Чарнагорскія дэпутаты пабіліся за закон аб царкоўнай маёмасьці. ВІДЭА

Скупшчына (парлямэнт) Чарнагорыі прыняў а 2 гадзіне ночы 27 сьнежня закон аб свабодзе веравызнаньня. За бойку затрымалі два дзясяткі дэпутатаў апазыцыйнага Дэмакратычнага фронту. Пра канфлікт расказвае бальканская служба Радыё Свабодная Эўропа.

За закон прагаласавала большасьць дэпутатаў, у тым ліку апазыцыйная сацыял-дэмакратычная партыя. Цяпер маёмасьць царкоўных супольнасьцяў, атрыманая імі ад дзяржавы да 1 сьнежня 1918 году, мае вярнуцца назад у дзяржаўную ўласнасьць, калі няма доказаў права ўласнасьці рэлігійнай установы. Гэта тычыцца і рэлігійных будынкаў, збудаваных да той даты.

Бойка дэпутатаў адбылася пасьля таго, як кіроўная бальшыня адхіліла папраўкі, унесеныя мітрапалітам Сэрбскай праваслаўнай царквы. Духавенства мяркуе, што царкоўную ўласнасьць могуць перадаць Чарнагорскай аўтакефальнай царкве, не прызнанай іншымі праваслаўнымі цэрквамі.

Дэпутаты Дэмакратычнага фронту патрабавалі спыненьня сэсіі, абражалі іншых і, як сьцьвярджаецца, правакавалі гвалт. У справу ўмяшалася паліцыя.

Пратэсты супраць закону трываюць ужо тыдзень. Пратэстоўцы перакрываюць дарогі ў сталіцы Падгорыцы і іншых, у тым ліку курортных гарадах. Акцыі называюць малебнамі, на якія не патрэбна дазволу ўладаў. Прэм’ер-міністар заклікаў не ўжываць гвалту супраць пратэстоўцаў.