21 сьнежня апазыцыя ў Менску правяла другую запар акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй. Яна прымеркаваная да ўчорашняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу.
Нягледзячы на адсутнасьць дазволу ўладаў, папярэджаньні ад міліцыі, затрыманьні актывістаў і прапагандысцкую кампанію ў дзяржаўных СМІ, акцыя вечарам 20 сьнежня ў Менску стала самай масавай з трох сьнежаньскіх пратэстаў супраць «паглыбленай інтэграцыі».
Свабода вяла жывую трансьляцыю з Кастрычніцкай плошчы.
15:48 Арганізатары акцыі абвясьцілі пра яе завяршэньне і заклікалі людзей разыходзіцца. На момант публікацыі не было павведамленьняў пра затрыманьні ўдзельнікаў.
15:38 Севярынец сказаў Свабодзе, што 21 сьнежня арганізатары не плянавалі праводзіць шэсьце. Пасьля вольнага мікрафону мітынг плянуюць завершыць сьпевам «Магутны Божа».
15:20 На прыступках Палацу Рэспубліку працуе вольны мікрафон. Слова ўзяў брат арыштаванага Дзяніса Ўрбановіча Максім. Максім Урбановіч сказаў, што пасьля ўваходжаньня ў склад Расеі «беларусы будуць скотам».
14:46 Удзельніца пратэсту Ганна кажа, што сёньня прыйшла на акцыю, бо ёй не абыякавая незалежнасьць Беларусі, а таксама каб яе аднагрупнікі ўбачылі, што ўдзел у акцыях не прыносіць праблем ва ўнівэрсытэце. Ганна сказала, што ва ўнівэрсытэце не забаранялі ўдзельнічаць у пратэсьце.
14:43 23-гадовая ўдзельніца кажа, што пратэстуе супраць інтэграцыі, што ня хоча вяртаньня Савецкага Саюзу, хоць яна там не жыла. Дзяўчына згадала рэпрэсіі, брак свабоды слова і цэнзуру.
13:37 Каля Палацу Рэспублікі стаіць мужчына з плякатам «Саюзнай дзяржаве быць». Ён кажа, што пасьля «паглыбленай інтэграцыі» да Беларусі далучацца новыя тэрыторыі, а гэта будуць новыя магчымасьці. Адзін з пратэстоўцаў заўважыў, што мужчыну з плякатам «абараняюць» супрацоўнікі ў цывільным.
14:34 Удзельніца акцыі ў інтэрвію Свабодзе сказала, што беларусы ведаюць пра недахопы жыцьця з Расеяй з савецкай спадчыны. «Калі дзьве дыктатуры абʼяднаюцца, нічога добрага ня будзе».
14:25 Лідэр КХП БНФ Юрась Беленькі зьвярнуўся да сілавікоў: пасьля зьмены ўлады будзе пакараная кожная службовая асоба, якая бязьдзейнічае падчас пагрозы страты незалежнасьці Беларусі.
14:20 Севярынец зачытаў фрагмэнты Канстытуцыі: Беларусь абараняе сваю незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць.
14:17 Севярынец згадаў затрыманых арганізатараў акцыі кіраўніка «Маладога Фронту» Дзяніса Ўрбановіча, лідэраў «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля і Максіма Вінярскага.
14:14 Пратэстоўцы сьпяваюць «Пагоню», у натоўпе чуваць воклічы «Жыве Беларусь».
14:10 Уладзімер Някляеў кажа што «халяўныя» нафта і газ зрабілі з працавітых беларусаў тых, каму абыякавая незалежнасьць Беларусі. Людзі, якім ня ўсё роўна, – сёньня на плошчы, сказаў Някляеў.
14:04 Міліцыянт папярэдзіў удзельнікаў пра адміністрацыйную адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пратэстоўцы сустрэлі папярэджаньне сьвістам і воклічамі «Ганьба».
13:53 Людзі ў цывільным з камэрамі стаяць каля пратэстоўцаў. Карэспандэнт Свабоды Алег Грузьдзіловіч адзначыў, што ў дварах каля Кастрычніцкай плошчы няма аўтазакаў, але вакол плошчы стаяць шэрыя бусікі.
13:50 Паводле карэспандэнта Свабоды Алега Грузьдзіловіча, на Кастрычніцкай плошчы знаходзяцца каля 20 удзельнікаў акцыі, рэшта — журналісты і праваабаронцы.
13:45 Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец заявіў, што акцыю 21 сьнежня анансавалі «дэпутаты незалежнасьці», БХД падтрымоўвае арганізатараў.
Што адбылося 20 сьнежня:
- У Санкт-Пецярбургу прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. У выніку засталіся няўзгодненымі тры з 31-й «дарожных мапаў» паглыбленьня інтэграцыі. Яны тычацца газавай, нафтавай і падатковай сфэраў. Што гэта значыць?
- Увечары больш за 1500 чалавек пратэставалі супраць інтэграцыі ў цэнтры Менску. Яны прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці. Потым калёна рушыла да вуліцы Зыбіцкай, адкуль арганізатары вярнулі людзей на Кастрычніцкую плошчу. Завершылі акцыю каля Парку Купалы. Пасьля пратэсту частка людзей утварыла жывы ланцуг уздоўж праспэкту Незалежнасьці паміж Кастрычніцкай плошчай і плошчай Перамогі.
- 11 чалавек выйшлі на пікет супраць інтэграцыі ў Пінску.
- Папярэднія акцыі пратэсту ў Менску адбыліся 7 і 8 сьнежня. Падчас іх не было затрыманьняў, але пасьля многіх актывістаў затрымалі ці аштрафавалі.
Матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе інфармацыі БелаПАН.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»