Затрыманы актывіст Legalize Belarus, экс-кандыдат у дэпутаты парлямэнту ад «Моладзевага блёку» Стас Шашок.
Пра гэта паведаміў у сваім Тэлеграм-канале Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле актуальнай інфармацыі ён зьмешчаны ў Ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Затрымліваў яго Цэнтральны РУУС.
Першапачаткова Стасава маці паведаміла, што хутчэй за усе яго павезьлі ў Маскоўскі РУУС. Аднак прадстаўніцы праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» у Маскоўскім РУУС паведамілі, што Стаса Шашка ў іх няма.
Пазьней паплечніца Стаса Шашка па «Моладзевым блёку», таксама экс-кандыдатка ў дэпутаты Алана Гебрэмарыям напісала ў сваім Фэйсбуку: «Нам патэлілі з Кастрычніцкага ці Цэнтральнага РАУС, яго павезлі на ЦІП». (Маецца на ўвазе Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.)
Стас Шашок удзельнічаў у акцях пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі, якія адбыліся ў Менску ў гэтым месяцы. Сёньня ў Менску пачаліся суды актывістаў за ўдзел у гэтых акцыях, суды працягнуцца яшчэ некалькі дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штрафы і «навагоднія» суткі. Пачаліся суды за акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыіПадчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія адбыліся 17 лістапада, кандыдат у дэпутаты ад «Моладзевага блёку» Стас Шашок, калі галасаваньне на выбарах ужо скончылася, прыйшоў на падлік галасоў на адзін з участкаў акругі, дзе ён балятаваўся. Тамсама быў назіральнікам яго паплечнік Пётар Маркелаў.
Калі Шашок убачыў, што за яго паводле пратаколу камісіі агулам прагаласавала толькі 46 чалавек, ён абурыўся і пачаў спрачацца. У выніку Маркелаў быў затрыманы, суд пакараў яго 14 суткамі адміністрацыйнага арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральніка, які здымаў на відэа падлік галасоў, арыштавалі на 14 сутак