Беларусь і Расея апынуліся на парозе новай нафтагазавай вайны.
Сьцісла
- Заява Лукашэнкі па выніках ягоных перамоваў з Пуціным у Санкт-Пецярбургу аб тым, што па газу і нафце яны «канцэптуальна дамовіліся», не адпавядае рэчаіснасьці
- Перад Новым годам кіраўніцтва Беларусі працавала ў рэжыме крызысу і надзвычайнасьці
- За пару гадзін да Новага году падпісныя часовыя кантракты па газу, якія прадугледжваюць, фактычна, рост цэнаў
- Кантракта па нафце пакуль няма, і незразумела, як Беларусь будзе выходзіць з гэтага становішча
Супярэчлівыя заявы
Аляксандр Лукашэнка 20 сьнежня па выніках сваіх перамоваў з Уладзімерам Пуціным у Санкт-Пецярбургу упэўнена заявіў, што па газу і нафце яны «канцэптуальна дамовіліся». Як адзначыў беларускі лідэр, у 2020 годзе Беларусь купляе ў Расеі прыкладна 20 млрд кубаметраў газу.
«Па аб’ёмах мы дамовіліся, і па нафце дамовіліся, што купім у Расеі 24-25 млн тон нафты. Цэны будуць не вышэй за ўзровень бягучага 2019 году... Па нафце на працягу двух дзён будзе кошт. А па газе, думаю, два-тры дні. У аўторак у „Газпраме“ спэцыялісты сустрэнуцца, і ўжо будуць канкрэтныя лічбы. Але ў цэлым цана застаецца на ўзроўні бягучага году», — упэўнена казаў тады Лукашэнка.
І вось цяпер на мяжы старога і новага году высьветлілася, што ўсё зусім ня так. Ці то Лукашэнка тады выдаў жаданае за сапраўднае, ці то Пуцін перадумаў, ці то кожны бок па-свойму інтэрпрэтаваў тое, пра што дамовіліся.
Рэжым крызісу
Перад Новым годам кіраўніцтва Беларусі працавала ў рэжыме крызысу і надзвычайнасьці. Два дні запар (30 і 31 сьнежня) Лукашэнка з Пуціным праводзілі інтэнсіўныя тэлефонныя перамовы.
Потым кіраўнік Беларусі тэлефанаваў расейскаму прэм’еру Дзьмітрыю Мядзьведзеву, міністру энэргетыкі РФ Аляксандру Новаку.
31 сьнежня Лукашэнка правёў надзвычайную нараду з кіраўніцтвам нафтахімічнага комплексу.
31 сьнежня беларускі мiнiстар замежных спраў Уладзімір Макей раптам, тэрмінова прыняў амбасадара РФ у Беларусі Дзмітрыя Мезенцава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква і Менск дамовіліся аб цане на газ — але толькі на два зімовыя месяцы
Вынікам гэтых інтэнсіўных і надзвычайных высілак сталі кантракты па газу, падпісаныя за пару гадзін да Новага году. Яны прадухіляюць на два месяцы газавую вайну. Як можна зразумець зь вельмі ляканічнай інфармацыі з сайту «Газпраму», бакі дамовіліся пра аб’ёмы паставак расейскага газу у Беларусь і транзыт празь беларускую тэрыторыю на ўвесь 2020 год.
А вось што тычыцца цэнаў, то дамова дзейнічае толькі на два месяцы (студзень-люты). На сайце «Газпраму» згадак пра цану на газ няма. А партал tut. by паведамляе, што цана на два месяцы нібыта застанецца на узроўні 2019 году, то бок 127 даляраў за 1 тыс. кубічных мэтраў.
Канец перамытнёўкі павялічвае цану на газ
Але тут ёсьць адзін нюанс. Справа ў тым, што, хоць фармальная цана для Беларусі мінулым годам сапраўды была 127 даляраў, але адначасова дзейнічала схема «перетаможка», якая была часткай газавага пакету. Яна прадугледжвала, што Беларусь залічвала ў свой бюджэт мыта за 6 млн тон расейскай нафты.
Гэта была такая схаваная схема міжбюджэтнай кампэнсацыі Беларусі з боку Расеі за, як лічыў афіцыйны Менск, высокія цэны на газ. У выніку рэальная цана газу для Беларусі была значна меншая за 127 даляраў. З прычыны заблытанасьці схемы дакладную лічбу цяжка назваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка дамовіўся зь Мядзьведзевым аб пастаўках расейскіх вуглевадародаў у Беларусь без кантрактаў
Цяпер схема «перетаможка» перастае дзейнічаць. Гэта значыць, што ніякай кампэнсацыі ня будзе, 127 даляраў — гэта рэальная цана, якую будзе плаціць Беларусь. То бок, хоць фармальна кошт газу на два месяцы застаецца на мінулагоднім узроўні, насамрэч, цана падвышаецца.
Прычым, такая ўмоўна «льготная» цана захаваецца толькі на два месяцы. Паводле інтэрвію Лукашэнкі Венядзіктаву, «Газпром» настойвае на цане 152 даляры. Такі кошт атрымае Беларусь, калі не пагодзіцца на «паглыбленьне інтэграцыі».
Блытаніна вакол паставак нафты
Больш незразумелая сытуацыя з нафтай. Дасюль афіцыйныя асобы з абодвух бакоў упэўнена заяўлялі, што з нафтавымі пастаўкамі ў Беларусь наступным годам няма праблем. І па аб’ёму вызначыліся (да 24 млн тон). І цана павінна вызначацца па формуле, паводле падатковага манэўру ў Расеі.
То бок падпісаньне кантрактаў на пастаўку нафты — пытаньне тэхнічнае. Так здавалася. Але, паводле інфармацыі расейскай газэты «КоммерсантЪ», Менск настойвае на зьніжэньне цаны. Таму і няма кантракту.
Наконт спосабаў выйсьця з крызісу, сытуацыя супярэчлівая. 31 сьнежня агенцтва Reuters паведаміла аб магчымым спыненьні транзыту нафты ў Эўропу празь Беларусь. А паводле газэты «КоммерсантЪ», усё нармальна, бакі дамовіліся і аб часовых пастаўках нафты без кантракту, і пра транзыт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамовы Беларусі з Расеяй па нафце працягваюцца, пакуль бяз выніку
Калі так, то навошта Лукашэнка на нарадзе 31 сьнежна даручыў ураду тэрмінова забясьпечыць пастаўкі нафты чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічаньні для альтэрнатыўных паставак нафтаправоду «Дружба»?
Наконт задзейнічаньня нафтаправоду — гэта доўгая песьня. А вось цыстэрнамі па чыгунцы — гэта лягчэй і прасьцей. Але і значна даражэй.
У чым прычына гэтага энэргетычнага крызысу
Фармальна кантракты на пастаўкі нафты і газу ня зьвязаны з праграмай паглыбленьня інтэграцыі. Але цэны на іх зьвязаны наўпрост. Пра гэта зусім нядаўна казалі і Пуцін, і Мядзьведзеў.
То бок Масква даводзіць Лукашэнку, а разам зь ім і беларускаму грамадзтву, што за незалежнасьць давядзецца плаціць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.