Ва Ўкраіне вызначылі кампанію, якая будзе паглыбляць дно на ўкраінскім участку Прыпяці, што дазволіць аднавіць рачное суднаходзтва між Беларусьсю і Ўкраінай. Двухбаковы рачны маршрут зьяўляецца першым этапам аднаўленьня міжнароднага воднага шляху Е40.
Да канца 2020 году кампанія «СОБІ» (яна праводзіла аналягічныя работы на Дняпры ў 2019 годзе) мусіць вычарпаць з Прыпяці 100 тысяч кубамэтраў глебы — гэта забясьпечыць гарантаванае праходжаньне караблёў на глыбіні 1,6 мэтра пры шырыні 35 мэтраў і радыюсе акружнасьці 300 мэтраў. Кошт работ ацэньваецца ў 9,9 мільёна грыўняў (крыху больш як 400 тысяч даляраў у эквіваленце). Агульная даўжыня суднаходнай Прыпяці складае 64,5 кілямэтра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства прыроды няўпэўненае ў бясьпечнасьці воднага шляху E40Як адзначаецца ў тэксьце дамовы, якую падпісалі Адміністрацыя марскіх партоў Украіны і кампанія «СОБІ», пачатку работ для паглыбленьня дна будзе папярэднічаць радыяцыйнае дасьледаваньне.
«Тэхнічнае заданьне паглыбленьня дна Прыпяці мае свае асаблівасьці. Перш за ўсё, гэта тычыцца выкананьня ўсіх патрабаваньняў і працэдур, вызначаных адміністрацыяй зоны адчужэньня. Такім чынам, спачатку правядуць папярэднія дасьледаваньні ўзроўню радыялягічнага забруджваньня. На іх падставе адміністрацыя зоны адчужэньня мае выдаць дазвол на работы, якія будуць весьціся пад яе пастаянным кантролем», — паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка Адміністрацыі марскіх партоў Украіны Райвіс Вецкаганс.
Летась на прэс-канфэрэнцыі для ўкраінскіх СМІ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для аднаўленьня суднаходзтва па Дняпры празь Беларусь і Ўкраіну беларускі бок «зрабіў усё», і Беларусь узяла на сябе абавязак паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра, каб там маглі прайсьці караблі патрэбных клясаў. Цяпер «пытаньне за вамі» — Украіна павінна паглыбіць дно ракі на сваёй тэрыторыі, сьцьвярджаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм'ер Украіны распавёў пра магчымасьць злучыць водным шляхам Балтыку і Чорнае мора празь БеларусьПазьней, 4 кастрычніка 2019 году, міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій заявіў, што для аднаўленьня міжнароднага воднага шляху Е40 на ўкраінскім участку Прыпяці трэба паглыбіць дно да 2,65 мэтра. Кошт гэтых работ ацэньваўся ў 20-30 мільёнаў эўра.
Тады ж міністар транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка паабяцаў, што, перш як канчаткова зацьвердзіць праект стварэньня трохбаковага воднага транспартнага шляху ад Балтыйскага да Чорнага мора праз Прыпяць, да абмеркаваньня далучаць экалягічную грамадзкасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна абяцае пачаць працы для стварэньня воднага шляху Е-40, а Беларусь — далучыць эколягаўАле ўжо празь некалькі тыдняў пасьля двухбаковых беларуска-ўкраінскіх перамоў аб аднаўленьні воднага шляху Е40 Беларусь, Украіна і Грузія падпісалі супольны пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне транспарту з выкарыстаньнем транспартна-лягістычнай інфраструктуры трох краінаў. Тады ж украінскі міністар заявіў, што водны шлях Е40 мае быць уключаны ў лягістычныя маршруты, якія ўжо існуюць паміж Беларусьсю, Украінай і Грузіяй.
Эколягі думку не памянялі: Е40 — шлях у нікуды
Эколягі прызнаюць эканамічныя выгады рэалізацыі гэтага праекту, але адначасова папярэджваюць аб пагрозе распаўсюджаньня радыяцыі на вялікія адлегласьці ў выпадку правядзеньня паглыбленьня дна Прыпяці, пацярпелай ад чарнобыльскай катастрофы.
Адразу пасьля актывізацыі «водных» перамоў між Беларусьсю і Ўкраінай старшыня Нацыянальнай экалягічнай рады Аляксандар Чысьцякоў заявіў:
«Радыяцыя нікуды не падзелася — яна схавалася пад імхамі, пад пяскамі. І калі цяпер пачнуць расчышчаць, выгладжваць і паглыбляць Прыпяць, каб зрабіць яе суднаходнай, увесь гэты радыяцыйны кактэйль паплыве ўніз па Дняпры. І маленькі, лякальны Чарнобыль ператворыцца ў краіну Чарнобыль. Мы размажам гэтую радыяцыю па ўсёй краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Ўкраіна залучаюць Грузію ў лягістыку воднага шляху Е40Экспэрт перакананы, што найперш трэба праводзіць супольную працу для аздараўленьня водных рэсурсаў басэйну Дняпра.
«Беларусы, каб мець доступ да аднаго з мораў, напэўна, гатовыя на ўсё, нават зубра на шашлыкі пусьціць, — сказаў эколяг. — Зразумела, я жартую, але чаму я пра гэта гавару? Па ўчастку Прыпяці ў Беларусі знаходзіцца 13 заказьнікаў, два нацыянальныя паркі, якія маюць значэньне ня толькі для Беларусі, але і для Эўропы агулам. Нельга выпростваць раку Прыпяць!»
Гісторыя праекту
У ліпені 2017 году кіраўнікі Ўкраіны і Беларусі Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка агучылі ініцыятыву аб аднаўленьні воднага шляху Е40, а ў 2016-м адпаведны мэмарандум Беларусь падпісала з Польшчай.
Пазьней Беларусь і Ўкраіна падпісалі «дарожную мапу» рэалізацыі гэтага праекту.
Для паўнавартаснага аднаўленьня суднаходнага шляху Е40 «Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора» неабходна паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС — Ніжнія Жары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Ўкраіна дамовіліся пра аднаўленьне воднага шляху Е-40. Бізнэс і эколягі — супрацьМагчымасьць рэалізацыі праекту абмяркоўваецца ад 2011 году, але пакуль што дакумэнты аб аднаўленьні воднага шляху Е40 мелі хутчэй дэклярацыйны, чым практычны характар.
Адразу пасьля абвяшчэньня плянаў аднавіць водны шлях Е40 каля 20 недзяржаўных экалягічных арганізацый Беларусі, Польшчы і Ўкраіны разгарнулі кампанію #STOP_E40. Пазьней беларускія бізнэс-асацыяцыі (Саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара М. C. Куняўскага, Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя) ня раз заклікалі ўрад адмовіцца ад рэалізацыі гэтага праекту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Ўкраіна залучаюць Грузію ў лягістыку воднага шляху Е40