Расея дасюль не атрымала афіцыйных прэтэнзіяў ад Беларусі за «брудную» нафту

Ілюстрацыйнае фота. Цыстэрна з нафтай на нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу, 2013 год

«Транснефть» чакае ад Беларусі афіцыйных прэтэнзій для кампэнсацыі ўрону ад пападаньня ў нафтаправод «Дружба» расейскай «бруднай» нафты (з павышанай колькасьцю хлёрарганічных злучэньняў), паведамляе​ «Інтэрфакс».

«Па-першае, мы зь імі таксама працуем — зь беларускімі партнэрамі. Ад іх патрабуецца адно — пацьвердзіць дакумэнтальна тыя ці іншыя лічбы, якія яны агучваюць, тыя ці іншыя аб’ёмы некандыцыйнай нафты, якія да іх трапілі», — сказаў прэзыдэнт «Транснефти» Мікалай Токараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна пачала спаганяць з Расеі грошы за брудную нафту, у Беларусі пакуль не атрымліваецца 

«Калі гэта ўсё будзе афіцыйна нам пададзена, тады будзе пра што гаварыць. А цяпер, пакуль робяцца эмацыйныя заявы з палітычнай афарбоўкай, яны не дазваляюць з дакладнасьцю да канкрэтнай лічбай вызначыцца наконт шкоды. Але мы ў любым выпадку вядзём гэтую працу, абмяркоўваем, і я спадзяюся, выйдзем на канструктыў », — дадаў ён.

19 красавіка «Белнафтахім» заявіў пра рэзкае пагаршэньне якасьці расейскай нафты Urals, якая паступае трубаправодам «Дружба». Склад хлёрарганічных злучэньняў у дзясяткі разоў перавышаў гранічныя значэньні згодна са стандартам. У выніку шэраг краінаў спынілі прымаць і перапрацоўваць расейскую нафту. Аднавіць пастаўкі ўдалося 11 траўня пасьля пацьверджаньня эўрапейскім бокам гатоўнасьці прымаць сыравіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зьнізіла экспарт нафтапрадуктаў амаль на 20%. Прычына — брудная нафта з Расеі

Міністэрства эканомікі пасьля гэтага канстатавала, што сытуацыя з пастаўкамі няякаснай нафты прывяла да зьніжэньня экспарту прадукцыі прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім» на 800 мільёнаў даляраў.

Масква і Менск вядуць перамовы аб памеры кампэнсацыі, аднак пакуль што ў гэтым пытаньні кампрамісу не дасягнулі.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі Беларусь зарабляе на расейскай нафце. СХЕМА
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менш, чым на каровах. Колькі Беларусь зарабляе на транзыце расейскай нафты
  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту