Ці застанецца Беларусь з уласнай валютай?

Ілюстрацыйнае фота. Беларускія рублі

Апошнія заявы першага віцэ-прэм’ера Беларусі Дзьмітрыя Крутога і кіраўніка расейскага ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева ня толькі не праясьнілі сытуацыі з «паглыбленьнем інтэграцыі», а наадварот, канчаткова заблыталі яе.

Сьцісла:

  • Заявы Дзьмітрыя Крутога і Дзьмітрыя Мядзьведзева супярэчаць адна другой.
  • Першы віцэ-прэмʼер Беларусі запэўнівае, што праграма інтэграцыі практычна гатовая. І там няма гаворкі пра палітыку.
  • А Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што ня ўзгодненая дарожная мапа, якая прадугледжвае стварэньне наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру. Раней пра гэта гаворкі не было.
  • Хтосьці з высокіх чыноўнікаў кажа няпраўду.

Найперш варта адзначыць, што заявы Дзьмітрыя Крутога і Дзьмітрыя Мядзьведзева супярэчаць адна адной, нібыта гаворка ідзе пра розныя працэсы.

Выступ першага віцэ-прэмʼера Беларусі Дзьмітрыя Крутога прасякнуты вялізным аптымізмам: «На сёньняшні дзень у нас, па вялікім рахунку, за выключэньнем некалькіх пытаньняў, якія, думаю, будуць удакладненыя ў наступныя 2-3 дні, увесь інтэграцыйны пакет узгоднены. І мы падбяром час, каб нашы лідэры ва ўрачыстай абстаноўцы яго падпісалі або парафавалі». Значыць, паводле лёгікі чыноўніка, гэтая ўрачыстая падзея можа адбыцца яшчэ да Новага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы віцэ-прэм’ер Круты: Інтэграцыйны пакет мае быць ўзгоднены праз 2-3 дні

Кажучы пра дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», 20-годзьдзе падпісаньня якой адзначалі ў расейскай амбасадзе, Крутой заявіў: «Усе яго палажэньні абсалютна актуальныя». Цікава, што ён меў на ўвазе? Стварэньне наднацыянальных органаў, Канстытуцыйны акт? Менавіта гэта прадугледжвае саюзная дамова. Потым першы віцэ-прэмʼер канстатаваў, што многія палітычныя сілы выкарысталі інтэграцыйную працу ў сваіх інтарэсах і часта зьвязвалі гэта зь нейкай палітыкай, якой там не было з самага пачатку і няма цяпер. Зафіксуем гэта.

І амаль у гэты ж час прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў выступіў перад журналістамі са сваёй трактоўкай стану беларуска-расейскай інтэграцыі. Паводле агенцтва ТАСС, якое цытуе расейскага прэмʼера, ня ўзгодненая дарожная мапа, прысьвечаная далейшай інтэграцыі, у тым ліку стварэньню наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру. Як можна зразумець, гэта апошняя, 31-я мапа. З прыняцьцем і падпісаньнем гэтай мапы Мядзьведзеў зьвязвае аднаўленьне эканамічнай дапамогі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў: дадатковая дапамога Беларусі немагчымая без агульнай валюты і наднацыянальных органаў

Гэтая заява гучыць як сэнсацыя. Дасюль усе беларускія афіцыйныя асобы настойліва паўтаралі, што ў гэтай праграме інтэграцыі з 31 адной мапы няма палітыкі, не ідзе гаворкі пра стварэньне наднацыянальных органаў, там толькі эканоміка. Пра тое згадваў прэм’ер Сяргей Румас. Гэта настойліва падкрэсьліваў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію незалежным мэдыя 16 кастрычніка. Пра тое ж кажа і Дзьмітрый Круты. Але хіба пераход на адзіную валюту — гэта не палітыка?

Атрымліваецца, высокія беларускія чыноўнікі ўвесь час казалі няпраўду? Ці няпраўду кажа Дзьмітрый Мядзьведзеў? Ці гэтыя пункты аб стварэньні наднацыянальных органаў, адзінай валюце і адзіным эмісійным цэнтры зьявіліся ў апошні момант?

Можа, у гэтым і палягае разгадка той загадкі, чаму абодва бакі так катэгарычна адмаўляліся друкаваць праекты гэтых дарожных мапаў. То бок утойвалі ад грамадзкасьці такую прынцыповую акалічнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што дамовіліся ў Піцеры Лукашэнка з Пуціным?

І чаго вартыя ўсе заявы расейскіх кіраўнікоў, што, маўляў, Масква не замахваецца на беларускі сувэрэнітэт? Які сувэрэнітэт застанецца ў краіны, якая адмаўляецца ад уласных грошай?

І яшчэ. Крутой кажа, што практычна ўвесь інтэграцыйны пакет узгоднены і прэзыдэнты гатовыя яго падпісаць. Атрымліваецца, што беларускае кіраўніцтва згадзілася на стварэньне наднацыянальных органаў, прыняцьце адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру? Тады ўдзельнікі апазыцыйнага мітынгу 20 сьнежня казалі праўду, што Лукашэнка тайна, за сьпінай беларускага народу, прадае незалежнасьць?

Такім чынам, беларускае кіраўніцтва канчаткова заблыталася ў гэтай інтэграцыйнай гульні. Хацелася б пачуць ад улады нейкае выразнае тлумачэньне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.