У інтэрвію галоўнаму рэдактару «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не гандлюецца, а вядзе перамовы з кіраўніцтвам Расеі.
Аляксей Венядзіктаў сказаў, што перад пачаткам інтэрвію маніторыў расейскія мэдыя і неаднаразова адзначаў, што ягоныя калегі называюць «прэзыдэнта Беларусі — капрызным». Гэта яму ня так, гэта ня так, ня можа знайсьці «залатую сярэдзіну».
«Прабачце за нясьціпласьць, я дасьведчаны, з працяглым тэрмінам знаходжаньня на гэтай „страшнай пасадзе“, — адказаў Лукашэнка. — Дык вось капрызныя людзі столькі ня тое што столькі не працуюць, столькі не жывуць. У чым мой капрыз? У тым што гандлююся? Нават не гандлююся, а вяду перамовы. Не з маёй падачы вы вынеслі на ўзровень прэзыдэнтаў гэтыя пытаньні. І мы замест таго, каб перад Новым годам падняць з маім блізкім сябрам Уладзімірам Уладзіміравічам кілішак гарэлкі ці самагонкі, прывязу зь Белавускай пушчы, паціснуць рукі, пачынаем сабачыцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія тэлеграм-каналы: Беларусь цяпер дэ-факта калёнія ЗахадуКіраўнік Беларусі дадаў, што «гэта ж маё жыцьцё». «Як можна арганізаваць эканоміку, калі нам гавораць: 152 даляры павінны быць цана на газ. Ды ня можа яна быць такой, бо мы бязмытава гандлюем!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў: дадатковая дапамога Беларусі немагчымая без агульнай валюты і наднацыянальных органаўАляксандар Лукашэнка кажа, што прапанаваў, каб Масква агучыла свае цэны на нафту. Аднак калі рынак у 25 млн тон нафты і 22 млрд кубамэтры газу сыдзе «кудысьці на бок», тады не крыўдуйце, папарэдзіў ён.
«Я ім гавару: калі вы пачалі сабачыцца з Украінай наконт транзыту газу, што зрабілі? Пусьцілі „Паўднёвы“ і „Паўночны“ патокі. Дзясяткі мільярдаў даляраў, і яшчэ невядома, у якую суму ўрэшце выльецца! І я дакладна гэтак жа зраблю — буду шукаць альтэрнатыву. Магу праз Польшчу, яны самі прапануюць узяць саудаўскую, амэрыканскую ці якую заўгодна нафту, што таньней на рынку. У мяне тры трубы нафтаправоду „Дружба“. На першым этапе забіраю адну і рэвэрсам пастаўляю на НПЗ, дзе глыбіня перапрацоўкі як Эўропе — у Расеі адзін толькі такі завод.
Нармальна пойдзе, забяру і другую. Вы штогод пампуеце 60-70 млн тон нафты на прэміяльны заходні рынак. Калі я дзьве забяру, застанецца 20. Вы гэта ацэньваеце як пагрозу. Дык а самі навошта заганяеце мяне ў вырашэньне пытаньня такім чынам?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп ухваліў законапраект з санкцыямі супраць расейска-нямецкага «Паўночнага патоку — 2». Забудоўнік спыніў працыЛукашэнка прыгадаў, як у свой час «у мінус 25» Масква перакрыла газ, а пасьля спыніла пастаўкі нафты. Але беларусы выкруціліся, дапамаглі сябры — Уга Чавэс і Ільхам Аліеў. Пры гэтым ён нагадаў, што Беларусь — трэці пакупнік расейскага газу пасьля Нямеччыны і Італіі. Страціць такога кліента — практычна «самазабойча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што дамовіліся ў Піцеры Лукашэнка з Пуціным?«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»