28 сьнежня ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» правяла дазволены пікет у падтрымку прыняцьця закону супраць хатняга гвалту. У парку Дружбы народаў сабраліся каля дваццаці ўдзельнікаў з плякатамі.
Актывісткі паўтарылі нашумелую акцыю: на белым сьнезе выставілі пафарбаваныя аранжавым туфлі. Кожная пара рэпрэзэнтуе чалавека, які загінуў ад хатняга гвалту. На пікеце тэму туфляў раскрылі крыху больш: актывісткі зачытвалі рэальныя гісторыі памерлых ахвяраў.
Побач з туфлямі выставілі люстэркавыя абрысы жанчыны, мужчыны, дзіцяці і чалавека на вазку. Прыхільнікі закону супраць хатняга гвалту робяць акцэнт на неабходнасьці комплекснага падыходу: пакутуюць ня толькі жанчыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зьявіліся дзясяткі аранжавых туфляў. Што гэта значыць? ФОТАДзеля 375 рублёў пяцідзесяцігадовыя пляменьнікі задушылі сваю васьмідзесяцігадовую цётку... На вачах у дзевяцігадовай дачкі былы муж нанёс жонцы дваццаць чатыры ўдары нажом, яна памерла ад страты крыві... Муж зьбіў 45-гадовую жонку, у тым ліку ўдарыў чатыры разы па галаве і пайшоў спаць; жанчына памерла ад траўмаў, якія атрымала... 47-гадовы сын зьбіў свайго 70-гадовага бацьку; ад траўмаў мужчына памёр, а сын зьвярнуўся ў міліцыю і паведаміў, што яго бацька атрымаў траўму, калі ўпаў...
Шматлікія гісторыі чыталі, каб падкрэсьліць: сьмерць чалавека — вельмі рэальны вынік хатняга гвалту.
«Гэта істотны для нас дзень, таму што ініцыятыва „Маршыруй, дзетка!“ з 5 лістапада 2018 году спрабавала правесьці і пікеты, і марш, і флэшмоб, і гэта ўсё нам было забаронена, — кажа арганізатарка Сьвятлана Гатальская. — І сёньня ўпершыню нам дазволілі правесьці пікет».
Правесьці пікет удалася з трэцяй спробы. Каб атрымаць дазвол, даслалі 38 асабістых заявак. Задаволілі дзьве: адну на правядзеньне пікету 28 сьнежня ў парку Дружбы народаў, другую — на пікет 29 сьнежня ў Кіеўскім сквэры.
«Магчыма, яны думалі, што будзе холадна, выпадзе сьнег і мы не захочам нічога праводзіць, — усьміхаецца Святлана. — Я, канешне, спадзяюся, што, нарэшце, улады зразумелі, што гэта не апазыцыйнае палітызаванае пытаньне, а пытаньне грамадзянскай справядлівасьці».
На пікеце зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй за прыняцьце закону супраць хатняга гвалту. Пэтыцыю і калектыўны зварот накіруюць ва ўсе датычныя да гэтай тэмы дзяржаўныя органы ў лютым.
На 29 сьнежня ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» заплянавала фотаакцыю. Людзі стануць, склаўшы сабою надпіс «Нам патрэбны закон», фота зробяць з дрона.
«Я спадзяюся, гэта будзе гучна і нас пачуюць, нарэшце, — кажа адна з арганізатарак Аляксандра Сакалова. — Мы прытрымліваемся курсу ўзгодненых мерапрыемстваў. Мы ня хочам сварыцца з уладамі, мы хочам зь імі сябраваць. Мы хочам аб’яднацца ў барацьбе супраць хатняга гвалту».