Што вядома пра хлопца, які сьцьвярджае, што напаў на РАУС у Верхнядзьвінску

Г.

Свабода паразмаўляла з кляснай кіраўніцай і аднаклясьнікамі хлопца, які разьмясьціў на Youtube зварот і ўзяў на сябе адказнасьць за напад на міліцыянтаў у Верхнядзьвінску.

Афіцыйнай інфармацыі пра асобу нападніка і падрабязнасьцяў пра здарэньне няма.

Аўтару відэа Г. 18 гадоў. Ён са Смаргоні і летась скончыў школу.

Алена Яўгенаўна, былая клясная кіраўніца Г., вельмі расстроеная навінамі пра хлопца.

«Я шчыра шкадую, што яго ніхто не спыніў. Ён з нармальнай
сям’і. Маці працуе. На жаль, бацькі разьвяліся, але цяпер такіх сем’яў шмат, і гэта не падстава казаць, што яму нечага не хапала».

Як даведалася Свабода, бацька Г. — прадпрымальнік Юрый. Ён уладальнік некалькіх крамаў у Смаргоні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На youtube зьявіўся відэазварот, у якім хлопец бярэ на сябе адказнасьць за напад на міліцыянтаў

Алена Яўгенаўна кажа, што Г. ня мог наладжваць стасункі з аднаклясьнікамі, ня меў сяброў. Ён памяняў некалькі школ і ў клясе Алены Яўгенаўны вучыўся апошнія два гады.

«Гэта быў ваенна-патрыятычны кляс. Мы спадзяваліся, што яму будзе цікава. Г. заўжды захапляўся гісторыяй. У яго трэцяе месца на абласной алімпіядзе па гісторыі ў 11-й клясе. Мы вельмі ганарыліся ім. Але зь іншымі дзецьмі ў яго аніякіх кантактаў не было. Абсалютна. Ён сам па сабе, такі воўк-адзіночка».

Знаёмыя ў размове са Свабодай характарызуюць Г. як агрэсіўнага чалавека.

«Гэты хлопец быў вельмі закрыты! Таму мы не кантактавалі, і я яго ня ведаў! Але ў школе ён часта пагражаў нам. Мы лічылі, што гэта ўсё жарт», — распавядае былы аднаклясьнік Г.

Алена Яўгенаўна кажа, што зь ім было цяжка працаваць, у яго ўвесь час былі канфлікты з аднаклясьнікамі і настаўнікамі. «Непакладзісты, неадаптаваны да жыцьця ў грамадзтве», — кажа пра былога вучня настаўніца.

«Вельмі інтэлектуальна разьвіты, прамы, зусім ня ўмее хітраваць. У мяне такое пачуцьцё, што ён ня гэтага часу дзіця. Калі б ён жыў у XVII стагодзьдзі, біўся б на дуэлях, можа, у больш дэмакратычным грамадзтве сябе неяк праяўляў... Але ў гэтым грамадзтве яму было вельмі некамфортна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На youtube зьявіўся відэазварот, у якім хлопец бярэ на сябе адказнасьць за напад на міліцыянтаў

Паводле словаў іншага аднаклясьніка, Г. гуляў у кампутэрную гульню Counter-Strike, хадзіў у музычную школу і граў на гітары.

«Ён сам вельмі разумны. Перамагаў на алімпіядах. Але па адзнаках, што было дзіўна, у яго не вельмі добра ўсё было. Ён ведаў, як што рабіць, але не рабіў. Ён тупа сядзеў і не пісаў. Заўсёды ў школу спазьняўся хвілін на 20, кожны дзень, рэдка, калі своечасова прыходзіў. Яго мама казала, што гэта з прычыны таго, што яму не падабалася, калі на яго ўсе глядзяць. Маўляў, раніцай шмат людзей у школе», — кажа знаёмы Г.

Ён дадае, што сяброў у Г. не было.

«Былі ўмоўныя. Аднаклясьнікі зь іншай школы, зь якімі ён пару словамі перакінуўся і ўсё».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён добры хлопец, заўсёды вітаецца». Рэпартаж са Стоўпцаў, дзе падлетак забіў настаўніцу на ўроку гісторыі

Алена Яўгенаўна мяркуе, што ў Г. былі не такія простыя стасункі з маці. У сям’і таксама ёсьць дарослы старэйшы брат. Аднак Г. заўжды быў дагледжаным дзіцём, маці актыўна цікавілася яго жыцьцём. Бацьку Г. клясная кіраўніца ніколі ня бачыла і ня ведае, ці падтрымлівае ён стасункі з хлопцам. Паводле яе зьвестак, бацькі Г. разьвяліся, калі той вучыўся ў 5-й клясе. Пакуль Свабодзе не ўдалося зьвязацца зь імі.

Вучыўся Г. добра. Пасьля школы нібыта паступіў у Полацкі ўнівэрсытэт (гэта пацьвердзіць не ўдалося — РС). Дзе ён мог пазнаёміцца з ідэямі, якія падштурхнулі яго да гэтага ўчынку, настаўніца нават не ўяўляе.

«Адзіночка», — кажа пра Г. былая настаўніца. — Нейкая нэрвовасьць у ім была, сум у вачах. Магчыма, нават нешта на ўзроўні псыхікі. Гэта было праблемнае дзіця».

Алена Яўгенаўна вельмі шкадуе пра тое, што здарылася з былым вучням.

«Ён мог бы стаць вучоным, зрабіць кар’еру. А цяпер гэта паламаны лёс на самым узьлёце — ці турма ці псыхушка».

Міліцыя настаўніцу яшчэ не апытвала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці забойцы з бэнзапілой кажа, што з сына зьдзекуюцца ў турме

Раніцай 1 студзеня зьявілася інфармацыя, што 18-гадовы хлопец пры затрыманьні раніў двух супрацоўнікаў Дэпартамэнту аховы. Пазьней знайшоўся відэазварот Г. на Youtube, а таксама канал у Telegram. Паводле непацьверджанай інфармацыі перад затрыманьнем хлопец кінуў у будынак Верхнядзьвінскага РАУС бутэльку з падпальнай вадкасьцю.