Пракуратура Аўтаномнай рэспублікі Крым пачала крымінальную справу за праезд першага цягніка з Расеі ў анэксаваны Крым па мосьце праз Керчанскую пратоку. Справу пачалі паводле артыкулу аб незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы Ўкраіны. Пра гэта паведамляецца ў Тэлеграм-канале пракуратуры.
«Такія дзеяньні краіны-акупанта груба парушаюць дзяржаўны сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, сьведчаць аб пагардзе агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права», — гаворыцца ў паведамленьні.
Цягнік «Таўрыя» стаў першым пасажырскім цягніком, які праехаў па мосьце праз Керчанскую пратоку. Цягнік ішоў па новым маршруце ў аб’езд тэрыторыі Ўкраіны і прыбыў у Севастопаль з Санкт-Пецярбургу раніцай 25 сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін адкрыў чыгуначнае злучэньне з анэксаваным Крымам. Кружна з Масквы — 33 гадзіны23 сьнежня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адкрыў чыгуначнае злучэньне з анэксаваным Крымам. Ён праехаў у кабіне рэйкавага аўтобуса па мосьце праз Керчанскую пратоку.
Крымскі мост злучае Крым з расейскім Краснадарскім краем Расеі. Будаўніцтва пераправы, коштам амаль 230 мільярдаў рублёў (амаль 4 мільярды даляраў), пачалося ў лютым 2016 году. Рух аўтамабіляў па ёй запусьцілі вясной мінулага году — таксама з удзелам Пуціна.