Апошнім часам Расея ўсімі сіламі спрабуе перапісаць гісторыю, заявіў літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа. Пра гэта інфармуе агенцтва DELFI.
«Апошнім часам Расея ўсімі сіламі імкнецца перапісаць гісторыю. Адзін з такіх прыкладаў — адмаўленьне ўплыву тайных пратаколаў Пакту Молатава — Рыбэнтропа на балючую гісторыю Эўропы», — заявіў Гітанас Наўседа ў панядзелак на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Ён нагадаў, што 30 гадоў таму, 24 сьнежня 1989 году, зьезд народных дэпутатаў Савецкага Саюзу прызнаў існаваньне таемных пратаколаў Пакту Молатава — Рыбэнтропа 1939 году і абвясьціў іх несапраўднымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы назваў «ілжывымі» выказваньні Пуціна
«Гэтыя тайныя пагадненьні нацысцкай Нямеччыны і камуністычнага Савецкага Саюзу прадвызначылі пазьнейшую акупацыю Балтыйскіх краінаў», — напісаў Наўседа.
«Гістарычная памяць абумоўлівае ўспрыманьне будучыні. Давайце ня будзем забываць урокі, якія мы абавязаны вывучыць па ўласнай гісторыі і гісторыі Эўропы. Давайце ня будзем дапускаць замены праўды бутафорскімі хлусьлівымі шыльдамі», — адзначыў прэзыдэнт Літвы.
У пятніцу ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы з былымі лідэрамі краін, якія ўваходзілі ў СССР, Уладзімір Пуцін крытыкаваў нядаўна прынятую Эўрапарлямэнтам рэзалюцыю, якая абвінавачвае СССР і нацыстаў у тым, што падпісаньне Пакту Молатава — Рыбэнтропа ў 1939 годзе спрыяла Другой сусьветнай вайне.
Расейскі лідэр адзначыў, што ў СССР не было іншага выйсьця, як падпісаць дамову зь Нямеччынай, паколькі заходнія дзяржавы былі абыякавыя да прапановы Масквы сфармаваць ваенны альянс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін гадзіну чытаў Лукашэнку і лідэрам краін СНД лекцыю пра Мюнхенскую змову. ВІДЭА