Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла: «Не давайце нікому прадаць ваш край за крыху нафты!»


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з новым 2020 годам.

Тэкст звароту цалкам апублікаваны на вэб-сайце Рады БНР.

«Жадаю ўсім вам усяго найлепшага, але перадусім мужнасьці, веры ў свае сілы і любові да зямлі вашых продкаў. Бо ад вас залежыць, ці Айчына наша застанецца незалежнай дзяржавай і дасьць адпор імпэрыялістычным амбіцыям нашага ўсходняга суседа, ці не, – піша Івонка Сурвіла. – Народ, годны гэтага імя, ня пойдзе добраахвотна назад у імпэрыю, якая зрабіла столькі шкоды яму на працягу ўсяе яго гісторыі. Каб ён ня ведаў пра гэтыя злачынствы, дасюль хаваюцца ад яго праўда пра яго мінулае, у школах вучаць чужую гісторыю, прамываюць ад дзяцінства мазгі, каб пераканаць, што захопнік добразычлівы, што ён той «старэйшы брат», без якога наш край ніколі ня можа абысьціся!».

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі кажа, што «у сапраўднасьці ж, шантажуецца наш народ хлусьлівымі абяцанкамі выключна каб адабраць ад яго тую жыцьцяздольнасьць, якая дазволіла яму выжыць дзесяць стагодзьдзяў на гэтай зямлі. Ня верце, мае дарагія суродзічы, афіцыйнай прапагандзе. Не давайце нікому прадаць ваш край за крыху нафты!».

«Дабрабыт нашага народу ніколі не ішоў з Усходу, – піша Івонка Сурвіла. – Наадварот, суседняя імпэрыя вечна выкарыстоўвала ваш розум, вашую працавітасьць і вашыя маладыя памкненьні, каб бараніць свае ўласныя інтарэсы і абшары. Старшыня Рады БНР перакананая, што Зьвяртаюся да кожнага беларуса на гэтай зямлі: бараніце гэтую дадзеную вам Богам зямельку, за якую продкі вашыя аддавалі ня раз на працягу стагодзьдзяў сваё жыцьцё».

Старшыня Рады БНР перакананая, што «адзінае, што «паглыбленая інтэграцыя» зробіць, гэта паглыбіць вашую залежнасьць ад чужое краіны, ад якой наш народ здолеў вызваліцца 25 сакавіка 1918 году. Беларускі народ разумны, працавіты і жыцьцяздольны, і ён дае сабе рады, калі ня будзе чужых гаспадароў у яго хаце!».
Зварот Івонкі Сурвілы завяршаецца наступнымі словамі: «Выходзьце тысячамі бараніць незалежнасьць вашай зямлі! Бо, як казаў у 1864 годзе Кастусь Каліноўскі, «толькі тады, народзе, зажывеш ты шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе!». Жыве Беларусь!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG