Гомельскі актывіст руху «За свабоду» Барыс Анікееў атрымаў поштай адміністрацыйны пратакол, складзены сталічнай міліцыяй за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Міліцыя абвінаваціла яго ва ўдзеле ў акцыі 20 сьнежня. Пратакол складзены за пяць дзён да мітынгу — 15 сьнежня.
«Можна гаварыць аб прарочых здольнасьцях сталічнай міліцыі. 15 сьнежня я ня ведаў, ці паеду ў Менск 20-га на акцыю — а на мяне ўжо загадзя склалі пратакол», — паведаміў Свабодзе Барыс Анікееў.
Пратакол склаў намесьнік начальніка аддзелу правапарадку міліцыі грамадзкай бясьпекі Ленінскага РУУС Менску падпалкоўнік Мікалай Ермалінскі. У дакумэнце, датаваным 15 сьнежня, зазначана, што Барыс Анікееў 20 сьнежня «прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу з мэтай публічнага выказваньня свайго пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Ганьба!», «Верым, можам, пераможам».
Актывіст руху «За свабоду» сапраўды прымаў удзел у акцыях супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. За ўдзел у акцыі 7 сьнежня яго мелі судзіць 30 сьнежня, але ў суд не зьявіўся сьведка, і паседжаньне перанесьлі. Будуць судзіць актывіста і за ўдзел у акцыі 20 сьнежня, паводле складзенага загадзя «прарочага» пратаколу. Дата суду пакуль не вядомая.
А Губарэвічу — пусты пратакол
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч тым часам атрымаў амаль пусты пратакол, дзе пазначана толькі, хто выступіў сьведкам, але не пазначана, каго і ў чым абвінавачваюць. Палітык спытаў на Facebook, што б іншыя напісалі яму ў якасьці правапарушэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчыны і мужчыны, якія ў 2019 годзе зьмянялі Беларусь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды за пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй адклалі на студзень. Урбановіча і Хранкова будуць судзіць 31 сьнежня