«Маці 328» і ўсе тыя, хто змагаецца за правы зьняволеных паводле антынаркатычнага артыкулу, сталі ляўрэатамі прэміі «Людзі Cвабоды – 2019».
Беларуская служба Радыё Свабода штогод уручае гэтую ўзнагароду тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, сьвету.
Папярэднія ляўрэаты:
- 2017 Беларусы, якія «ламаюць стэрэатыпы пра людзей з інваліднасьцю»
- 2018 Сьвятлана Коржыч, маці салдата Аляксандра Коржыча, які трагічна загінуў у беларускім войску.
За чатыры гады рух «Маці 328» разросься ў некалькі асобных арганізацый і цяпер дзейнічае па ўсёй Беларусі.
«Цяпер гэта ўжо вялікі рух, — сказала, атрымліваючы прэмію, адна зь яго пачынальнікаў Ларыса Жыгар. — У ім шмат „адросткаў“ — і „Дзеці 328“, і „Пікет 328“ і „Маці па 4-й частцы“, і самастойная арганізацыя „Наша права“, якая таксама пачыналася з нашага руху. Усім гэтым маці вялізны „дзякуй“ і нізкі паклон».
Ларыса Жыгар падзякавала таксама і журналістам, якія асьвятлялі іх змаганьне, у тым ліку журналістам Радыё Свабода.
«Змаганьне яшчэ ня скончанае», — дадала яна.
Your browser doesn’t support HTML5
Сёлета асуджаныя паводле сумна вядомага 328-га артыкулу сталі вяртацца дахаты. Вярнуліся і сыны Ларысы Жыгар і Тацьцяны Канеўскай — жанчын, якія сталі сымбалямі мацярынскага змаганьня за справядлівасьць для сваіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За маці мне дзякавалі на каленях». Сыны актывістак матчынага руху вярнуліся дахатыШто варта ведаць пра ініцыятыву «Маці 328»
- Абʼядноўвае 1,5 тысячы бацькоў дзяцей, асуджаных за наркотыкі.
- Грамадзкую арганізацыю «Маці-328» не дазваляюць зарэгістраваць.
- Напісалі звыш 3 тысяч зваротаў у Палату прадстаўнікоў, дамагліся сустрэчы з колішняй кіраўніцай Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай, міністрам унутраных справаў Юрыем Караевым.
- Зьвярнулі ўвагу, што пішуць у абвінавачваньні іхных дзяцей: «у нявызначаны час, у нявызначаным месцы, нявызначанай асобай; мяркуецца, з мэтай збыту».
- Ладзілі масавыя галадоўкі дзеля зьменаў.
- Ажыцьцявілі паломніцкі тур па калёніях з іконай Маці Божай, якую ім падаравалі на гары Афон, ад Менску да Марʼінай Горкі.
Чаго дамагліся «Маці 328»
- Сёлета ў Беларусі на два гады зьменшылі ніжэйшы парог тэрміну, на які можна пасадзіць за наркотыкі (раней — 8 гадоў, цяпер — 6).
- Дзякуючы гэтаму ўжо асуджаным, якія абскарджваюць свае выракі, скарачаюць тэрміны.
- У калёніях асуджаным паводле 328-га артыкулу замянілі зялёныя нашыўкі на робе зь імем і нумарам атраду на звычайныя белыя, як ва ўсіх. Зялёныя нашыўкі зьявіліся ў 2015 годзе, імі адзначалі «наркаманаў». Бацькі іх параўноўвалі з «зоркамі Давіда», якія мусілі насіць габрэі падчас апошняй вайны.
- Рух «Маці 328» працягне працу, хоць многіх асуджаных ужо вызвалілі.