Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка страціў лідэрства ў сымпатыях украінцаў сярод лідэраў замежных дзяржаваў, саступіўшы першае месца канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель.
Паводле дасьледаваньня сацыялягічнай групы «Рэйтынг», Лукашэнка ўпершыню за апошнія два гады заняў другое месца — да яго станоўча ставяцца 65% апытаных украінцаў і 20% — адмоўна. У лістападаўскім дасьледаваньні гэтай кампаніі кіраўнік Беларусі падабаўся 66% грамадзян Украіны і 17% — не падабаўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёлягі зрабілі партрэт украінца, якому найбольш падабаецца ЛукашэнкаСацыёлягі адзначаюць, што стаўленьне ўкраінцаў да Ангелы Мэркель зьмянілася пасьля нармандзкага саміту ў Парыжы. Колькасьць тых, хто станоўча ацэньвае дзейнасьць канцлеркі Нямеччыны, павялічылася з 60 да 69%. Адначасова з 17 да 15% зьменшылася колькасьць тых, хто ставіцца да яе адмоўна.
На трэцяе месца па сымпатыях украінцаў выйшаў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон — станоўча ягоную дзейнасьць ацэньваюць 52% грамадзян (у лістападзе — 39%), а адмоўна — 21% (у лістападзе — 17 %).
Найгорш украінцы ставяцца да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна: 72% — адмоўна, 16% — станоўча, яшчэ 10% — не змаглі вызначыцца. У лістападзе гэтыя лічбы складалі 71%, 15% і 12% адпаведна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Расея і Эўракамісія дамовіліся пад Менскам пра транзыт газуПаводле сацыёлягаў, Аляксандру Лукашэнку (як і Ўладзіміру Пуціну) найбольш давяраюць жыхары паўднёвых і ўсходніх рэгіёнаў Украіны. Сярод прыхільнікаў кіраўніка Беларусі менш выбарнікаў партый «Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнкі і «Голас» Сьвятаслава Вакарчука, а найбольш — сярод сымпатыкаў партыі Віктара Віктара Медзьвядчука «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“».
У апытаньні сацыялягічнай групы «Рэйтынг», якое праводзілася з 13 да 17 сьнежня, удзельнічалі 2500 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Памылка рэпрэзэнтатыўнасьці дасьледаваньня не перавышае 2%.