Лукашэнка назваў «адзіную пагрозу» для сувэрэнітэту Беларусі

Аляксандар Лукашэнка,

Захад і NATO не дадуць Расеі парушыць сувэрэнітэт Беларусі, заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію галоўнаму рэдактару «Эхо Москва» Аляксею Венядзіктаву.

Лукашэнка адзначыў, што пагроза сувэрэнітэту ёсьць заўсёды.

«Мы не калясальна вялізная краіна з вялізнымі рэсурсамі, але знаходзімся ў цэнтры „катла“. Тут сёньня перасякаюцца ўсе інтарэсы Захаду на Ўсход і ня толькі расійскія, з поўдня на поўнач. Вось тут так склалася сытуацыя. І будучы ў гэтым катле, трэба сябе паводзіць настолькі дакладна, тонка і акуратна, каб цябе не зварылі ў гэтым катле», — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён дадаў, што не адчувае, падвышанай пагрозы менавіта цяпер.

«Калі гэта пагроза, як некаторыя кажуць, з боку Расеі. Што Расеі патрэбен яшчэ адзін галаўны боль? Расея, вядома, будзе дзейнічаць акуратна, асьцярожна. Пагроза зьявіцца тады, небясьпечная пагроза, калі ў нас будзе зусім дрэнна з эканомікай. Калі людзям немагчыма будзе ўсё гэта вынесьці. Гэта адзіная прычына. Пакуль я ва ўладзе, гэта адзіная пагроза», — адзначыў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Замест таго, каб выпіць самагонкі з Пуціным, пачынаем сабачыцца

Ён таксама паразважаў, што адбудзецца, «калі Расея паспрабуе парушыць наш сувэрэнітэт»

«Калі Расея паспрабуе парушыць наш сувэрэнітэт, то вы ведаеце, як адрэагуе сусьветная супольнасьць. Яны акажуцца ўцягнутымі ў вайну. Гэтага ўжо Захад і NATO не перанясе, бо палічаць гэта як пагрозу ім».

Ён назваў Беларусь «фарпостам Расеі».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019

  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»