На сайце асацыяцыі вэтэранаў спэцназу «Честь» зьявілася заява старшыні асацыяцыі Дзьмітрыя Паўлічэнкі, а таксама зварот ад імя асацыяцыі наконт сьведчаньняў Юрыя Гараўскага, які ў інтэрвію DW назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці» і расказаў пра ўдзел у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе.
У тэксьце заявы Дзьмітры Паўлічэнка зноў прызнае, што ведае Гараўскага (раней ён сьцьвярджаў адваротнае). Ён піша, што Гараўскі праходзіў службу ў адным з падразьдзяленьняў брыгады апэратыўнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС РБ у 1990-х гадах, у канцы 1999 году зрабіў крымінальнае злачынства, быў судзімы і адбываў тэрмін у СІЗА № 1, «зьняславіў нашы шэрагі і быў звольнены за дыскрэдытацыю высокага званьня спэцназаўца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дастаткова двух тыдняў, каб справа лягла на стол суду». Пра што казалі на дыскусіі пра сьведчаньні СОБРаўца ГараўскагаПаўлічэнка ў заяве сьцьвярджае, што Гараўскі неабгрунтавана абвінавачвае афіцэраў і байцоў спэцназу. Ён «каецца» ў тым, што пад асабістую адказнасьць ад імя асацыяцыі дапамагаў Гараўскаму грашыма, сабранымі на патрэбы вэтэранаў, на працягу некалькіх гадоў, як «хвораму чалавеку ў адчаі».
«І цяпер прашу вас праявіць цярплівасьць да хворага душой і целам Гараўскага. Нікому больш за сябе ён гэтымі прыдуманымі «паказаньнямі» не нашкодзіў», — заяўляе Паўлічэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы спэцназавец Гараўскі адказаў на абвінавачаньні ў хлусьніПаўлічэнка заяўляе, што «некаторыя нядобрасумленныя СМІ і прыватныя асобы спрабуюць зганьбаваць» яго і спэцназ у цэлым, распаўсюджваючы «хлусьлівыя і скандальныя» заявы Гараўскага. Ён «просіць і папярэджвае» людзей, якія ня маюць да спэцназу і да Асацыяцыі ніякага дачыненьня, не рабіць ніякіх заяваў, не склікаць канфэрэнцый ды «іншых зборышчаў», «не рабіць ніякіх укідаў у СМІ і іншыя інтэрнэт-парталы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можа зьвязваць Гараўскага і Паўлічэнку. Некалькі фактаў«Так, гэта сапраўды зварот Дзьмітрыя Паўлічэнкі з нагоды публікацыі заяваў Юрыя Гараўскага, — паведаміў Свабодзе памочнік Паўлічэнкі Сяргей Матвіенка. — Ён апублікаваны на нашым афіцыйным сайце. Там жа вы можаце знайсьці і водгукі на ўчынак Гараўскага з боку ягоных былых саслужыўцаў».
Што Паўлічэнка раней казаў пра Гараўскага
Паўлічэнка адмаўляе датычнасьць СОБРу да дагэтуль не раскрытых зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў, якія дамагаліся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі: экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Беларусі Віктара Ганчара і бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага. Прызнаньні Гараўскага ён камэнтаваў некалькі разоў, кожны раз па-рознаму:
- 16 сьнежня ў інтэрвію Tut.by: Знаёмы з Гараўскім, той служыў у вайсковай частцы 3214. Ці служыў Гараўскі ў СОБРы, Паўлючэнка не сказаў адназначна. Паводле яго, падчас зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў Гараўскі «сядзеў».
- 16 сьнежня ў інтэрвію «Нашай ніве»: ня ведае Гараўскага, не размаўляў з карэспандэнтам Tut.by.
- 17 сьнежня у інтэрвію «Нашай ніве». Ня меў магчымасьці паглядзець відэа з Гараўскім. У інтэрвію Tut.by мог пераблытаць Гараўскага зь іншым байцом. «Мне потым сябры пазванілі, сказалі, што ніхто зь іх яго не прызнаў. Мяркуючы па тым відэа, ніхто яго ня ведае».
СОБР, чацьверты справа тагачасны кіраўнік атрада Дзьмітры Паўлічэнка, архіўнае фота
Саслужыўцы Гараўскага: «Калі на Захадзе патрэбен нарказалежны крымінальнік з кучай даўгоў, то няхай потым ня скардзяцца»
На сайце «Честь» таксама апублікаваны зварот «былых саслужыўцаў Гараўскага». Аўтары калектыўнага ліста не пазначаныя.
«У свой час мы служылі з гэтым суб’ектам, і хочацца падзяліцца сваімі ўражаньнямі — тым больш, што ён абылгаў некаторых з нас і нашага камандзіра, які да апошняга верыў яму, аказвае маральную i матэрыяльную дапамогу», — прызнаюцца яны.
Што сьцьвярджаюць аўтары звароту:
- У спэцназ Гараўскі трапіў служыць на тэрміновую службу «па пратэкцыі», бо не прайшоў псыхалягічнае тэставаньне і ня здаў ніводзін нарматыў у фізпадрыхтоўцы.
- Стараньне ў службе не праяўляў, быў нелюдзімы і гістэрычны. Яго часта ставілі ў нарады або выпраўлялі на гаспадарчыя работы.
- Нібыта яго злавілі на крадзяжы з уласных тумбачак саслужыўцаў.
- Калі ў ліпені 1999 году фармаваўся спэцатрад «СОБР», Гараўскага туды залічылі зноў жа з пратэкцыяй.
- У канцы 1999 году яго затрымалі «за вымаганьне ў цывільных асобаў буйных сумаў грошай спосабам, небясьпечным для жыцьця». Справу нібыта разглядаў вайсковы трыбунал, па выніках якога Гараўскага асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волi. Адбываў пакараньне ў СІЗА № 1, дзе, як гаворыцца на вэтэранскім сайце, ён трапіў пад заступніцтва начальніка ўстановы Алега Алкаева.
- Пасьля адбыцьця тэрміну ўладкаваўся ахоўнікам у начны клюб «Рэактар». Страціў працу нібыта пасьля абвінавачаньняў у крадзяжах у гардэробе.
- Атрымаў пасаду кладаўшчыка на фірме па продажы прадукцыі птушкагадоўлі. Але праз паўгода вылецеў і адтуль.
- У далейшым, распавядаюць экс-спэцназаўцы, Гараўскі засяродзіўся на «выбіваньні даўгоў» і махлярстве.
- Быццам сеў пʼяны за руль чужога аўтамабіля і ўрэзаўся ў грузавік. Цудам застаўся жывы.
«Калі заходнім краінам патрэбен адпеты нарказалежны крымінальнік з кучай даўгоў, то няхай потым ня скардзяцца на рост злачыннасьці ў сваім рэгіёне. Больш давярайце такім, як Гараўскі», — падсумоўваецца ў звароце.
-
Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.
Публікацыі па тэме:
Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла
Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых
Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА
«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА
Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў
«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага
Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі
Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?
Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца
Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа