Ад 1 студзеня Расея спыніла пастаўку нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. На НПЗ у Наваполацку Свабодзе, што працуюць на леташніх запасах.
Сьцісла
- 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам праз Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- 31 сьнежня Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба».
- Менск і Масква не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзены страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019.
Масква і Менск дагэтуль не дамовіліся па ключавых пытаньнях адносна цаны на нафту, тарыфу на транзыт праз тэрыторыю Беларусі, а таксама аб кампэнсацыі за пагаршэньне эканомікі беларускіх НПЗ пасьля так званага падатковага манэўру ў Расеі.
Адсутнасьць кантрактаў Свабодзе пацьвердзілі ва ўпраўленьні рэалізацыі нафтапрадуктаў наваполацкага «Нафтану».
Суразмоўца сказаў, што ад 1 студзеня спыненыя пастаўкі расейскай сыравіны, новых дамоўленасьцяў з нафтавымі кампаніямі няма. Прадпрыемства працуе на рэштках, якія засталіся ад мінулага году. Пры гэтым загрузкі даводзіцца зьніжаць. Аналягічная сытуацыя і ў на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Мазыры, адзначыў супрацоўнік адміністрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Перамовы аб цэнах на расейскую нафту для Беларусі ў 2019 годзе скончыліся дамовай на пастаўкі без заключэньня кантрактаў. Адначасова з тым Аляксандар Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба».
Крыніцы Reuters раней дапускалі, што пастаўкі могуць быць прыпыненыя ад 1 студзеня, бо ня вызначаныя ўмовы гэтых паставак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прывід нафтагазавай вайныШто кажуць у Расеі
Папярэдні графік экспарту і транзыту расейскай нафты прадугледжваў пастаўкі 5,84 мільёна тон сыравіны на беларускія НПЗ у студзені-сакавіку 2020 году — гэта на 1,5 мільёна тон больш у параўнаньні з апошнім кварталам 2019-га. І ў Наваполацку, і ў Мазыры лічаць, што выйсьці на поўны аб’ём паставак згодна першапачатковых плянаў ужо ня ўдасца.
Масква і раней папярэджвала, што ў адсутнасьць дамоваў ад 1 студзеня прыпыніць пастаўкі нафты ў Беларусь. Выглядае, што нічога пэўнага адносна аднаўленьня паставак ня будзе да сярэдзіны студзеня — у маскоўскім офісе дзяжурны супрацоўнік кампаніі «Транснефть» паведаміў Свабодзе, што адказныя мэнэджэры кампаніі на навагодніх вакацыях.
Запасаў хопіць на 20 дзён
«Транснефть» не атрымлівала заявак ад нафтаздабываючых кампаній Расеі на пастаўкі зь 1 студзеня сыравіны на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі. Пры гэтым транзыт нафты праз тэрыторыю краіны ажыцьцяўляецца ў поўным аб’ёме, паведаміў агенцтву ТАСС афіцыйны прадстаўнік кампаніі Ігар Дзёмін.
У нафтавых кампаніях прыпыненьне паставак у Беларусь пакуль не камэнтуюць.
Са спасылкай на інфармаваныя крыніцы таксама сьцьвярджаецца, што на нафтаперапрацоўчых заводах ў Наваполацку і Мазыры досыць значныя запасы сыравіны — парадку 500 тысяч тон нафты. Такога аб’ёму хопіць прыкладна на 20 дзён працы.
Раней у канцэрне «Белнафтахім» заявілі, што загрузка НПЗ зьніжаная «да мінімальнага тэхналягічна дазволенага ўзроўню». Меркавалася, што ў 2020 годзе Беларусь мае закупіць у Расеі 24-25 млн тон нафты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка дамовіўся зь Мядзьведзевым аб пастаўках расейскіх вуглевадародаў у Беларусь без кантрактаў
У канцы года Лукашэнка даручыў «падключыць альтэрнатыўныя крыніцы»
У апошнія дні 2019 году кіраўнікі дзьвюх краін правялі тэлефонныя перамовы, па выніках якіх Аляксандар Лукашэнка склікаў 31 сьнежня нараду з кіраўніцтвам нафтахімічнага комплексу. Лукашэнка тады расказаў, што ў яго таксама адбыліся «непратакольныя размовы» з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым і міністрам энэргетыкі Аляксандрам Новакам. У абодвух выпадках была выказаная занепакоенасьць тым, што дагэтуль няма кантрактаў на пастаўку нафты ў Беларусь. Адпаведна, пад пагрозай бесьперабойная праца профільных заводаў у Наваполацку і Мазыры.
У зьвязку з гэтым Аляксанар Лукашэнка даручыў «падключыць альтэрнатыўныя крыніцы». Перш за ўсё гаворка пра пастаўкі сыравіны чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічаньні нафтаправоду «Дружба». Падчас нядаўняга інтэрвію расейскаму журналісту Аляксею Венядзіктаву ён заявіў, што ў адсутнасьць паразуменьня з Расеяй мусіць думаць пра «рэвэрс нафты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра менскія пратэсты, расейскую пагрозу і зьніклых апазыцыянэраў. Што Лукашэнка расказаў у інтэрвію Венядзіктаву«Самы танны маршрут — праз Польшчу, яны прапануюць узяць нафту саудаўскую або амэрыканскую. У мяне тры трубы нафтаправоду „Дружба“. На першым этапе забіраю адну і рэвэрсам пастаўляю на НПЗ. У нас два магутныя заводы, глыбіня перапрацоўкі як у Эўропе. Пойдзе нармальна — забяру рэвэрсам другую трубу. У вас застанецца адна. Вы 60-70 мільёнаў тон па гэтых трубах пампуеце нафту на прэміяльны заходні рынак. Калі я забіраю дзьве трубы, у вас застанецца для прапампоўкі 20 мільёнаў, а не 60», — сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён згадаў, што ўжо мае досьвед альтэрнатыўных паставак з Вэнэсуэлы — падчас чарговага канфлікту з Расеяй праз акіян было перакінута 11 мільёнаў тон нафты.
Паводле Лукашэнкі, Беларусь мае магчымасьць забясьпечыць сябе нафтапрадуктамі ў поўным аб’ёме, аднак спыненьне паставак адбіваецца на эканоміцы — экспарт нафтапрадуктаў значна папаўняе бюджэт. У канцэрне «Белнафтахім» не абазнаныя адносна тэрмінаў аднаўленьня перамоваў пра пастаўкі нафты, аднак схіляюцца да думкі, што гэта здарыцца ўжо ў сярэдзіне студзеня, калі ў Расеі завершацца навагодне-калядныя вакацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даўгі на паўмільярда даляраў — вынік беларускай «экспансіі» ў Вэнэсуэлу
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»