Чарговая — пятая за месяц — акцыя пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй прайшла ў Менску 29 сьнежня. У мітынгу і шэсьці ўзялі ўдзел каля 120 чалавек. Пасьля акцыі некалькі дзясяткаў чалавек зладзілі «жывы ланцуг». Частка арганізатараў ранейшых акцыяў цяпер адбывае адміністрацыйны арышт, але акцыя 29 сьнежня прайшла без затрыманьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяты раз за месяц у Менску мітынгавалі супраць інтэграцыі з Расеяй. Як гэта былоПершая анансаваная акцыя пачалася апоўдні. Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які заклікаў на гэтую акцыю, цяпер за кратамі. Другая акцыя пратэсту, якую анансавалі раней, гэта «жывы ланцуг» — ён пачаўся у той жа дзень, праз гадзіну па заканчэньні першай акцыі.
15.35 Удзельнікі «жывога ланцугу» прастаялі пад сьнегам паўгадзіны. Акцыю меркавалі «расьцягнуць» ад Галоўпаштамта да Кастрычніцкай плошчы, але ўдзельнікаў хапіла на два кварталы. Затрыманьняў падчас акцыі не было, але супрацоўнікі ДАІ стаялі на дарозе ўздоўж пратэстоўцаў і казалі ім не выходзіць на праезную частку.
15.00 Каля Галоўпаштамту ў Менску пачаўся «жывы ланцуг» — людзі ўсталі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці, трымаючыся за рукі. У ліку ўдзельнікаў — старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, першы намесьнік старшыні партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук, актывістка Ніна Багінская ды іншыя.
Міліцыя не замінае акцыі. Каля ўдзельнікаў акцыі ходзіць мужчына, які кажа ім «зьяжджаць у Ізраіль ці ЗША, дзе дэмакратыя», а прысутныя сьцьвярджаюць, што ад мужчыны моцна пахне алькаголем.
13.50 Шэсьце спынілася каля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці. Міліцыя не перашкаджала мітынгу і шэсьцю, пра затрыманьні 29 сьнежня не паведамлялася.
«Мы выйшлі чарговы раз толькі з адной мэтай: каб не гандлявалі нашай Бацькаўшчынай, каб не парушалі Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, каб не было ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй, — падсумаваў Вячаслаў Сіўчык. — Мы лічым здрадай тое, што робіць зараз Лукашэнка, спрабуючы навязаць беларускаму народу так званую „31 дарожную карту“. Мы патрабуем, каб гэтыя ганебныя дакумэнты былі апублікаваныя. Мы патрабуем вызваленьня беларускіх патрыётаў, якія незаконна былі кінутыя за краты за тое, што абаранялі Айчыну».
На 29 сьнежня анансаваная яшчэ адна акцыя: праз гадзіну чакаецца «жывы лануг». Свабода будзе весьці трансьляцыю і з гэтай акцыі.
13.30 Удзельнікі акцыі вырашылі прайсьці кароткім шэсьцем уздоўж праспэкту Незалежнасьці ў бок плошчы Незалежнасьці. Пасьля, адзначалі на мітынгу, плянуецца яшчэ адна акцыя — «жывы ланцуг». Вячаслаў Сіўчык выгукае імёны зьняволеных палітыкаў і разам з пратэстоўцамі патрабуе для іх свабоды. Калёна з прыблізна 120 чалавек са сьцягамі і плякатамі ідзе ходнікамі, гукае «Жыве Беларусь» і «Далучайся».
13.00 Каля сотні чалавек стаяць на Кастрычніцкай плошчы, трымаюць сур’ёзныя і іранічныя плякаты, партрэты зьняволеных палітыкаў і бел-чырвона-белыя сьцягі. Для ўсіх ахвочых, як і на мінулых акцыях, зладзілі «вольны мікрафон». Міліцыя не перашкаджае мітынгу.
12.00 На Кастрычніцкай сабраліся дзясяткі людзей, у ліку якіх лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Зьявілася і гукаўзмацняльная апаратура. Пратэстоўцы трымаюць партрэты зьняволеных апазыцыянэраў.
Асобна ад асноўнай масы пратэстоўцаў, на рагу вуліцы Энгельса, зь бел-чырвона-белым сьцягам стаяла актывістка Ніна Багінская — пазьней і яна далучылася да акцыі.
Мастак Алесь Марачкін кажа, што прыйшоў на акцыю дзеля ўжо зьняволеных: маўляў, тыя, хто арганізоўваў пратэсты, цяпер амаль усе ў турме на завулку Акрэсьціна.
«Але ўсё наперадзе, — кажа ён. — За Беларусь Крэмль узяўся вельмі моцна. Сёньня як ніколі ёсьць трывога, што мы можам страціць незалежнасьць».
Старшыня АГП Мікалай Казлоў жа кажа на акцыі, што перамовы аб інтэграцыі з Расеяй — злачынства з боку Аляксандра Лукашэнкі. Пасадкамі і штрафамі, лічыць Казлоў, Лукашэнка паказаў, што ён «аднаасобна будзе вырашаць, у якой краіне нам жыць».
«Спробы выгандляваць нейкія ўмовы для сябе ў гэтай інтэграцыі — мне здаецца, гэта здрада радзіме», — кажа Казлоў пра Лукашэнку.
Вячаслаў Сіўчык на акцыі пералічвае імёны зьняволеных апазыцыянэраў — ён і пратэстоўцы патрабуюць свабоды ім і Беларусі.
***
Днём раней кампанія «Сьвежы вецер» адмовілася ад акцыі пратэсту ў Галоўпаштамце — маўляў, там пратэстоўцаў ужо чакалі «людзі ў цывільным».
За мінулы тыдзень за акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі 7, 8, 20 і 21 сьнежня «на содні» пасадзілі 6 апазыцыянэраў, а штрафаў за пратэсты прысудзілі на ня менш як 16 тысячаў рублёў. Да таго арыштавалі Дзяніса Ўрбановіча, Яўгена Афнагеля і Максіма Вінярскага.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»