Двое блогераў і пазаштатных карэспандэнтаў ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода Станіслаў Асееў і Алег Галазюк вызваленыя ў рамках вялікага абмену палоннымі паміж Кіевам і прарасейскімі сэпаратыстамі.
Пра гэта паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, журналісты якой апазналі сваіх калегаў на кадрах з абмену палоннымі на КПП «Маёрскае». Іх імёны таксама значацца ў сьпісе СБУ, у якім названыя перададзеныя ўкраінскаму боку людзі.
І Асееў, і Галазюк пісалі рэпартажы і калёнкі пад псэўданімамі: Асеева ведалі пад імем Станіслаў Васін, Галазюка — Міраслаў Цямушчы. Абодва правялі ў палоне амаль па два з паловай гады.
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай прывітаў вызваленьне пазаштатных карэспандэнтаў РСЭ / РС.
«Мы адчуваем хваляваньне і палёгку ў сувязі з тым, што Стас і Алег цяпер на волі, — сказаў Флай, які падчас асабістай сустрэчы з прэзыдэнтам Зяленскі 26 лістапада прасіў аб уключэньні журналістаў у сьпісы на абмен. — Два з паловай гады яны знаходзіліся ў ізаляцыі ад зьнешняга сьвету, не таму што яны зрабілі нейкае злачынства, а таму што яны распавядалі праўду аб расейскай акупацыі іх радзімы ».
«Я хачу падзякаваць прэзывдэнту Зяленскаму і ўладам Украіны за іх дапамогу ў вызваленьні Стаса і Алега, а таксама выказаць нашу падзяку актывістам, заканадаўцам і сусьветным палітыкам, якія казалі ад іх імя, пакуль [журналісты] былі пазбаўленыя гэтай магчымасьці. <...> Я глыбока шаную намаганьні трохбаковай кантактнай групы, якая гэтаму паспрыяла», — дадаў Флай, маючы на ўвазе прадстаўнікоў Украіны, Расеі і АБСЭ, якія займаюцца мірным ўрэгуляваньнем канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- Станіслаў Асееў утрымліваўся з траўня-чэрвеня 2017 году. Спачатку ён проста зьнік, два тыдні пра яго нічога не было вядома. Пазьней ўлады так званай «ДНР» прызналі яго затрыманьне і абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Украіны. Яго асудзілі да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
- Галазюк — кандыдат філязофскіх навук, да вайны быў выкладчыкам Харкаўскага інстытуту эканомікі рынкавых адносін і мэнэджмэнту. Да 2017 году ён двойчы быў у палоне, але яго выпускалі. Сам Галазюк распавядаў, што ў палоне яго катавалі.
Ва Ўкраіне 29 сьнежня адбыўся абмен палоннымі паміж афіцыйным Кіевам і сэпаратыстамі так званых «ДНР» і «ЛНР» па формуле «усіх апазнаных на ўсіх апазнаных». Як заявілі ў офісе прэзыдэнта Ўкраіны, украінскі бок атрымаў 76 чалавек. Сэпаратыстам было перададзена звыш сотні палонных, сярод якіх пяцёра «бэркутаўцаў», абвінавачаных па справе аб расстрэле пратэстоўцаў на Майдане ў 2014 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завяршыўся абмен палоннымі паміж Украінай і прарасейскімі сэпаратыстамі. ФОТА
Прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны дамовіліся аб абмене палоннымі падчас саміту «нармандзкай чацвёркі» ў Парыжы 9 сьнежня. Тады кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі абвясьціў аб тым, што бакі выступаюць за абмен у фармаце «ўсіх на ўсіх». Па выніках саміту было падпісана сумеснае камюніке, але дакладную колькасьць палонных не была ўказана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Свабоды асудзілі на 15 гадоў турмы ў «ДНР»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Радыё Свабода назваў непрымальнай справу аб «апраўданьні тэрарызму» супраць пскоўскай журналісткі Пракоп’евай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт RFE/RL: улады Таджыкістану перашкаджаюць працы журналістаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радыё Свабода выступіла ў абарону сваіх журналістаў у Таджыкістане