблённае. Вынікае, што мы не адсталыя, а працуем на апярэджаньне. На жаль ці на шчасьце».