Вандалізм нацыянальнага маштабу. Што адбываецца на 800-гадовым могільніку ў Гальшанах, які разбурылі бульдозэрамі. ФОТА

Журналісты Свабоды паглядзелі, што адбываецца вакол замка Сапегаў у Гальшанах на Ашмяншыне, дзе тыдзень таму археолягі сутыкнуліся з наступствамі «бульдозэрнай рэстаўрацыі» — вывернутымі цяжкай тэхнікай парэшткамі са старога могільніка.

Шматкі ў магілах і галёначныя косьці ў адвалах

16 сьнежня, ужо пасьля таго, як грамадзтва абурылася зьнішчэньнем могільніку, было прынята рашэньне «прыпыніць земляныя работы, зьвязаныя з комплексам мерапрыемстваў у добраўпарадкаваньні, азеляненьні і пракладцы інжынэрных камунікацый у ахоўнай зоне нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасьці».

Праўда, на прылеглай тэрыторыі праца працягваецца — у тых месцах, дзе археолягі канстатавалі фізычную страту пахаваньняў. Там паміж бардзюрамі будаўнікі ўкладваюць плітку, рыхтуюць пляцоўку пад паркінг. Верхні пласт у гэтым месяцы зьняты ледзь не на мэтар, парэшткі ды артэфакты калі і былі, то цалкам зьнішчаныя.

Побач увіхаецца з рыдлёўкамі і пэндзлямі невялікая брыгада пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка аддзелу захаваньня і выкарыстаньня археалягічнай спадчыны Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Паўла Кенькі.

Ён і ягоныя людзі абазначаныя сьвятлоадбівальнымі накідкамі з надпісам «археоляг». Тут жа мужчыны ў спэцоўках: гэта не прафэсіяналы, яны дапамагаюць расчышчаць адвалы ды заглыбляцца ў магілы — гэтымі кадрамі забясьпечылі раённыя ўлады.

«Дзьве магілы мы выкапалі на мінулым тыдні, а два шкілеты ў гэты прыезд, — тлумачыць Свабодзе адмысловец. — Агулам у гэтым месцы было пяць пахаваньняў; на жаль, адно цалкам зьнішчыла будаўнічая тэхніка, толькі шматкі засталіся. Акрамя таго, парэшткі яшчэ 4-5 чалавек знайшлі ў экскаватарных адвалах — гэта калі меркаваць па вялікіх галёначных костках».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гальшанах заліваюць бэтонам унікальнае пахаваньне XIV стагодзьдзя 

Падчас добраўпарадкаваньня на тэрыторыі Гальшанскага замка будаўнікі ўскрылі грунтовы могільнік ХІІІ—XIV cтагодзьдзя. Літаральна з-пад каўша археолягі Павал Кенька і ягоны калега Яўген Ўласавец выцягвалі косьці ды бясцэнныя артэфакты, якім 700, а можа, і 800 гадоў. Выявілі чатыры жаночыя пахаваньні з часоў, калі замка тут яшчэ не было: яны ранейшыя сама меней на тры стагодзьдзі.

Тады Яўген Ўласавец сказаў, што, каб ня пільнасьць сумленных грамадзянаў, косткі або навечна зьніклі б у земляных адвалах, або былі б залітыя бэтонам. Пра тое ж пасьля казала і кіраўніцтва Інстытуту гісторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціха-спакойна ўкачалі б пад асфальт». Кіраўніцтва Інстытуту гісторыі абурыла зруйнаваньне пахаваньняў у Гальшанах

Абрад крэмацыі можа перапісаць гісторыю мястэчка

Земляныя работы на «гарачым» участку прыпынілі — прынамсі да канчатковага рашэньня спэцыялістаў. Парэшткі тутэйшых насельніц даставілі на экспэртнае абсьледаваньне антраполягам у Інстытут гісторыі. Навукоўцы паспрабуюць высьветліць узрост памерлых жанчын, характэрныя асаблівасьці арганізму, а мо і род іхных заняткаў. Касьцякі на дзіва добра захаваліся.

Ці варта разьлічваць на новыя знаходкі, цікаўлюся ў археоляга.

«Безумоўна, пахаваньні яшчэ ёсьць, але заказчык паабяцаў, што пакуль у гэтым пэрымэтры капаць ня будуць — хапіла, што і так заглыбіліся ніжэй за магілы, — гаворыць Павал Кенька. — На астатняй частцы ўжо ўсё „асвоілі“, там папросту няма чаго шукаць — сапхнулі ў адвальныя кучы. Мы зрабілі некалькі зандажных траншэяў і пабачылі, што нешта шукаць ужо бессэнсоўна. Таму на гэты час наша назіраньне завершанае, думаем вярнуцца вясной — калі, вядома, ня здарыцца форс-мажор».

Археоляг Павал Кенька

Акрамя добра захаваных шкілетаў, тыдзень таму археолягі знайшлі багата жаночых упрыгажэньняў: срэбны пярсьцёнак, жалезныя бранзалеты, нож у арнамэнтаваных бронзай ножнах, накладкі на паясы. Усе гэтыя рэчы яшчэ паводле паганскай традыцыі суправаджалі чалавека на той сьвет.

Дасьледаваньне адвальных кучаў таксама дало шэраг сюрпрызаў: абпаленыя агнём наверша мяча, фрагмэнт шыйнай грыўны і фібулу. Гэта сьведчыць, што могільнік «шматузроўневы» — яшчэ да хрышчэньня літоўскіх земляў нябожчыкаў, мяркуючы па ўсім, хавалі паводле абраду крэмацыі. На жаль, той пэрыяд практычна цалкам зачышчаны будаўнічай тэхнікай.

У цяперашні прыезд скарбы больш сьціплыя: некалькі бляшак, віты бронзавы пярсьцёнак.


Павал Кенька перакананы, што гальшанскі могільнік можа спрычыніцца да новых навуковых адкрыцьцяў, якія ў корані зьменяць уяўленьне пра гэты рэгіён.

«Для нас стала абсалютнай нечаканасьцю, што на месцы эксгумацыі сустрэліся сьляды крэмацыі Х стагодзьдзя, — працягвае археоляг. — Гэта сапраўды значнае адкрыцьцё, бо дагэтуль мы лічылі, што Гальшаны былі заснаваныя ў XVI стагодзьдзі разам з замкам — прынамсі, думалі, што 1000 гадоў таму тут людзі яшчэ не жылі. А калі ўсё пацьвердзіцца, гэта будзе своеасаблівая сэнсацыя, бо выглядае, што паселішча ідэнтычнае таму, што было на гарадзішчы за 2-3 кілямэтры адсюль».

«Выратавальная місія» будаўнікоў і здохлая калгасная карова

Раней кароткая згадка пра гальшанскі могільнік, як і пра сотні іншых нелякалізаваных археалягічных помнікаў, зьяўлялася толькі аднойчы — у спэцыяльнай літаратуры за 1898 год. Гэта «Каталёг прадметаў музэю старажытнасьцяў пры Віленскай публічнай бібліятэцы» пад рэдакцыяй археоляга Фёдара Пакроўскага.

«Сапраўды, мы ведалі, што тут ёсьць могільнік — Пакроўскі спасылаўся на тое, што яшчэ ў 1892 годзе раскопкі вёў археоляг Савіцкі, — пацьвярджае Павал Кенька. — Зразумела, сёньня ніхто ўжо дакладна ня ведаў, дзе гэта было канкрэтна. Таму што ў справаздачы месца ўказана досыць расплывіста. Для самога Савіцкага ўсё было зразумела і відавочна: капалі новыя ямкі ў садзе на поўнач ад замку. Але ж мы ніякага саду даўно ня бачым, чыстае поле. І тое, што пахаваньні апынуліся проста пад замкам, было пэўнай нечаканасьцю».

Апісаньне знаходак пры раскопках грунтовага могільніка плошчай 2,8×2,1 мэтра ў Гальшанах: 4 бранзалеты, 2 пярсьцёнкі, 4 падвескі-ключыкі. Пазначана, што ў пяшчанай глебе, зьмяшанай з каменьнем, былі адкрытыя тры пахаваньні. Месьцяцца яны ў парку каля замка Сапегаў. Іншымі словамі, сярэднявечныя будаўнікі старых магілаў не закранулі.

Добрае заканадаўства і абыякавае яго выкананьне

Унікальныя рэліквіі ўдалося ўратаваць — ня ў поўным абʼёме, але магло быць яшчэ горш. Археоляг Яўген Уласавец, які месяц таму звольніўся з Інстытуту гісторыі, але з прафэсіяй не разьвітаўся, лічыць, што асноўныя прычыны сытуацыі, якая раз-пораз паўтараецца ў славутых мясьцінах краіны, крыюцца ў невыкананьні праектантамі і забудоўнікамі заканадаўства ў галіне захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны.

Яшчэ на стадыі праектаваньня неабходна было зьвярнуцца да профільных спэцыялістаў, каб сабраць наяўную інфармацыю наконт абʼекта рэканструкцыі. Гэта дазволіла б улічыць, што дзесьці побач са старым замкам ёсьць яшчэ больш старажытны могільнік, чыё дакладнае месцазнаходжаньне ня вызначана.

Далей неабходна праінфармаваць Інстытут гісторыі Акадэміі навук аб тэрмінах пачатку працы, каб усе земляныя работы праходзілі пад строгім наглядам археолягаў. Гэта дазволіла б лякалізаваць могільнік, своечасова спыніць будаўнічую актыўнасьць і замест археалягічнага нагляду пачаць паўнавартасныя раскопкі. Прычым, удакладняе адмысловец, дасьледаваньні павінны праходзіць не зімой, пры нулявой тэмпэратуры ў лепшым выпадку і пастаянных ападках, а ў найбольш спрыяльны вяснова-летні пэрыяд.

Археоляг называе заганнай практыку, калі будаўнікоў ставяць у залежнасьць ад фінансаваньня: засталіся сродкі ў канцы году — кроў з носу трэба засвоіць. Гэтаксама год таму было ў Крэве, калі ў маразы сьпешна ўзводзілі адзін з муроў, які з надыходам цёплых дзянькоў абваліўся.

Рэканструкцыя гістарычнага абʼекта — працяглы працэс, а ня проста спосаб асвоіць бюджэтныя сумы ў кароткія тэрміны, падсумоўвае Яўген Ўласавец. На яго перакананьне, разуменьне такой простай ісьціны дазволіла б пазьбегнуць «акту вандалізму агульнанацыянальнага маштабу», які здарыўся ў Гальшанах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На месцы падмуркаў дамоў Луцкевічаў у парку Янкі Купалы працуюць экскаватары. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Полацку побач з Сафійскім саборам разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Гісторыкі абураюцца