4 студзеня зь пятай спробы адвакату былога кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка ўдалося наведаць яго ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна. Дагэтуль абаронцам 4 разы адмаўлялі ў наведваньні турмы — нібыта праз брак «вольных памяшканьняў для сустрэчаў».
Вікторыя Фёдарава з арганізацыі «Прававая ініцыятыва» расказала Свабодзе пра вынікі сустрэчы Стася Шашка з адвакатам.
«Пераканалася, што Стась у нармальным стане, ня скардзіцца на ўмовы і ежу. Атрымліваў перадачы і цяпер атрымлівае карэспандэнцыю. Трымаюць яго ў адзіночнай камэры, а раней сядзеў зь бяздомным, але ня скардзіўся. Стасю надалі неабходную юрыдычную дапамогу — падрыхтавалі скаргу на пастанову суду, які адправіў яго адбываць арышт. Узьнікае пытаньне: дзеля чаго была гэтая забарона на наведваньні адваката?» — зьдзіўляецца праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмелая першакурсьніца, прынцыповыя назіральнікі і ўвесь «Моладзевы блёк». Хто стаў героем выбарчай кампаніі?Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Станіслаў Шашок 27 сьнежня быў асуджаны на 15 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел ў мітынгах у абарону незалежнасьці ў Менску 7 і 8 сьнежня. 30 сьнежня ў турму на завулку Акрэсьціна да Стася Шашка прыйшоў адвакат, але яго не пусьцілі наведаць падабароннага. Новыя спробы адваката прайсьці ў ізалятар да сёньняшняга дня таксама былі марнымі. Паводле актывісткі «Прававой ініцыятывы», сытуацыі з наведваньнем арыштантаў у ізалятары на Акрэсьціна трэба надаць асаблівую ўвагу.
«Мы бачым, што гэта не аднаразовы факт, а сыстэмная праблема. Як толькі на Акрэсьціна трапляюць арыштаваныя за акцыі пратэсту, абаронцам штучна перашкаджаюць наведваць іх. Тое, што адбылося з Стасем Шашком, раней было і з актывістам Пятром Маркелавым. Мяркую, за час ізаляцыі на іх спрабавалі чыніць ціск, таму і не пускалі абаронцаў. Мы падрыхтавалі скаргу на такія дзеяньні адміністрацыі цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў і пойдзем зь ёю на асабісты прыём да начальніка гарадзкой управы міліцыі», — паведаміла Вікторыя Фёдарава.
На волю Стась Шашок мусіць выйсьці ўвечары 10 сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новы год сустрэлі праз два дні». Як прайшлі сьвяты ў сем’ях зьняволеных за пратэсты супраць інтэграцыі